О годзе той, як памятны ты ў нашым краі!Цябе завуць дагэтуль годам ураджаюІ годам войнаў, і дагэтуль людзі баюцьПра слаўны год і песні пра яго спяваюць.Даўно ты быў прадказаны нябесным цудамІ звесткай папярэджаны глухой між людам.На сэрцы літвіноў напала ў весну гэтуІ прадчуванне, нібы прад сканчэннем свету,І сумна-радаснае нейкае чаканнеI быдла ў полі першы раз вясною ранняй,Хоць і заморанае голадам, худое,На рунь[56] не бегла, а лянівай грамадоюПаклалася, ўдыхаючы раллі пах свежы,Раўло і перажоўвала астаткі ежы.Сяляне, цягнучыся на палі з плугамі,Не цешацца вясной ні полем, ні лугаміСтрымоўваюць валоў і коней з бараноюІ ўсё цікавяцца заходняй стараною,Як быццам цуду выглядаючы якога.На птушкі з выраю глядзяць усе з трывогай.Вярнуўся бусел на гняздо і на світанніРаскінуў крыллі белыя — вясны сцяг ранні.За ім крыклівым статкам, дружнай грамадоюЛяцелі ластаўкі, кружылі над вадоюІ мерзлае балота на дамкі насілі.Вальдшнэпаў вечарам шуршэлі ў лесе крыллі,І статкі дзікіх гусак неба пакідаліІ зморана і гулка на папас сядалі,І дзесьці ў хмарах чуўся покліч жураўліны.Начныя старажы ў такія вось хвіліныПытаюць здзіўлена: што птушак так трывожыцьІ што іх гэткі ранні пералёт варожыць?А вось і статкі новыя; як гурт сінічак,Шпакоў і снегіроў, заззялі маляўнічаНа стройньк шапках кутасы, сцяжкі на піках.Вось коннікі! Здзіўляе зброя, форма, лік іх!Палкі, як талы снег вясною, нечаканаПлывуць дарогамі няспынна, нестрымана.З лясоў чарнеюць шапкі, штык ільсніцца важкі,Паўзуць пяхоты незлічонае мурашкі.Усе на поўнач! Быццам вырай пакідалі[57]За птушкамі і людзі, паляцеўшы ў далі,Нібы іх гнаў інстынкт у гэты край нязнаныГарматы, людзі, коні цераз змрок, туманыПлывуць, а неба палымнее ад пажараў,Дрыжыць зямля ад перуноў і ад цяжараў.Вайна! вайна! Літва кутка таго не мела,Дзе б гул яе не трапіў. Там, дзе зелянелаГустэча пушчаў, дзе мужык амаль ніколіГраніц лясоў не парушаў, не быў на полі;Не знаў другіх, апроч віхуры, ў небе зыкаў,А на зямлі, апроч звярыны рыкаў,Гасцей не бачыў, акрамя ваўкоў і дзікаў,Заўважыў полымя на небе, дым кудлаты.У пушчы грукат — там ядро з якойсь гарматы,Зблудзіўшы, ў лес апала. І зубр барадаты,Стрывожаны сукоў і пнёў трашчаннем жудкім,Сарваўся з моху, ўздыбіў грыву рухам хуткімІ на пярэднія прыўзняўся мігам ногі,Ўстрасае барадой ад дзіву і трывогіІ пазірае ў лом на бляскі папялішча.А там граната круціцца, гудзе і свішча,І з гукам рвецца, як пярун. І зубр баіццаЎ жыцці мо першы раз і ў глуш бяжыць забіцца.«Дзе бітва? у якім баку?» — хлапцы пытаюцьІ зброю рвуць, жанчыны рукі узнімаюць.Усе у перамогу вераць, са слязаміКрычаць: «З Напалеонам Бог, а Напалеон з намі!»О ты, вясна! так памятная ў нашым краю,Вядомая вясна вайны! Вясна ўраджаю!