Па-першае, калі разабрацца, пакуль Лагун маўчыць, яшчэ нічога страшнага. Па-другое, сапраўды пастарацца за лета паставіць пракляты фільм, а там, глядзіш, Лагуна заграбуць у армію, і ўсё неяк само рассмокчацца. Па-трэцяе, прыстаўка “в.а.” – выконваючы абавязкі, сапраўды давала адчуванне часовасці, здымала адказнасць і тым паляпшала яе становішча. Бо калі пачаць ставіцца да гэтак званай кінаіндустрыі (кіно даўно няма, засталася індустрыя) усур’ёз, спрабаваць разбірацца, да прыкладу, прасачыць, куды, як і па якім прынцыпе размяркоўваюцца вылучаныя на праекты грошы, – надоўга цябе не хопіць, з’едзеш з глуздоў; тым больш усё і так, што з Інгай, што без яе, ішло сваім звыклым ходам, рухалася па нададзенай інерцыі: як на канвееры штампаваліся расійскія серыялы і такога ж узроўню “баевікі” – асноўны занятак студыі, а ад гендырэктара, па вялікім рахунку, патрабавалася не перашкаджаць.
Таму Інга магла з больш-менш спакойнай душою займацца толькі “Месцам”. Найперш з кінааповесці трэба было зрабіць аўтарскі, затым рэжысёрскі сцэнарый. Па ідэі, павінен гэтым займацца аўтар сцэнарыя, Лагун, але Інга ўжо даўно пабачыла, што з яго мала можна ўзяць. Яна ўспомніла, як упрошвала яго не прадаваць ідэю, і ўвогуле – на што яна пайшла дзеля гэтага. Атрымліваецца, дарэмнай была яе ахвяра. Як і дарэмна яна так ужо нападала на Хрушчанку – калі б ідэя была прададзена, цяпер было б намнога лягчэй; прынамсі, імя Лагуна не мільгала б і не скоўвала б яе так. Але ўсе мы разумныя апасля.
Дапамога прыйшла, як часта бывае, адкуль не чакаеш, у выглядзе таго самага яе земляка, сцэнарыста-літапрацоўшчыка Івана Барысавіча Вечкі. З’явіўшыся ў кабінеце, ён урачыста, старамодна павіншаваў яе з новай пасадай, пажадаў усялякіх поспехаў на ніве роднай культуры на “ганаровым месцы”, выказаў надзею, што гэта толькі пачатак яе кар’ернага ўзлёту. Наіўны чалавек! Яму здавалася, што Інга толькі аб гэтым і марыла. А цяпер не тыя часы і не тое дырэктарства.
– Прыемна, калі мае землякі ці, лепш сказаць, прыгожыя зямлячкі штурмуюць вяршыні…
Спытаў, ці часта яна наведвае сваю малую радзіму, і засмуціўся, калі Інга сказала – рэдка. Пацікавіўся, як здароўе бацькоў, – і ўсцешыўся, даведаўшыся, што добра. Інгу гэты візіт неяк супакоіў і нават развесяліў. Між тым Вечка, памуляўшыся, звярнуўся да яе з дзіўнай просьбай: папрасіў нейкую распіску.
– Якую распіску?
– Ды жартоўную, несур’ёзную! Не хачу, каб яна валялася тут і вас бянтэжыла. Пачынайце свой славуты шлях з табуля раса.
Інга пакорпалася ў папках, знайшла, аддала. Ён акуратна згарнуў паперку і паклаў у кішэню. Яго архаічныя манеры, павольная мова – закалыхвалі, яго добры позірк, мяккія словы быццам гладзілі яе. Яна ўжо адвыкла ад такога абыходжання. Ён так пяшчотна глядзеў на яе, што ёй стала сорамна. Так заўсёды бывае, калі думаеш пра чалавека кепскае, а ён аказваецца добры.
– Чаму вы так на мяне глядзіце? – спытала яна.
– Хочацца лішні раз пабачыць шчаслівага чалавека. У якога ўсё ладна-складна, якому так шанцуе ў жыцці.
– Гэта – мне?
– Не перадаць, як я вам удзячны. Вельмі, вельмі ўдзячны.
– За гэтую вось распіску?
– У тым ліку. Я ў даўгу перад вамі. У вялікім даўгу.
– Нічога вы мне не вінны.
– Чым вам аддзячыць? – не адставаў ён.
– А зрэшты, ведаеце… Мо і паможаце. Трэба з даволі якаснай кінааповесці зрабіць аўтарскі, пажадана, і рэжысёрскі сцэнарый. А знайсці людзей не магу. Тым больш гэта як бы ваша спецыяльнасць.
Ён запэўніў: зробіць усё, што ў яго сілах, а таксама паабяцаў знайсці рэжысёра:
– Акурат ёсць у мяне адзін на прыкмеце.
“Нябось, уласны сцэнар не калечыў бы”, – падумала Інга. А Вечка працягваў:
– Праўда, тут маюць месца падводныя камяні. Лічу сваім доўгам вас папярэдзіць, як больш вопытны, старэйшы, што гэта марная справа. Усё адно нічога ў вас не атрымаецца. На жаль, тут ніхто ніколі нічога людскага не здыме.
– Чаму вы так думаеце?
– Бо няма ў зямлі сваёй прарока…
– Няма прарока?
– Ну, нельга ж скрыжаваць вужыка і вожыка, – туманна тлумачыў ён.
Інга бачыла, што ён знарок гаворыць гэтай эзопавай мовай, прычым недагаворвае, прыцішае словы, як бы баіцца падслухоўвання. Яна яшчэ паспрабавала, але так і не змагла выцягнуць яго хоць на якую шчырасць. Ён казаў загадкамі. “…Усе бабры дабры, адна выдра паганая… Многа чаго яшчэ наперадзе вас чакае…”
Развітваючыся, Інга не вытрымала і зноў спытала:
– Дык чаму вы так на мяне пазіраеце?
– Я шкадую вас, – проста адказаў ён.
І гэтыя самыя звычайныя словы ад самага звычайнага, чужога чалавека зноў так кранулі яе, што захацелася прытуліцца да яго, як да бацькі, і, можа, паплакаць.