Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Кажа й асьцярожна патыкаецца ўнiз з катэдры, чапляючыся за каменныя поручы, бо якраз цяпер ён i адчувае слабасьць ва ўсiм целе; так адважна й шчырадушна мала хто калi тут гаварыў у сваёй першай казанi, падобна таму, як бы леў паказаў пазуры, толькi ў сьвятарскай хабiце, зразумела. Пасьля ён iдзе да аўтара й схiляе калена й прамаўляе малiтву Богу Ўсемагутнаму, але безь сьвядомасьцi й разуменьня, механiчна, толькi словы ў патрэбнай пасьлядоўнасьцi, бо толькi цяпер, калi ён усё завяршыў, у душы яго паўстае поўная яснасьць таго, што такое казань, як i вучыў вялiкi доктар Лютэр: прапаведнiк павiнен быць i воiнам i пастухом, а гэта найцяжэйшае мастацтва. Пасьля ён паварочваецца да парафiянаў i падымае рукi, урачыста скiроўваючы позiрк угору да скляпеньня храма, i прамаўляе дабраславеньне, якое калiсьцi сказаў сьвятар Аарон: "Хай Гасподзь дабраславiць цябе й ахавае цябе; Госпадзе, явi свой твар над табою ў зьзяньнi й будзь мiлажальны з табою", i жахаецца пры думцы, што з гэтага моманту ў ягонай сiле павiнна быць права й моц выслоўлiваць Божае дабраславеньне й раздаваць яго, быць сапраўдным пасрэднiкам памiж гэтымi тут i тым там угары, i ён кажа: аман, i чуе, як зазванiў звон на званiцы, магутна й чыста, вiтаючы сьвежасьпечанага гера пастара.

А на вулiцы каля брамы, як што ўжо паклаў свой таляр у скарбонку, ён сустракае Лютэра, якi, здаецца, чакаў яго на замкавым двары й хоча пагутарыць зь iм.

- Малады чалавек, - кажа Лютэр i выпрабавальна зьмервае яго адным здаровым вокам цi тое з сумнiвам, цi тое з прызнаньнем, - вы проста прачыталi з маёй галавы мае думкi, што вы сёньня выклалi пра жыдоўскi народ. Але слухаючы вас, я быў падумаў сабе: такi, як ён, як усё адно адмыслова створаны, каб падупадаць сатанiнскiм змустам; паверце мне, я маю досьвед у гэтым. Таму я раю вам, заставайцеся пастаянна ў скрусе духу й сэрца вашага й час ад часу акiдайцеся вокам цераз плячо, цi не стаiць ён ужо ў вас за плячыма. I прымiце гэта; гэта пiсямко, якое я хачу даць вам у дарогу.

З гэтымi словамi вялiкi чалавек нахiляеццца да яго, быццам хочучы абняць; але ня робiць гэтага; толькi воблачка пiўнога духу й цыбулi зыходзiць зь яго й абвалакае юнага Айцэна, тым часам як Лютэра ўжо й дух прастыў.

РАЗЬДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ

У якiм прафэсар Лёйхтэнтрагер дакладвае пра дыялектыку ў боскiм уяўленьнi i дадае з Dead Sea Scrolls факты пра верагодную сустрэчу Агасфэра з рабi, а прафэсар Байфус атрымлiвае дасьледчае заданьне

Геру

праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу

Iнстытут навуковага атэiзму

Бэрэнштрасэ 39а

108 Берлiн

German Democratic Republic

29 лютага 1980

Дарагi гер калега!

Мне вельмi скрушна бачыць чалавека Вашага духоўнага бляску i прынцыповай партыйнай цвёрдасцi, - на жаль, вельмi рэдкая ў нашым жыццi камбiнацыя - так жорстка паднятым на рогi дылемы. Вы пiшаце мне ў Вашым ласкавым лiсце ад 14 г.м., што акцэптуеце доўгажыццёвасць Агасфера як факт, што верыце ў Iсуса. Хоць Вы i не кажаце выразна, што Вам, паколькi з апошнiм Вы не можаце не згадзiцца, супроцьпаказана i першае, прынамсi, гэта implicite заключана ў Вашым сцверджаннi.

Але гаворка тут iдзе, даруйце мне, што я кажу Вам гэта, пра няправiльную выснову, бо калi, з аднаго боку, Агасфера можна вельмi лёгка разглядаць без Iсуса, а з другога, дапусцiм, як я раблю гэта, разглядаць сустрэчу Агасфера з Iсусам як дадзенасць, дык гэта зусiм не азначае верыць у Iсуса як Божага сына альбо наогул як боскую сутнасць. Так i так у гэтым, але я напэўна рвуся да Вас у адчыненыя дзверы, ёсць свой клопат з багамi. Вы ёсць тая зручнасць, якую чалавек у залежнасцi ад патрэбы стварае сабе сам i ўжо з прадаўняга часу стварыў; толькi, i ў гэтым праблема, гэтыя багi развiваюць у такiм разе ўласнае жыццё, якое мяжуе з прывiднасцю. Я бачу ў гэтым неабвержную дыялектыку, якая Вам, паколькi Вы таксама хочаце быць дыялектыкам, напэўна, прынясе радасць.

А цяпер, перш чым я перайду да самай важнай часткi майго пiсьма, менавiта да кумранскага рукапiсу, некалькi дробных адказаў на Вашыя пытаннi.

Я цалкам падзяляю Ваша меркаванне, што Агасфер з Кнiгi Эстэр не iдэнтычны нашаму даўгажытнiку Агасферу; гэта ўжо хоць бы таму, што той не быў яўрэй, i ўся ягоная сувязь з яўрэйствам пралягала выключна праз яго каханую, памянёную Эстэр. Агасфер з Кнiгi Эстэр, фактычна афiцыйна званы персiдскiм царом Артаксэрксам, i менавiта першае ў яго iменi, з дадатковым iмем Макрашыр, па-нямецку "доўгая рука, даўгарукi" (464-424 да н.э.), якi ў вядомым кiмонскiм мiрным дагаворы прызнаў незалежнасць грэцкiх гарадоў у Малой Азii. Наколькi далёка заходзiў на самой справе Артаксэркс Макрашыр у сваёй дружалюбнасцi i жаданнi даць яўрэям эксыль, пра гэта нам дае звесткi толькi Кнiга Эстэр, а што да гiстарычнай надзейнасцi асобных кнiг Бiблii я маю падобныя да Вашых сумненнi; у кожным разе iх трэба разглядаць крытычным вокам.

Перейти на страницу:

Похожие книги