Якой жа ты была чароўнай і кіпучай,Травою, збожжам, кветкамі, людзьмі бліскучай,Багатаю здарэннямі, надзеяў поўнай!Цябе я помню марай соннаю цудоўнай!Народжаны ў няволі, скуты з год дзіцячых,Адну вясну ў жыцці я гэтакую бачыў.Двор Сапліцаў быў каля самае дарогі,Якой вялі свае палкі да перамогіКнязь Юзаф і Вестфаліі кароль Геронім.Занята ўжо Літва ад Гродна аж па Слонім,І вось кароль даў войску тры дні адпачынку.Ды польскія салдаты нават на хвілінкуСпыніцца не хацелі, ўголас наракалі,Што з войскам царскім іх схапіцца не пускаліНепадалёк раскінуў князь свой штаб асноўны,А ў Сапліцове войска з сорак тысяч поўных,I са штабамі сталі генерал Дамброўскі,Князевіч, Малахоўскі, Гедрайць і Грабоўскі.Было не рана, як прыйшлі, дык дзе папала,У замку, у двары, кватэрай войска стала.Расстаўлены ўжо варты, выданы загады,Дык кожны, маршам стомлены, прылегчы радыЎначы заціхла ў замку, на двары, на полі,І толькі цені патрулёў снуюць паволі.Часамі ўзблісне вогнішча там-сям у змрокуІ пільнай варты поклічы чуваць здалёку.Спаў гаспадар і камандзіры, і салдаты.І толькі Войскі сном салодкім не абняты,Бо Войскі думае бяседу заўтра справіць,Якой жадае дом Сапліцы ўвек праславіць,Бяседу, вартую гасцей даўно чаканыхІ сэрцу мілых, так здалёку пазбіраных,Якая вінна і сямейным святам стацца,Бо заўтра аж тры пары будуць заручацца.А генерал Дамброўскі праявіў жаданнеАбед мець польскі.Хоць і час ужо не ранні,Ды з Войскім жвава аж пяць кухараў кухмарыцьЗ двароў суседніх. Вось у кухні гаспадарыцьСягоння ён, і ён адказны за ўсе стравы,На ім каўпак, фартух. Стары рухавыТрымае бітку, каб гнаць бруд ёй усялякі,Які так хціва налятае на прысмакі,Другой рукою акуляры ускладаеI, з-пад палы дастаўшы кнігу, раскладае.Завецца кніга тая «Кухар дасканалы»[58],А ў ёй дакладна спісаны ўсе спецыялыСталоў у Польшчы. Раз у Рыме граф з ТэнчынаПа ёй гасцей прымаў такім раскошным чынам,Што гэта нават папу Урбана здзівіла[59].Пасля па ёй таксама ў князя РадзівілаПрымалі ў Несвіжы манарха Станіслава.Там гэтакі быў баль, якога славаЎ Літве паўсюль й цяпер жыве ў сялянскай казцы.Што вычытае Войскі, па яго указцыУ момант кухары умелыя рыхтуюць.Кіпіць работа, пяцьдзесят нажоў шаткуюць.А кухцікі уюцца, нібы чэрці ў пекле:Той дровы носіць, той гаршкі, там штосьці секлі,Лілі ў катлы і на патэльні; дым клубіцца,Бо нехта з мехам-паддувалам мітусіцца.А Войскі, каб у печы полымя не згасла,Сказаў узліць на дровы топленага масла(Дазволен гэткі збытак у багатым дому).Пільнуюць кухцікі агню, забыўшы стому,Другія на ражнах пякуць кускі дзічыны —Казляціны, аленіны або ласіны.Там птушкі скубленай уецца пух лятучы,Ляжаць курэй, гусей, глушцоў, цяцерак кучы.