Захоплена пісаў пра Усяслава Брачыславіча праз сто гадоў пасля яго гераічных дзеяў аўтар «Слова пра паход Ігаравы». У полацкім князі, удачлівым суперніку самога бога Хорса, ён бачыў дзяржаўнага мужа, якога так не ставала славянскім землям перад пагрозаю нашэсця з Усходу.
Праўда, як кажа далей «Слова»: «Хоць і вешчую душу меў у дзёрзкім целе, ды часта ад бедаў цярпеў ён».
Летапісы паведамляюць, што, выконваючы волю вешчуноў, князь усё жыццё так і насіў на галаве перавязь. Схаванаму пад ёю таямнічаму язвену прыпісвалі «нялітасцівасць Усяслава на кроў». Чарадзей сапраўды праліў нямала крыві, але большая частка яго доўгага княжання была ўсё ж прысвечаная мірным клопатам. Дзесяць гадоў ён жыў у згодзе з Яраславам Мудрым, потым яшчэ дзесяць з яго сынам, кіеўскім князем Ізяславам, якому палачане дапамагалі ваяваць з качэўнікамі-торкамі. Якраз з тых мірных часоў з паловы XI стагоддзя, плыве над Дзвіною велічны карабель Сафійскага сабора.
Усяслаў узводзіў храм у гонар святой Сафіі, чым, паводле прыкладу Візантыйскай імперыі, падкрэсліваў незалежнасць дзяржавы, паведамляў свету пра роўнасць Полацка з Ноўгарадам і Кіевам, дзе такія саборы з’явіліся трохі раней. Дагэтуль мураваных храмаў палачане не ставілі, таму князь запрасіў у горад візантыйскіх дойлідаў. Да іх, на хаду асвойваючы будаўнічыя сакрэты, далучыліся мясцовыя муляры: нельга ж было, каб галоўны сабор Полацкай зямлі падымалі ў неба рукі адных чужынцаў.
Грэцкае слова «сафія» ў перакладзе значыць «мудрасць», «майстэрства». Продкі тлумачылі яго шырэй — як чалавечую супольнасць, з’яднаную агульнымі клопатамі і памкненнямі. Сабор мусіў стаць сімвалам адзінства і аднадумства ўсіх жыхароў княства. Яго будавалі ўсёй грамадой. На пакладзеным у парозе Сафіі вялізным камені-вапняку, што праз дзевяць стагоддзяў ператворыцца ў музейны экспанат, старажытныя полацкія майстры пакінулі нам свае імёны: Давыд, Тума, Мікула, Копысь, Варышка…
Шырыня падмуркаў амаль адпавядала таўшчыні будучых сцен — да двух з паловаю метраў. Сабор муравалі з плінфы — тонкай ды шырокай тагачаснай цэглы — і з неапрацаваных камянёў. Кожны другі рад плінфы быў прыхаваны ці, дакладней кажучы, патоплены ў глыбіню сцяны і зверху зацёрты вапнавай рошчынай. Знадворку храмы тады не атынкоўвалі, і тая Сафія мела нязвычны нашаму воку «паласаты» выгляд: вузкія чырвоныя слаі плінфы чаргаваліся з ружовымі ад дамешку тоўчанай цэглы слаямі рошчыны.
Услед за мулярамі прыйшлі тынкоўшчыкі. Іх змянілі жывапісцы, і сцены загучалі казачнымі колерамі: залаціста-вохрыстым, кармінавым, смарагдава-зялёным… На зямных людзей глядзелі святыя ва ўрачыстым адзенні з цяжкімі складкамі. Яны павучалі, схіляліся ў малітве, углядаліся ў душы вернікаў. Уражанне ад фрэсак дапаўняла выкладзеная жоўтымі, зялёнымі і брунатнымі паліванымі пліткамі падлога, падобная да дзівоснага кіліма.
Храм атрымаўся на той час грандыёзны: 31,5 метра ўдоўжкі і блізу 26 — ушыркі. План найстаражытнейшай полацкай Сафіі і яе ўнутраная прастора прасцейшыя, чым у кіеўскім ды ноўгарадскім саборах, але ў гэтым ёсць свая прыгажосць і выразнасць. Магутнасць сцен падкрэслівалі вузкія выцягнутыя вокны. Пад купаламі і ў алтары яны былі большыя, і праз іх у храм падалі залатыя снапы сонечных промняў. Дах з сямю купаламі пакрывалі алавяныя лісты. Са скляпення галоўнага купала на вернікаў пазіраў Хрыстос Пантакратар.
Усяслаў не пазнаў бы нашага сённяшняга белакаменнага сабора ні звонку, ні ў сярэдзіне. Дзе шаснаццаць слупоў што падтрымлівалі скляпенні? Дзе фрэскі, якія нагадвалі размалёўкі Сафіі кіеўскай? Дзе сем «вярхоў» з пазлачонымі крыжамі? Да нашых дзён ацалелі адно падмуркі таго храма, частка сцен ды невялікія фрагменты фрэсак. У лёсе Сафіі адбілася ўся драматычная мінуўшчына горада з яе войнамі, захопамі, пажарамі і разбурэннямі.
Але вернемся да муроў храма, што быў сэрцам Полацкае дзяржавы.