На пачатку мінулага стагоддзя на гарадскіх могілках яшчэ можна было знайсці помнік над прахам афіцэраў 3-й дружыны пецярбургскага апалчэння. Вечным помнікам стаў мост цераз Палату, што палачане называюць Чырвоным — не з прычыны нейкіх рэвалюцыйных падзеяў, як мне аднойчы давялося пачуць з вуснаў ідэйна падкаванага гіда, а ад крыві, што заліла мост і афарбавала ваду ў рэчцы ў ноч штурму горада Вітгенштэйнам.
7 верасня 1850 года, у гадавіну Барадзінскай бітвы, на корпусным пляцы быў адкрыты 25-метровы манумент перамогі расійскай зброі ў Полацку. На ўрачыстасці прысутнічаў спадкаемец трона будучы імператар Аляксандр II, які праз трыццаць гадоў загіне на набярэжнай Кацярынінскага канала ў Пецярбургу ад бомбы беларуса-нарадавольца Ігната Грынявіцкага.
Помнік зрабіўся адной з найадметнейшых дэталяў гарадскога краявіду. Падаю яе апісанне з кнігі В. Вікенцьева «Полоцкий кадетский корпус»: «Памятник представляет восьмистороннюю пирамиду, увенчанную чешуйчатым куполом с позолоченным крестом. Основание его круглое; средняя часть украшена восьмью бронзовыми, золочеными орлами, поставленными на колоннах, которые поддерживают верхнюю коническую часть. Общая высота памятника 33 аршина и 5 вершков. На двух противоположных его сторонах начертаны золотыми буквами следующие надписи: на стороне, обращенной к Витебской улице, — «Битва при Полоцке 5 и 6 августа и взятие сего города приступом 7 октября 1812 года. Поражение Удино и Сен-Сира графом Витгенштейном»; на стороне, обращенной к Николаевскому собору, — «Взято в плен неприятеля 4500 человек, отбито 3 орудия». Под этой надписью находится в киоте образ святых Сергия и Вакха, в день памяти которых, т. е. 7 октября, войска наши вступили в Полоцк. Памятник окружает ограда из железных цепей, подвешенных между 20 круглыми чугунными тумбами. На уступе второго яруса к верхней стороне карниза привинчена чугунная граната, найденная в земле, когда была вырыта яма для закладки фундамента памятника. Отливка его произведена в Луганском заводе Екатеринославской губернии и обошлась в 58 000 руб., а постановка — в 14 721 руб. 94 коп. Употреблено металла 13 486 пудов 8 фунтов (чугуна — 13 417 пуд. 26 фун., бронзы — 55 пуд. 24 фун., железа — 12 пуд. 38 фун.)».
Існавала, праўда, думка, што аднаўляць разбураны ў 1932 годзе манумент няварта, бо ён, маўляў, таксама сімвал нашай каланіяльнай залежнасці. Але ж помнік гэты пастаўлены не цару і не якому-небудзь дзеячу кшталту Суворава ці Мураўёва-«вешальніка», у якога рукі ў крыві беларусаў. Адноўлены манумент нагадвае пра ўсіх палеглых на Полаччыне ў той вайне з абодвух бакоў (тым больш, што іх памяць у горадзе ніяк не ўшанаваная), а заадно — і пра тагачасныя няспраўджаныя надзеі нашых землякоў вырвацца з імперыі.
На заканчэнне размовы пра помнікі падзеям 1812 года да месца будзе згадаць і такі своеасаблівы, як востраў Полацк у групе Паўднёвых Шэтландскіх астравоў каля берагоў Антарктыды. Яго даўжыня дасягае дваццаці кіламетраў шырыня — адзінаццаці, а плошча — 150 км2. Востраў з’явіўся на картах у выніку вядомай экспедыцыі Ф. Белінсгаўзена i М. Лазарава. Асабісты дзённік першага з іх паведамляе, што адкрыццё адбылося ў лютым 1821 года. «Остров Полоцк в широте 62°24’30 южной, долготы 59°46’ западной, в окружности 21 миля, невысок и поверхности достаточно ровной», — запісаў начальнік экспедыцыі. Разам з некалькімі іншымі адкрытымі астравамі, якія атрымалі назвы Барадзіно, Малаяраславец, Лейпцыг і Смаленск, невядомы раней шматок зямной паверхні быў названы знакамітым адміралам на ўспамін пра вайну 1812 года і замежны паход расійскай арміі. Застаецца дадаць, што на сучасных картах свету востраў Полацк прасцей знайсці пад назваю Робертс.
Напалеонаўская авантура каштавала Беларусі мільён яе жыхароў, кожнага чацвёртага. Адны загінулі ў баявых дзеяннях, другія — ад голаду і паморкаў. Частка беларускіх палкоў Вялікай арміі, дзе служылі 25 тысяч нашых суайчыннікаў, была разбітая, частка адступіла і ваявала ў Еўропе — зноў на чужыне і за чужыя інтарэсы.
Апошні бой на роднай зямлі рэшткі войска Вялікага Княства прынялі 22 снежня 1812 года на вуліцах Вільні. 3 царскімі салдатамі мужна біліся там егерскі батальён Плятэра, нацыянальныя гвардзейцы Казельскага, жандармерыя Храпавіцкага і татарскі эскадрон Ахматовіча. А вернуцца на радзіму апошнія жаўнеры Княства ў 1818-м, калі скончыцца тэрмін іх шасцігадовай службы.
На гэтым і завяршыцца гісторыя арміі «адноўленага» Напалеонам Вялікага Княства Літоўскага.
Ёсць нешта наканавана сімвалічнае ў тым, што падчас адступлення Банапарт зняў сваю трохвуголку, надзеў мундзір польскага улана і назваўся чужым імем у беларускім мястэчку Смаргонь, дзе князі Радзівілы трымалі сваю мядзведжую акадэмію. Маскарад з пераапрананнем таксама быў своеасаблівым цыркам. Можа, якраз тады імператар на ўсю поўніду спасціг горкую мудрасць уласнага выслоўя, што ад вялікага да смешнага — адзін крок.