Курэй было не многа, бо ад той выправы,Якую ў час наезду Сак зрабіў крывавыНа птушнікі, з былога Зосі валадарстваНе засталося птушкі нават на лякарства,І не паспела птаства вырасціць нановаБагатае курмі калісьці Сапліцова.І так вялікі мяса маецца дастатак,Сабранага ў двары і звезенага з ятак,І з лесу, і з суседства, і адкуль трапляла.Сказаў бы, малака ад птушак не хапала.Дзве рэчы ў тым банкеце вінны спалучаццаЗ загаду панскага: дастатак і мастацтва.Ўзыходзіў ясны дзень святой Мадонны кветнайЦудоўнаю бясконца раніцаю летняй,Дзе неба чыстае над соннаю зямлёюВісела сінім морам, поўным супакою.Зор колькі свеціць, як жамчужыны, няярка,А збоку адзінокая праходзіць хмаркаI, летучы, ў блакіце крылле акунае,Якое нам анёла ўраз напамінаеТаго, што, на зямлі малітвай прытрыманы,Спяшаецца цяпер у свой палац туманны.Ужо на дне нябёсаў перлы зор здрабнеліІ згаслі. Вось чало нябёс яснее ў беліІ правы бок яго ляжыць на мяккіх ценях,А левы ружавее ў сонечных праменнях,І круг, нібы павека, ўзносіцца шырока,А там бялок віднее дзесьці ў цэнтры вокаІ зрэнка-радуга. А вось прамень узбліснуў,Па небе кругльм дзённае святло праціснуўІ ў белай хмарцы залатой стралой павіснуў.На гэты стрэл — дня знак — агнёў пук цэлы рвецца,Крыжуецца на небе, ясным светам льецца,І вока сонца ўсходзіць. Зразу сонна, быццамСтараючыся жмурыцца ці прыпыніцца,Ў сем колераў гарыць, і неба раз за разамКрывавіцца ў рубін, залоціцца тапазам,Яснее і крышталам свеціцца празрыстым,Пасля агнём гарыць, блішчыць брыльянтам чыстымI ўрэшце ззяе зоркай велічнай бясконца —Вось так самотнае ішло па небе сонца.Народ літоўскі сёння зрання мітусіцца,Сабраўшыся з вакольных сёл каля капліцы,Як быццам для якога цуду аб’яўлення.Сабраліся сяляне часткай для малення,А часткаю таму, што ўсіх цікавасць бралаПабачыць войска, афіцэраў, генералаў —Тых слаўных камандзіраў нашых легіёнаў.Якіх народ любіў і памятаў імёны,Якіх блуканні, бітвы, страты і ўсе справыБылі евангеллем літоўскім, кнігай славы.Снуюць вакол салдаты, ходзяць афіцэры;Народ ледзь можа даць вачам уласным веры,Што бачыць землякоў у вопратцы вайсковай,Узброеных і з польскай выпраўкай і мовай.Ішла імша. Не змесціць дробная капліцаУсіх, дык большасць звонку грамадой цясніцца,Глядзяць на дзверы ўсе, адкрыты ўсе галовы,І волас літвіноў жаўтавы ці сталёвыЗалоціцца, як быццам жыта на палетку.Галоўкі баб, дзяўчат цвітуць між імі зрэдку,Прыбраныя ў шматфарбных каснікоў палосы,Ў жывыя кветкі, паўплятаныя у косы,І так мігцяць, бы ў збожжы васількі, куколі.Натоўп шматколерны ўкрывае густа поле,І на званочак серабрысты, гаманлівыГаловы гнуцца, як ад ветру колас нівы.Сялянкі сёння к Багародзіцы алтаруНясуць снапочкі свежых зёлак на ахвяру.Усё прыбрана кветкамі, дык зеляніццаАлтар, абраз, а нават ганак і званіца.