Трэці раз у гісторыі рабілася спроба звесці полацкую дынастыю са свету. I зноў — марна. Калі праз дзесяцігоддзе двое братоў Рагвалодавічаў вернуцца з высылкі на Бацькаўшчыну, тая ўжо будзе вызваленая ад захопнікаў. Полацкае веча ў 1132 годзе выганіць з горада кіеўскага стаўленіка Святаполка і абвесціць князем Усяслававага ўнука Васільку, якому нейкім чынам удалося пазбегнуць выгнання.
Спадкаемцы князя-вешчуна ўзбагацілі радавод Рагвалодавічаў шматлікімі атожылкамі.
Князёўна Сафія, дачка князя менскага і полацкага Валадара, у 1157 годзе ўзяла шлюб з каралём Даніі Вальдэмарам I. Яе дзеці сядзелі на дацкім, шведскім і французскім тронах.
Нямала Чарадзеевых нашчадкаў увойдзе ў гісторыю. Але найбольшую славу прынясе Полацку пасля Усяслава яго ўнучка Еўфрасіння. Яна стане нябеснаю апякункаю Беларусі, а ў зямным жыцці будзе найадукаванейшай жанчынаю свайго часу ва ўсёй Еўропе, выдатнай асветніцай, якую параўнаюць з арлом, што, «лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу і, нібы прамень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую».
АСВЕТНІЦА 3 РОДУ УСЯСЛАВА
Дзяўчынцы, што нарадзілася ў сям’і князя Святаслава-Георгія і княгіні Сафіі, далі старажытнае полацкае імя Прадслава. Так звалі яшчэ бабулю ганарлівай Рагнеды. Паводле тагачаснага звычаю, атрыманае адразу па нараджэнні імя пасля хрышчэння магло змяніцца, але маленькая князёўна засталася Прадславаю.
Яна з маленства чула паданні пра дзеда, пра Рагнеду-Гарыславу ды іншых славутых продкаў, чыё жыццё прайшло пад знакам адданасці Полацку. Пра іх апавядалі і запрошаныя бацькам настаўнікі — адукаваныя манахі, якія хутка навучылі Усяслававу ўнучку чытаць і пісаць. Падручнікамі служылі Святое Пісанне, жыццяпісы святых…
Прыйдзе час, і сама яна зробіцца гераіняю жыція — апісання зямнога шляху і духоўных подзвігаў святой. Створыць яго ў канцы XII стагоддзя ў Полацку невядомы аўтар, манах ці ігумен аднаго з манастыроў.
Найкаштоўнейшы помнік старажытнабеларускае літаратуры «Жыціе Еўфрасінні Полацкай» дойдзе да нас болей як у сотні спісаў і будзе галоўнай крыніцаю біяграфічных звестак пра знакамітую палачанку.
Навука давалася Прадславе значна лягчэй, чым яе аднагодкам. Княжая дачка з малых гадоў вызначалася любасцю да кніжнага слова. У бацькоўскім доме апрача царкоўных кніг яна чытала «Ізборнікі» з выслоўямі і афарызмамі, «Александрыю» — перакладзены з грэцкае мовы раман аб подзвігах Аляксандра Македонскага, вострасюжэтную «Аповесць пра Акіру Прамудрага». 3 кожным годам кнігі, над якімі заседжвалася дзяўчынка ў сваёй святліцы, рабіліся больш глыбокімі і мудрымі.
Дзяцінства князёўны праходзіла, вядома, не толькі ў бацькавым хораме. Яе вабіла шматгалосае і шматмоўнае торжышча, дзе можна было пачуць гусляра, убачыць «вясёлых людзей» — скамарохаў. На пасадзе Прадслава заходзіла да гандляроў і рамеснікаў. Пасля цесных хацін простага люду асабліва ўражвалі полацкія храмы і найперш Сафійскі сабор з яго дзівоснымі фрэскамі.
Ад карміцелькі, нянек, ад маці яна чула абрадавыя песні, замовы і заклёны. Як мы памятаем, дваяверства існавала на Полаччыне нават у княжым асяроддзі. Значыцца, Прадслава добра ведала паганскіх багоў. Яе юныя гады немагчыма ўявіць без гуканняў вясны, русалляў, Купалляў і Калядаў.
У тыя часы дзяцінства было карацейшае, чым сёння. Мінулася княжай дачцэ дванаццаць гадоў — трэба збірацца замуж. Пагатоў слава аб Прадславіных прыгажосці і розуме разнеслася «па ўсіх гарадах», і ў Полацк зачасцілі сваты.
Аднаго разу князь Святаслаў падняўся ў даччыну святліцу і загаварыў пра замужжа.
— Нявеста ты ўжо ў нас, князёўна.
— Гадамі — нявеста, — адказала Прадслава.
— Ці, можа, князі табе не па сэрцы?
— Не па сэрцы.
— Можа, непрыгожыя?
— Прыгожыя, дык неразумныя.
— А калі і гожыя, і разумныя? — пытаўся князь.
— Дык душою слабыя.
— Забудзеш пра гэта сярод забаваў і весялосці…
— Ведаю з кніг, што пасля забаваў будзе… Першая забава — срэбралюбства. Чым болей багацця, тым сквапнейшае ды падлейшае робіцца любое стварэнне. Ад другой забавы абвісае цела, крывяцца косці, хвароба ў нутро запаўзае. Гэтая забава завецца дагаджэнне чэраву. Ад трэцяе забавы траціць чалавек розум свой, забівае ў лютасці такога, як сам. Гэтая забава завецца блуд.
Князь глядзеў на дачку ўражана.
— Хіба ж няма ўцехі ў тым, каб княжычаў нарадзіць?
— Нараджаюцца княжычы, і ўсобіцы крывавыя між імі нараджаюцца, — сказала дзяўчынка.
— Што табе да мужчынскіх усобіц? Жыві за князем сваім, дзяцей гадуй.
— На меч упадзе мой князь, а дзяцей браты заб’юць.
— Дзе ж знойдзеш долю сваю, калі не за мужам?
— Ува мне доля мая.
— Як жа адна, без абароны мужавай жыць думаеш?
— Як трава без абароны расце…
— У каго ж розуму вучыцца будзеш, як не ў мужа?
— У кніг, што мудрасць сабралі, як пчолы мёд.
— Дзе ж сям’я твая будзе?
— Увесь свет — сям’я мая…
Так ці іначай адбывалася тая размова, але бацькі вырашылі выдаць Прадславу за сына нейкага багатага валадара. Княгіня Сафія рыхтавала пасаг, князь Святаслаў прыкідваў выгоды ад шлюбу. Яны яшчэ не ведалі, што дачка цвёрда выбрала іншую пуцявіну.