хоць на адно жыццё глыбейшым.
Надзеі ападаюць тут,
ніхто іх не збярэ. Як ліст,
шапочуць пад нагамі думкі.
Ты сярод іх стаіш, як дрэва
зямное, верхавіну час
з учора і да заўтра хіліць.
Ды карані глыбей. Адтуль
ідуць угору сны і сум.
Там золата быцця цямнее.
Прыгожы некаму і ты,
бо з птушкамі расцеш у неба
у накірунку добрых слоў.
1978
ІШЛА БАГОЎКА ПА ВЯСЁЛЦЫ
Луг змаладзелы небам пах.
Ішла багоўка па вясёлцы.
I жаўранкагалосы хтось
глыбей яшчэ ў Літву ўваходзіў.
Спагадная (ён так спяваў),
калі цябе кажу — мне добра.
Дазволь і ў цемрадзі ў вачах
святло тваёй вяршыні ўбачыць,
твой боль губамі адшукаць
і паўтараць цябе на памяць,
гарэць у вугальку тваім,
на стол тваёю лыжкай легчы
ці гэтай трэсачкаю, што
сталу пад ножку падкладаюць,
пад хлебам і пад сэрцам каб,
калі ўсе сядуць, не гайдаўся...
1978
notes
Заўвагі
1
Паводле народнай легенды, азёры ляталі, пакуль ім не далі назваў.
2
У старадаўнія часы продкі паэта пры пахаванні нябожчыка-воіна клалі з ім побач у дамавіну і ягоны баявы меч. (Заўвага перакладчыка.)