А калі ранні ветрык, дзьмухнуўшы з усходу,Вянкі сарве і кіне на натоўп народу,То льюцца вокал пахі ладана і мёду.Пасля імшы ў касцёле і пасля казанняЗ’явіўся правадыр народнага сабрання —Пан Падкаморы, выбраны на пору гэтуМаршалкам дэлегацыі ўсяго павету[60].Быў ён у жупане, скрозь золатам расшытым,І ў кунтушы з махром ядвабным. Пояс літыБлішчэў над шабляй з рукаяткай лускаватай,Пад шыяй ззяў брыльянт на зашчапцы багатай.Канфедэратка белая, на ёй пук цэлыПрыгожых рэдкасных чубоў ад чаплі белай.(А гэткі кутасок чапляюць толькі ў свята,Бо пёрку кожнаму цана не менш дуката.)Вось так прыбраны, стаў на ўзгорку ля касцёла,Салдаты і сяляне сціснуліся ў кола,А ён прамовіў:«Аб’явіў нам ксёндз з амбоны,Што кесар дараваў, па прыкладу Кароны,Свабоду Княжаству Літоўскаму. Вы чулі,Што ўлады новую работу разгарнулі,Агульны сейм збярэцца хутка ўжо ў сталіцы.Я толькі коратка хацеў бы запыніццаНа справе, што датычыцца сям’і Сапліцаў,Паноў тутэйшых.Мы не будзем адракацца,Вядома ўсім, што некалі рабіў пан ЯцакКалі яго грахі ўся ведае акруга,То трэба расказаць і пра яго заслугі:Прысутныя тут нашых войскаў генералыПрывезлі ў адрас Яцка многія пахвалы.Пан Яцак не памёр (як гаварылі) ў Рыме,Але змяніў жыццё сваё і стан, і імя,І акупіў усе свае старыя віныЖыццём святым і працай на карысць Айчыны.Пад Гогэнліндэн[61], калі Рышпанс паўразбітыЗбіраўся адступаць за радаю ўсёй світы,Не ведаючы, што надходзіць дапамога,Ён, Яцак-Робак, небяспечнаю дарогайПрынёс пісьмо Князевіча да генерала,Што наша войска тыл варожы акружала.Пасля ў Іспаніі, дзе польскія уланыГор Самасеры бралі пункт умацаваны,Пры Казетульскім, ён быў ранены два разы!А потым пераносіў тайныя наказыУ розныя краіны. Выпаўняў заданніУ тайных таварыствах, уздымаў паўстанні.А потым дома зноў, дзе працы той не кінуў,Рыхтуючы паўстанне, у наездзе згінуў.Калі дайшла пра гэта звестка да Варшавы,Было ўжо там вядома, што для Яцка славыАд кесара яму прыслалі ўзнагароду:Адзнаку Легіі за працу для народу.Вось гэта беручы цяпер на ўвагу,Я тут, рэпрэзентуючы сабой павагуУлады ваяводскай, гэтым аб’яўляю,Што ласкай кесара і службаю для краюПан Яцак пляму змыў. Зноў будзе і ў пашанеЯго імя, і побач слаўных, чэсных стане.Дык хто цяпер кране нябожчыка папрокамЗа віны даўнія, пакрыгыя ўжо змрокам,Той панясе належную яму пакуту —Gravis notae maculae, што па СтатутуПрадбачыцца на ўсіх, нягледзячы на станы.І кожны можа быць за гэта пакараны,Бо зараз маем роўнасць, і параграф трэціУсіх датычыць, што прашу мець на прыкмеце.І гэтыя, цяпер прыведзеныя фактыЗапішуцца, і возны прачытае акты.А што прыйшла запозна к Яцку ўзнагарода,Дык гэта чэсці Яцкавай не перашкода.Калі грудзей яго ўпрыгожыць мы не можам,Дык ордэн гэты зараз на магілу ўзложым.