Яшчэ раз дадзім слова летапісцу, узгадаўшы перад тым падзеі лета 1067 года, калі полацкі князь прыехаў да Ізяслава на перамовы пад Оршу і быў захоплены ў палон. «Гэтым, — апавядае пра вызваленне Чарадзея летапіс, — Бог паказаў сілу крыжа, бо Ізяслаў цалаваў крыж, а пасля схапіў Усяслава. Таго ж выратаваў святы крыж, бо ў дзень Узвіжання Усяслаў уздыхнуўшы, сказаў: «О, святы крыжу! Я верыў у цябе, таму ты і выбавіў мяне з гэтай вязніцы». Бог жа паказаў сілу крыжа дзеля навукі зямлі Рускай, каб не пераступалі святога крыжа, пацалаваўшы яго; калі ж хто пераступіць, то і на зямлі будзе пакараны, і ў будучым прыме кару вечную. Вялікая сіла святога крыжа: крыжам бываюць пераможаныя сілы д’ябальскія, крыж князям у бітвах дапамагае і аберагае… Нічога не баяцца чэрці, толькі крыжа». Як мы пазней убачым, найбольш уважліва прачытае гэтыя словы Усяславава ўнучка Еўфрасіння.
Усяслаў Брачыславіч стаў вялікім кіеўскім князем. Адмерана на гэта яму было мала — усяго сем месяцаў. Ды на тое ён і Чарадзей, каб за месяц паспяваць столькі, на што іншаму і года мала. Зрабіў з Кіева імклівы паход на Тмутаракань, набыў там коней, якіх не хапала дзеля адпору «паганым». Напрыканцы таго ж года полаўцы адчулі сілу новага кіеўскага ўладара і, разгромленыя, адступілі ў сваё Дзікае Поле. Можа, у тыя сем месяцаў Усяслаў і заслужыў у аўтара «Слова пра паход Ігаравы» пахвалу за дзяржаўны розум і справядлівасць: «Всеслав князь людем судяше, князем грады рядяше»?
Зрэшты, ён не збіраўся надоўга затрымлівацца на кіеўскім пасадзе. Чужы горад, ненадзейная дружына, варожае баярства. Адмовіліся плаціць даніну ноўгарадцы, касавурацца паўднёвыя князі. Збеглы Ізяслаў таксама не хацеў развітвацца з вотчынай і набліжаўся да Кіева з войскам цесця, польскага караля Баляслава. На каго Усяслаў мог разлічваць? Адно на просты люд, што абвясціў яго сваім валадаром.
Князь вёў дружыну на Ізяслава, а праз сотні вёрст яго ўладна клікалі званы полацкае Сафіі. Апрача іншых прычын вяртання Усяслаў бачыў небяспеку полацка-польскай вайны. Пад Белгарадам ён таемна ад кіянаў пакінуў войска і накіраваўся ў Полацк. Аўтар «Слова» сказаў пра тыя падзеі надзвычай вобразна:
Князь вяртаўся на радзіму, у сваю дзяржаву, якой прысягнуў на вернасць. Ён ведаў, што трэба рыхтавацца да доўгай і зацятай барацьбы, што за незалежнасць давядзецца плаціць тысячамі жыццяў.
Павыколваўшы вочы ды пасцінаўшы галовы Чарадзеевым прыхільнікам, князь Ізяслаў з польскімі дружынамі рушыў з Кіева на Полацк. Усяслаў з купкаю найбліжэйшых прыдворных мусіў ратавацца ў фінскага племені водзь, адкуль, магчыма, паходзіла яго маці. Вадзякі былі паганцы, а таму прынялі князя-вешчуна гасцінна і далі яму войска дзеля паходу на Ноўгарад.
Крывіцкіх ваяроў Усяслаў пад рукою не меў, а фінскія не вытрымалі націску ноўгарадцаў і пабеглі. Князь трапіў у палон, але адразу ж выйшаў на волю. Ноўгарад памятаў, як тры гады таму палачане рабавалі горад, як грузілі на калёсы сафійскія званы, ды пачуццё помсты перамог палітычны разлік. Нават гнаны і палонны, Чарадзей быў небяспечны вораг, бо за ім стаяла Полацкая дзяржава. Такога выгадней адпусціць — няхай ваюе з Кіевам.
I Чарадзей ваяваў. На два гады знікшы з відавоку летапісцаў у 1074-м ён раптоўным ударам выгнаў з Полацка кіеўскага стаўленіка Святаполка.
Дзённы пераход коннага войска складаў тады паўсотні кіламетраў, а калі ваяры ехалі ўлегцы, з запасным канём на повадзе, дык маглі за летні дзень дапясці з Віцебска да Полацка — прайсці ўдвая болей. Галоўнай вайсковаю сілай была конніца з княжых дружыннікаў. На ўзбраенні яны мелі дзіды, мячы, вялікія шчыты-тарчы, на бліжні бой — сякеры, кісцяні, паліцы-шастапёры. Наперад у паходзе высылалі «старожы», што імкнуліся захапіць языка. Абавязкова дзейнічалі выведнікі. Воіны нярэдка мусілі рабіць масты і масціць грэблі. Кальчугі, панцыры, шаломы — усё цяжкае ўзбраенне ўсходнеславянскія дружыны заўсёды везлі асобна і надзявалі толькі перад небяспекаю. У арсенале вайсковых хітрасцей былі засады, падманныя ўцёкі, несапраўдныя станы з яркімі вогнішчамі. Перад боем на адкрытым месцы войска шыхтавалася: пасярод стаяў галоўны полк, які называўся чало, па баках — крылы. Адрознідь дружыны славянскіх князёў па знешнім выглядзе было цяжка, таму вялікая роля належала баявым харугвам і бунчукам.