Звычайна мошчы святых выяўляюць цудадзейную сілу. Пра адно з дзівосаў расказаў 25 траўня 1910 года ў «Полоцком листке» старэйшы лекар кадэцкага корпуса доктар медыцыны А. Мансветаў.
У Спасаўскім манастыры жыла чарніца, якая хварэла на верад страўніка і праз цяжкія нутраныя крывацечы і крывавыя ваніты так знясілела, што ўжо амаль не падымалася з ложка. Доктар страціў усякую надзею выратаваць хворую: цела было ў пролежнях, а боль сунімалі наркотыкамі. Калі ў манастыр прыбылі мошчы, сёстры, выконваючы просьбу хворай, прывялі яе ў храм, дзе яна пацалавала святой Еўфрасінні руку. Пасля гэтага манашка адчула такі прыліў сілаў што здолела падняцца і ісці без чужой дапамогі. У чарговы візіт доктар Мансветаў сустрэў пацыентку на двары і не даў веры вачам: учарашняя хворая падбегла да яго з радаснаю ўсмешкаю на вуснах. Лекар прызнаецца, што ў гэтым выпадку сутыкнуўся са з’яваю, якая выходзіць за межы чалавечага разумення.
Манастырская хроніка тых часоў на жаль не захавалася. Магчыма, Еўфрасіння працягвала чыніць дзівосы, але з няўмольнасцю навальнічнае хмары ўжо насоўвалася іншая эпоха.
Пасля 1917 года, калі пачалася бязлітасная вайна супроць рэлігіі, святыя мясціны і рэліквіі зазналі на сабе варварства і здзекі новае ўлады. Драма не абмінула і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.
Люты 1919-га. Народны камісарыят юстыцыі РСФСР, куды ў той час уваходзіла Віцебская губерня з Полацкам, выдае пастанову аб арганізаваным «выкрыцці» мошчаў цудатворцаў па ўсёй краіне.
У 1922 годзе ў Полацку адбылося злачыннае ўскрыццё дамавіны з мошчамі святой Еўфрасінні. (Першы раз іх зняважылі ў красавіку 1920-га ў Аўраміеўскім манастыры г. Растова Яраслаўскай губерні, у які святыню разам з крыжам Лазара Богшы і іншымі манастырскімі каштоўнасцямі эвакуявалі ў 1915-м у сувязі з набліжэннем фронту.) Уяўленне пра атмасферу, у якой гэта адбывалася, дае змешчаны ў канцы пратакола ўскрыцця зварот камісіі «атэістаў» да жыхароў Полацка: «Тов. крестьяне, крестьянки, рабочие и работницы, красноармейцы и рабоче-крест. молодежь. Запомните духовенству их вековой обман. Научная экспертиза актом ликвидировала таковой, но монахини, попы и монахи, пользуясь невежеством и темнотой истеричных старух и не нормальных кликуш будут и в дальнейшем через них сеять черное зло… Разоблачайте их темные дела. Гоните от себя подальше! Долой невежество, попов и монахинь! Да здравствует свет и разум человека». (Правапіс і стыль змагароў за «свет и разум» захаваныя.)
Пасля ўскрыцця мошчы адправілі на атэістычную выставу ў Маскву, адтуль — у Віцебск, дзе іх дэманстравалі ў краязнаўчым музеі. За год да гэтага ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры рэквізавалі ўсе каштоўнасці і сярод іх срэбную раку, у якой ляжала святыня.
У нямецкую акупацыю, калі былі зноў адчыненыя храмы і адноўленыя манастыры, віцябляне перанеслі нятленныя парэшткі з музея ў Свята-Пакроўскую царкву. У кастрычніку 1943 года яны вярнуліся ў Полацк. Рабілася гэта з дазволу і з дапамогаю акупацыйных уладаў, якія, вядома, мелі свой разлік.
Непасрэдны ўдзельнік тых падзей пісьменнік Юрка Віцьбіч у сваёй выдадзенай у Нью-Ёрку ў 1975 годзе кнізе «Мы дойдзем!» прыгадваў:
«Позьнім вечарам зь Віцебска ў Полацак прыйшоў вагон з мошчамі сьв. Еўфрасіньні… Наступным днём адбылося перанясенне мошчаў з Сафійскага сабору ў царкву Спаса… Па старадаўнім звычаі дарожку да царквы выслалі льняной тканінаю».
3 таго часу мошчы князёўны-ігуменні спачываюць у Спасаўскім храме.
Палачане прызналі сваю асветніцу святой яшчэ восем стагоддзяў таму. Аўтар яе «Жыція» скончыў свой твор натхнёным хваласпевам: «Якою мовай, братове, уславіць мне светлую памяць найблажэннейшай нявесты Хрыстовай Еўфрасініі! Была яна памочніца пакрыўджаным, зажураным суцяшэнне, распранутым адзенне, хворым наведанне, ці, проста кажучы, — для ўсіх была ўсім. Еўфрасіння сэрца сваё ўспойвала Божаю мудрасцю. Еўфрасіння — незвядальная кветка райскага саду. Еўфрасіння — арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду да ўсходу і, нібы прамень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую. Тым жа, братове, пахваляецца Селунь аб святым Дзімітрыі, а Вышгарад — пакутнікамі Барысам і Глебам; я ж пахваляюся: шчасны ты, горадзе Полацку, што ўзрасціў парастак такі — найпадобнейшую Еўфрасінню».
Выглядае верагодным, што адна з першых пачала дабівацца кананізацыі сястры Еўдакія-Гардзіслава, якая пасля скону Еўфрасінні ўзначаліла манастыр. 3 гэтай мэтаю яна магла ліставацца з Кірылам Тураўскім, што ўжо заняў епіскапскую кафедру і меў вялікі ўплыў у царкоўных колах.
Да паловы XVI стагоддзя Полацк быў галоўным духоўным цэнтрам беларускіх земляў. Адсюль шанаванне князёўны-ігуменні пашыралася па ўсёй Беларусі. Паступова святая Еўфрасіння стала ў свядомасці вернікаў нябеснаю заступніцай — патронкаю не толькі Полацка, але і ўсёй Бацькаўшчыны. На гэтую ролю прэтэндавалі таксама іншыя святыя — Казімір (сын вялікага князя літоўскага і караля Казіміра IV), Параскева Полацкая, Андрэй Баболя (закатаваны ў 1657 годзе царскімі казакамі на Беларусі каталіцкі місіянер). Народная памяць зрабіла свой выбар.