Згуртаванне беларусаў свету звярнулася да ўрада краіны з прапановаю надаць Дню памяці Еўфрасінні Полацкай (5 чэрвеня) статус агульнадзяржаўнага свята. Разам з тым удзельнікі адраджэння вобраза крыжа заўсёды падкрэслівалі неабходнасць працягваць пошукі аўтэнтычнай нацыянальнай святыні, каб урэшце вярнуць яе на Радзіму.
Згаданыя вышэй падзеі выклікалі хвалю цікавасці да гісторыі полацкага Крыжа з боку гісторыкаў, літаратараў і журналістаў. Новыя даследаванні, архіўныя знаходкі, навуковыя гіпотэзы прывялі да з’яўлення ў 1998 годзе адразу двух прысвечаных нашай нацыянальнай святыні выданняў: на заказ Згуртавання беларусаў свету выйшла кніга «Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны», а экзархат Беларускай праваслаўнай царквы падрыхтаваў кнігу «Крест — красота Церкви». Іх можна разглядаць як сапраўдную энцыклапедыю, чытач якой знойдзе, бадай, усе вядомыя сёння звесткі пра крыж Еўфрасінні.
Ігумення Еўфрасіння ніколі не губляла сувязяў са знешнім светам. Падчас высылкі Рагвалодавічаў у Візантыю Усяславава ўнучка, укрыўшыся за манастырскімі сценамі, была своеасаблівым сцягам змагання палачанаў за незалежнасць.
У гістарычна-археалагічным запаведніку ў Ноўгарадзе можна ўбачыць пячатку Еўфрасінні, знойдзеную там на Рурыкавым гарадзішчы. Пячатка пацвярджае вялікую ролю князёўны-ігуменні ў палітычным жыцці княства. Праз веча яна ўплывала на запрашэнне ў Полацк князёў і на прызначэнне епіскапаў. Са згоды Еўфрасінні ў 1132 годзе горад пазбавіў улады кіеўскага стаўленіка і абвясціў князем роднага брата ігуменні: «Полочане же рекше: «лишается нас» и выгнаша Святополка, а Василка посадиша Святославича».
Надзеленая ясным розумам і моцнай воляю, асветніца не магла стаяць убаку ад падзей 1151 года, калі полацкае веча адмовіла ў даверы Рагвалоду-Васілю. Апальнага князя выслалі ў Менск і трымалі ў няволі, а на яго месцы валадарыў запрошаны адтуль Расціслаў Глебавіч. Сеўшы ў сталічным Полацку, ён раздаў удзельныя княствы сынам ды братам і вёў палітыку, выгодную найперш Менску. Веча вырашыла, што князь здрадзіў полацкім інтарэсам. Праз сем гадоў, верагодна, не без удзелу ігуменні палачане зноў захацелі бачыць на сваім пасадзе Рагвалода. Пра гэта пад 1158 годам падрабязна апавядае Кіеўскі летапіс: «Вялікі мяцеж быў тады ў горадзе сярод палачанаў бо шмат хто хацеў Рагвалода. Ледзьве ўгамаваў людзей Расціслаў, адарыў шмат каго падарункамі, прыводзіў іх крыж цалаваць, а сам пайшоў з Усеваладам і з Валадаром, і з усімі братамі на Рагвалода пад Друцк. Рагвалод жа зачыніўся ў горадзе. I біліся моцна, і шмат з абодвух бакоў палегла. Дручане ж вельмі дакаралі братоў. I замірыліся Расціслаў з Рагвалодам, і цалавалі крыж адзін аднаму, і аддалі воласці Рагвалоду. I вярнуўся Расціслаў з братамі дамоў.
Таго ж лета ўчынілі змову палачане супроць князя свайго Расціслава Глебавіча і пераступілі праз крыжацалаванне, і паслалі пакрыёма да Рагвалода Барысавіча ў Друцк, кажучы яму: «Саграшылі мы перад Богам і перад табою, княжа наш, што пайшлі супроць цябе, і багацце ўсё тваё і твае дружыны парабавалі… Калі ж ты не прыпомніш нам усё тое… і крыж нам пацалуеш, то мы — людзі твае, а ты — наш князь. Расціслава ж схопім і аддамо табе ў рукі, і што захочаш, тое яму і ўчыніш». I Рагвалод прысягнуў палачанам на крыжы».
Замах на Расціслава прызначылі на дзень святога Пятра. Князя запрасілі на братчыну (пачостку) каля царквы старой Багародзіцы. Аднак папярэджаны некім Расціслаў надзеў пад святочны ўбор кальчугу і захапіў з сабою моцную ахову. Наступнага дня яго прыхільнікаў пазбівалі на вечы, а сам князь з дружынаю ўцёк і «многа зла створи волости Полотьской, воюя и скоты, и челядь».
Усобіцы працягваліся з пераменным поспехам. Вялікія ахвяры прынесла ў 1162 годзе бітва полацкага Рагвалода з менскім Валадаром. Рагвалод марна спрабаваў пачаць сечу ўдзень. Менскае войска, большасць у якім складала літва, напала на палачанаў сярод ночы, што і вырашыла лёс перамогі. Шмат ваяроў палегла, яшчэ болей трапіла ў палон. Рагвалод ведаў, што Полацк не даруе яму, і туды ўжо не вярнуўся.
На полацкі пасад сеў пляменнік Еўфрасінні Усяслаў Васількавіч. Ён мог толькі зайздросціць славе і магутнасці свайго аднайменніка Чарадзея. Менскі князь Валадар сабраў сілы і ў 1167 годзе разбіў Усяслава II. Веча прызнала пераможцу, але ўтрымацца ў сталіцы Полацкае зямлі ён не здолеў.
Паспрыяць Усяславу Васількавічу ўзяліся сваякі — віцебскі князь Давыд і смаленскі Раман. Спачатку на беразе Дзвіны сышліся дружыны Валадара і Давыда. Уначы ўсхадзіўся вецер, несупынна білі перуны. Літоўскія паганцы з Валадаравага войска ўгледзелі ў гэтым гнеў свайго вярхоўнага бога і разбегліся па лясах. Тым разам вяртанне полацкага князя на пасад абышлося без крыві.
Еўфрасіння заўсёды прымала нягоды роднае зямлі блізка да сэрца. «Жыціе» кажа, што яна не хацела нікога бачыць ворагамі: «Ни князя со князем, ни бояри с боярином, ни служанина со служанином — но всех хотяше имети, яко едину душю».