1664 год. Замест Вельямінава цар прысылае ў Полацк новага ваяводу Багдана Нашчокіна. Той зрабіў падрабязны вопіс полацкай вайсковай маёмасці, з якога мы даведваемся, напрыклад, што ў палку ў князя Івана Хаванскага было «2198 корабинов порчаных, 312 пар пистолей порчаных, 232 пары починеных; 630 стволов мушкетных, 37 стволов мушкетных раздутых, 14 пар литавр пробитых, 900 колчаданов, 400 кремнев, 60 шпаг ломаных, 740 мушкетов починеных, 1530 мушкетов порченых, 4 знамени без древок полотняных, 6 бердышов, 7 сабель с ножнами худых, 14 пуд свинцу». Полацкі гарнізон складаўся тады з 13 557 ратных людзей і 198 мяшчан. У замкавых вежах, брамах і на сценах стаялі 50 гармат і 59 затынных пішчалей.
Але ні замены ваяводаў ні царскія інспекцыі і застрашлівыя ўказы не маглі выратаваць Масковію ад паразы. Паводле Андрусаўскага міру 1667 года, царскія войскі пакінулі Полацк, жыхароў якога вялікі князь на чатыры гады вызваліў ад дзяржаўнага падатку і ўсіх павіннасцей.
Хоць і прыйшло вызваленне, язык не паварочваецца назваць вайну пераможнай. У выніку ваенных дзеянняў, голаду і хваробаў у 1654-1667 гадах Беларусь страціла палову свайго насельніцтва. Загінуў кожны другі, а ва ўсходняй Беларусі — кожныя 80 чалавек са 100. У Полацку ацалела 102 дамы з болей чым пятнаццаці сотняў, у Віцебску — 50 з 982. Полацкае ваяводства на пачатку вайны мела 19 580 гаспадарак, напрыканцы — 5840. За гэтымі вусцішнымі лічбамі — абарваныя чалавечыя лёсы, вынішчаныя пад корань роды, мільёны ненароджаных працавітых і таленавітых людзей, будучыя беды нашай зняможанай зямлі… Ад мора пралітай крыві сучаснікі называлі тыя гады не вайною, а патопам. У аднайменным рамане той час досыць праўдзіва апісаў Генрык Сянкевіч. (Цікава, што правобразам галоўнага героя «Патопу» стаў наш зямляк аршанскі войт Самуэль Кміціц з беларуска-ўкраінскага роду Кмітаў-Чарнабыльскіх.)
Велізарнай незваротнаю стратай для Бацькаўшчыны былі не толькі палеглыя, але і жывыя — тыя сотні тысяч беларусаў, якіх вайна назаўсёды адарвала ад родных агменяў.
МУЖ ДАБРАВЕРНЫ, ЦАРКВЕ I ДЗЯРЖАВЕ ПАТРЭБНЫ
Незайздросная доля ў таго, хто сядзіць у турме — пазбаўлены сонца і неба, адарваны ад блізкіх людзей і ўлюбёных заняткаў. А калі звініш кайданамі, не ведаючы за сабой аніякай правіны, трываць пакуты шматкроць цяжэй. Тады агортвае роспач, і ў душы нараджаюцца вершы-малітвы:
Радкі гэтыя напісаў Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітняновіч, што ўвайшоў у гісторыю як славуты беларускі і расійскі пісьменнік, асветнік і філосаф Сімяон Полацкі. Напісаў, калі яго па даносе кагосьці са зласліўцаў кінулі ў 1659 годзе ў вязніцу на Верхнім замку.
Вязень меў трыццаць гадоў. Бацькам яго быў заможны палачанін Сітняновіч, але потым хлопчыка выхоўваў айчым, які і даў яму другое прозвішча — Пятроўскі. Дакументы полацкай рэвізіі сярэдзіны XVI стагоддзя кажуць, што Пятроўскія здавён жылі недалёка ад Скарынаў і, пэўна, таксама належалі да купецкага стану.
Навуку малы Самойла пачаў з брацкай школкі полацкага Богаяўленскага манастыра. Тут выкладалі мовы — лацінскую, грэцкую і славянскую, арыфметыку, рыторыку, спевы. Побач ужо паўстагоддзя стаяў езуіцкі калегіум, куды прымалі і праваслаўных. Езуіты вучылі добра, прычым задарма. Ды Пятроўскія моцна трымаліся дзедаўскай веры і выправілі сына вучыцца ажно на Украіну, у Кіева-Магілянскую калегію, якую называлі кіеўскімі Афінамі. Там Самуіл вывучаў «сем вольных мастацтваў», багаслоўе, мовы (да школьнага пераліку дадалася яшчэ і польская). На занятках лацінай полацкі шкаляр быў выдатнікам, а вось старажытнагрэцкая паддавалася цяжкавата.
Рэктар калегіі прафесар Інакенці Гізэль, які здабываў асвету ў англійскіх універсітэтах, чытаў студэнтам курс натурфіласофіі. Ён здагадваўся пра закон захавання матэрыі і энергіі, што пазней сфармулююць Лавуазье і Ламаносаў. Самуіл Пятроўскі занатоўваў у канспекце, што «матэрыя існуе ў аднолькавай колькасці і аднаго віду ў целе дрэва, а потым у целе агню, які ўзнік з гэтага дрэва». Гізэль прытрымліваўся рэнесансавай думкі, што творца не адзін — іх тры: Бог, прырода і мастацтва.
Наш зямляк слухаў на лекцыях такія, напрыклад, крамольныя разважанні: «Шмат хто з філосафаў называе прычынаю руху зорак, а таксама марскіх прыліваў і адліваў дзеянні анёлаў. Так вырашаць праблему сапраўды лёгка, але філосафу — сорамна». Рызыкуючы наклікаць на сябе гнеў багасловаў рэктар нёс выхаванцам ідэі Каперніка: «Сонца — планета, якая знаходзіцца ў цэнтры іншых планет і як бы ўзвышаецца на каралеўскім троне, уліваючы сваю сілу ў зменлівую прыроду».