Тры дні вісець тут будзе, а пасля ў капліцы,Як дар для Маці Божай, будзе залаціцца».Сказаўшы гэта, выняў ордэн з пакрывала,І вось на надмагільным крыжыку заззялаКукарда, сшытая са стужачкі чырвонай,І белы зорны крыж пад залатой каронай.А зоркі супроць сонца так зазіхацелі,Нібы героя славу несці ў свет хацелі.Народ тым часам на калені станавіцца,Каб за ўпакой душы героя памаліцца.Суддзя чаргой сялян і шляхту — ўсіх дазванняУ Сапліцова запрашае на гулянне.А два старыя ўселіся на прызбе домаЗ паўгарцамі мядку ліповага, вядома,І ў сад глядзяць, туды, дзе паміж кветак макуСтаяў улан прыгожы у бліскучым чаку,Прыбраным бляхай залацістаю і пер’ем;А побач вочкі сінія к яму з давер’емДзяўчына прыўзняла ў зялёнай, быццам з руты,Сукенцы. Над травой паненак гурт самкнуты —Збіраюць кветкі, адварочваюць галовыАд маладых, каб ім не перабіць размовы.Старыя мёд п’юць, табакеркаю ліповайЧастуюцца і забаўляюцца размовай.«Так, так, Пратазаньку ты мой», — сказаў Гервазы«Так, так, Гервазаньку ты мой», — сказаў Пратазы«Ды так, так», — згодна паўтарылі са тры разыЗ кіўкамі галавы. Урэшце мовіў Возны:«Што спрэчка наша скончана ўжо, бачыць кожны.Я помню прыкладаў такіх з жыцця не мала,Дзе часта горшых на’т эксцэсаў шмат бывала,А інтэрцыза ўвесь закончыла той клопат.Вось так з Барздабагатымі згадзіўся Лопат,Крапштулі з Купсцямі і Путрамэнт з Піктурнам,З Адынцамі Міцкевіч, а з Квілецкім Турна.Што тут казаць! У Польшчы горшыя замешкіЗ Былі з Літвой, чым у Сапліцаў і Гарэшкі,А мудра каралева ўладзіла Ядвіга,Што без судоў закончылася ўся інтрыга.Някепска, калі ёсць паненкі або ўдовыДля замужжа, дык кампраміс раз-два гатовы.Найгоршая цяжба з духоўнымі бываеКаталікамі, ці радство перашкаджаеІ загародкі для жаніцьбы утварае.Таму вось ляхі з русамі здаўна нязгодны,Што продкаў мелі Леха з Русам — браццяў родных.Адтуль у нас працэсаў столькі месца мелаЗ тэўтонцамі, пакуль не выйграў наш Ягелла.Так справа доўгімі цягнулася гадаміМіж Рымшам і дамініканскімі ксяндзамі,Пакуль не выйграў syndyk манастырскі Дымша,Адтуль і прыказка: Бог большы, чым пан Рымша,А я дабаўлю: мёд шмат лепшы за Сцізорык».І піў да Ключніка паўгарцам раз каторы.«I праўда, праўда! — Ключнік адказаў з пачуццемЛёс дзіўны Польшчы і Літвы. Яны ў пакуцеI ў шчасці так жылі, як з жонкай муж — сям’ёю!Бог лучыць, а чорт рве, бог тое, чорт другое!Ах, брат Пратазанька! Ізноў вось вочы нашыУбачылі сваіх! Ізноў КараніяшыПрыйшлі да нас! Я знаю іх — народ заўзяты,З іх, помню, ёмкія былі канфедэраты!Каб мой пан Стольнік дачакаўся гэткай хвілі!Ах, Яцак! Яцак! — ды мы зноў загаласілі?Калі Літва з Каронай зноўку аб’яднаны,То гэтым беды ўсе забыты, пахаваны».«I дзіўна, — тут сказаў Пратазы, — што аб Зосі,Мінулым летам быў цікавы знак, бы з неба!»