Кожны адукаваны чалавек эпохі мусіў ведаць гісторыю свайго народа. Еўфрасіння вывучала Нестараву «Аповесць мінулых гадоў», візантыйскія летапісы. «Хроніка» Георгія Амартола, напрыклад, пачыналася ад стварэння свету, выкладала гісторыю вавілонскіх і персідскіх цароў, апавядала пра рымскіх і канстанцінопальскіх імператараў. Яе дапаўняла напісаная займальна і немудрагеліста «Хроніка» Іаана Малалы. Яна знаёміла з антычнымі міфамі і падзеямі Траянскай вайны, з жыццяпісамі Ромула і Рэма. Гэтую кнігу можна назваць тагачасным бестселерам, які ахвотна бралі ў рукі і свецкія, і духоўныя асобы. На старонках хронік змяшчаліся мініяцюры з сусветнай гісторыі — «Вывяржэнне Везувія», «Разбурэнне рымлянамі Ерусаліма»…
Еўфрасіння чытала так званыя «Шасцідзёны». Яны тлумачылі біблійны аповед, як за шэсць дзён (адсюль назва) Бог стварыў неба, зямлю, свяцілы, расліны, жывых істот і чалавека. «Шасцідзёны» былі зводамі ўсіх вядомых візантыйскай навуцы звестак пра жывую і нежывую прыроду. Навуковы характар мела і кніга «Фізіялог». Тут гаворка ішла пераважна пра жывыя стварэнні, сярод якіх побач з добра знаёмымі чытачу звярамі і птушкамі сустракаліся даволі рэдкія ў Прыдзвінні кентаўры і сірэны або неўміручая птушка Фенікс. «Фізіялог» апавядаў пра звычкі нейкай істоты і даваў іх сімвалічнае тлумачэнне, абавязкова звязанае з хрысціянскім светапоглядам. Еўфрасіння магла, напрыклад, даведацца, што львіца нараджае нежывое дзіцянё, а потым, праз тры дні, бацька, дыхнуўшы на львяня, ажыўляе яго (намёк на ўваскрэсенне Хрыста).
Зямля ў тыя часы была плоская, над ёю падымалася складзенае з вады нябеснае скляпенне. Над гэтым небам існавала яшчэ адно — нябачнае, дзе адмысловыя анёлы кіравалі рухам свяцілаў. Такую карціну светабудовы прапаноўвала «Хрысціянская тапаграфія» Касмы Індыкаплова. Не трэба паблажліва ўсміхацца. Побач з уяўленнямі, што здаюцца нам наіўнымі, тыя кнігі сцвярджалі ідэі, да глыбокага разумення якіх некаторыя з нас, магчыма, яшчэ не дараслі. Чалавека яны называлі «мікракосмасам» (малым сусветам), прыроду — космасам з прыдомкам «макра». Два сусветы мусілі існаваць у адзінстве і суладнасці. На прыроду Еўфрасіння і яе сучаснікі глядзелі, як на велічны храм, дзе чалавек здзяйсняе сваё творчае служэнне.
Да рук князёўны-манашкі траплялі трактаты, што пярэчылі афіцыйным багаслоўскім поглядам. Візантыйскі філосаф і пісьменнік Міхаіл Псел высмейваў веру ў дзівосы, даводзіў што кожная з’ява прыроды мае натуральную прычыну. Яго вучань Іаан Італ лічыў матэрыю вечнай і сумняваўся ў пасмяротным існаванні душы. На загад, магчыма, жанатага з цёткаю Еўфрасінні візантыйскага імператара Аляксея Камніна вучэнне гэтага філосафа аддаў анафеме царкоўны сабор. Полацкая кніжніца магла чытаць таксама працы Арыстоцеля і Платона, знаўцам якіх быў яе сучаснік, а можа, і знаёмы, пісьменнік і царкоўны дзеяч Клімент Смаляціч.
Пражыўшы колькі гадоў у манастырскай слабодцы, князёўна — каб быць бліжэй да бібліятэкі — папрасіла ў полацкага епіскапа Іллі дазволу пасяліцца ў Сафійскім саборы. Там, у келлі-галубніцы, як паведамляе «Жыціе», яна «нача книгы писати своими руками».
Працэс пісьма быў тады надзвычай складаны і марудны. Пісалі на пергамене ўставам — буйным і прамым, без нахілу, почыркам, у якім кожная літара аддзялялася ад суседняй. (Злітнае пісьмо з’явіцца толькі ў XV стагоддзі.) Каб тэкст хутчэй высыхаў, яго прысыпалі пяском. Атрамант рабілі з адмысловых гарэхаў, з адвару дубовай ці альховай кары, з жалезнай іржы, вішнёвага клею. Перапісчыку мала добра ведаць грамату — неабходна мець мастацкія здольнасці, бо пачатковыя літары і загалоўкі раздзелаў трэба аздабляць жывёльным ці раслінным арнаментам.
На маю думку, лепей за ўсіх гісторыкаў сказаў пра беларускіх майстроў гэтага мастацтва Максім Багдановіч: