Лёйхтэнтрагер трымае абодва вострымi пальцамi, лёгенька памахвае iмi перад недаверлiвымi вачыма Айцэна. Айцэн хапае правае, добрае, якое ён павiнен перадаць геру галоўнаму пастару Эпiнусу, калi толькi хоча падняцца вышэй па крутой духоўнай лесьвiцы; але яно ўвесь час выкоўзваецца з-памiж пальцаў, не даецца злавiць, сам ягоны сябар раптам здаецца як бы туманным прывiдам, i ён ускрыквае й прахоплiваецца ў ложку побач са спадарожнiкам, з расьпячатаным пiсьмом у руцэ, пячатка самым дзiўным i таямнiчым чынам цэлая, i ён ў апошнiм мiгатаньнi амаль дагарэлай сьвечкi паўтарае: "... i таму я магу, дарагi браце, пасяброўску рэкамендаваць Вам..." - А дзе другое? - пытаецца ён, штурхаючы Лёйхтэнтрагера пад бок.
- Што другое? - кажа той.
- Другое пiсьмо!
Лёйхтэнтрагер трасе галавой; ня ведае ён нiякага другога пiсьма, ведае толькi пра тое, што яго сябар Айцэн трымае ў руцэ, i кажа яму, каб пагрэў пячатку над сьвечкай, хай разьмякне, каб можна было файненька запячатаць, каб усё было, як бы нiчога й ня было, i пасьля гэтага полымца тухне, i зноў робiцца цёмна вакол гэтых двух у пакоi дома саборнага прапаведнiка Мiхаэлiса. Але Айцэн ня можа заснуць. Яму здаецца, што празь сьцены чуецца сухi кашаль дзевы Агнэс, альбо, можа, Лiзбэт альбо Юты, а недзе нехта стогне, быццам на грудзях у яго сядзiць гном, паскрыпваюць бэлькi, быццам ва ўсiм Магдэбургу вырвалiся на волю духi, i ён, увесь у страху, думае, Божа мой, Божа мой, няўжо так будзе ўсё маё жыцьцё, а я ж бо тое сабе думаў, што пасьля экзамена й казанi ўсё пойдзе сваiм упарадкаваным ходам, як гэта прадвызначыў Бог сваёй вялiкай мiласьцю, але нiхто ня ведае, якая яна слабенькая зямля, на якой ён стаiць, а якраз жа пад ёю й вiруе той вечны агонь.
А ранiцай, пасьля таго як Лёйхтэнтрагер жартаўлiва лёгенька ўшчыкнуў за шчочку юных дочак саборнага прапаведнiка, а Айцэн чынна падаў руку дзеве Агнэсе й, атрымаўшы яшчэ па кавалку хлеба й каўбасы ад фраў саборнай прапаведнiчыхi на перакуску, абодва зноў выправiлiся ў дарогу да Гэльмштэта, дзе герцаг Браўншвайгскi трымаў высокую школу i, трэба думаць, можна знайсьцi гасьцiнiцу з ладным сталом i пачосткай пад добрую духоўную гутарку пра бег падзей у сьвеце; але Айцэн сядзiць у сядле як мех вотруб'я, i ўсё яму балiць, сьпераду, ззаду i ўсярэдзiне. Лёйхтэнтрагеру, таму лепей; той паглядвае на яго збоку, патрухваючы на конiку, i кажа сабе, ах, якi ж слабы гэты людскi род, любая нягода пераварочвае яго дагары, i людзi лямантуюць i скуголяць да Бога, як той Ёў, ня верачы ў яго й нават ня маючы даверу да самiх сябе; так i жывуць паводле правiлаў i ўстанаўленьняў i лiчаць, што iх iм спаслаў Бог, i лiпнуць, трымаюцца за iх, i не заўважаюць, як яно ўсё добрым ладком i парадкам адно за адным коцiцца к чортавай матары, князi й духоўнiкi спачатку, пасьля пiсакi й купцы, а пад канец усе агулам i сполам.
У Гэльмштэце якраз у той дзень кiрмаш, паназьбiралася людзей з усiх навакольляў гiбель i пропадзь, купляюць i прадаюць, а хто нi тое, нi другое, проста швэндаюцца разьзявамi. Карцiна стракатая, бо кожнае на нешта кудысьцi чагосьцi пнецца, i ганчары й краўцы, кандытары й каўбасьнiкi; гагакаюць гусi, сакараць i лапочуць куры, перш чым iм скручваюць галовы; i паўсюль i наскрозь адно жыды ў сваiх ярмолках, i той нахвальвае табе нейкае сваё старое рызьзё, выдаючы яго за ўбор герцагiнi, быка за цельную карову альбо старую недаздохлую кабылу за высакароднага баявога вогiра чыстай арабскай крывi.
Перад гасьцiнiцай гаспадар выставiў некалькi ўслонаў. Юны Айцэн i ягоны сябар, прывязаўшы конi й напаiўшы iх з карыта, знаходзяць сабе месца, i Айцэн вальготна выцягваецца з куфлем пiва ў руцэ, зафундаванага яму Лёйхтэнтрагерам, i глядзiць, як той накройвае сваiм прыгожым ножыкам скрылiкi каўбасы з дадзенага фраў саборнай прапаведнiчыхай на дарогу кавалка, палавiну яму, палавiну сабе, i ўпершыню за гэты дзень адчувае, што жыцьцё мае-такi й свае дадатныя бакi, хай сабе й ня многiя, але мае. А яшчэ бачыць далей з правага боку, паблiзу кiрхi, згрудзiлiся людзi, цясьней дзе б то яшчэ дзе; там узьведзена нейкае драўлянае рыштаваньне, а за iм напятае размаляванае палатно з выяваю нашага ўкрыжаванага Госпада Iсуса, з рыжай барадою й чырвонай крывёю на лобе, а побач зь iм абодва шахраi з журботна зьвешанымi галовамi. Мабыць, будзе нейкае прадстаўленьне, думае ён, альбо, можа, там нехта сьпявае й паказвае карцiны, i Айцэн ня ведае, цi тое яму сьлед прыбiцца да кампанii людзей, што там стаяць i чакаюць, цi тое заставацца тут на зручным услоне, як яно й сьлед чалавеку, што ўжо амаль пастар i ў кiшэнi мае рэкамендацыю з-пад пяра самога доктара Марцiнуса; ягоны сябар таксама ня мае нiякiх намераў выпраўляцца на тое прадстаўленьне, магчыма, ён нават зусiм i не заўважыў, што тут павiнна разыграцца.
Але вось каля кiрхi ўсё ацiхае. I нават рыначны шум ужо чуецца як бы праз тоўстае палатно.