«Яе зваць паннай Зосяй, — мовіў Ключнік, — трэба,Бо, мабыць, вырасла яна даўно з дзяўчаткаДы ўнучка ж Стольніка яна, арыстакратка».«Дык вось, — канчаў Пратазы, — гэты знак прарочыПра лёс яе, на ўласныя я бачыў вочы.Мінулым летам раз сядзела чэлядзь нашаВось тут, аж бачьш: бух! зваліліся з паддашшаДва вераб’і ў змаганні, два самцы старыя.Адзін, відаць, малодшы з цёмна-шэрай шыяй,Другі быў з чорнай. Б’юцца, разгарнуўшы крыллі,Качаюцца, ажно зарыліся ўжо ў пыле.Глядзім, аж слугі між сабою зашапталіІ чорнага Гарэшкам так, у жарт назвалі,А шэрага Сапліцам, і як ён быў гарою,Крычаць: „Гарэшка— трус! Сапліцы ў нас — героі!“Як ападаў, крычалі: „Панаддай, Сапліца,Бо сорам шляхціцу прад багачом скарыцца!“Смяёмся і чакаем, хто каго з іх зможа.Аж раптам Зося к рыцарам, што так варожаТаўкліся, падбягае, ручкай іх прыкрыла,А тыя біліся ўсё, аж фурчэлі крылы —Такая злосць была у гэткім дробным ліху.Тут бабы і давай шаптаць з сабой паціху,Што суджана, відаць, каб праз дзяўчыну гэтуЗмірыліся дзве знатныя сям’і павету.I, бачу, спраўдзіліся бабскія варожкі,Хоць пра Тадэвуша не думалі ні трошкіТады, а больш пра Графа».Ключнік жа на гэта:«Дзівосна як на свеце ў тайны ўсё адзета!Скажу і я вашэці штось. Мо менш цудоўнаБыло, чым з птушкамі, ды дзіўна невымоўна.Ты знаеш, што Сапліцаў я без дай прычыныГатоў быў нішчыць, а да гэтага хлапчыныЯ адчуваў бязмерную любоў заўсёды.Калі ён біўся з кім яшчэ ў малыя годы,Заўсёды верх браў. Я яго, пад замка мурамСустрэўшы, падстракаў да розных авантураў.Ці амялы з дубоў нарваць, ці з хвоі свежыхНабраць вароніх яек, ён без адгаворкіРабіў. Відаць, што пад шчаслівай светам зоркіПрыйшоў на свет, я думаў, шкода, што СапліцаХто ж знаў, што суджана яму так ажаніцца,Стаць мужам панны Зофіі, маім быць панам!»Тут змоўклі, справам дзівяцца неспадзяваным,І толькі зрэдку чуюцца ўсё тыя ж фразы:«Так, так, мой пан Гервазы», «Гэтак, пан Пратазы».Над прызбай той у кухні вокны ўсе раскрыты,З іх пара, быццам дым, узносіцца ў блакіты,А з тых дымоў, як беленькая галубіца,Мільгнула светлая кухмайстара шляфмыца,І Войскі праз акно па-над старых галовыНагнуўся тварам, моўчкі слухаў іх размовы.Урэшце ім падаў дзве філіжанкі, сподакЗ бісквітамі і мовіў: «Хоць мядок салодак,Ды закусіце і гісторыі цікавайПаслухайце, што ледзь не сталася крывавай,Калі ў Налібацкіх лясах за даўніх часаўПадвёў пан Рэйтан штуку князю фон Дынасаў.Ледзь ён жыццём не заплаціў за гэту звадку.Я іх змірыў, а як — пачну казаць спарадку».Ды повесць Войскага тут кухары спынілі,Пытаючы, ці так сервіз распалажылі.Пайшоў пан Войскі, а старыя зноў ля мёдуГлядзелі моўчкі, задуменна ў бок гароду,Дзе стройны той улан стаяў з прыгожай дзевайУлан руку яе узяў рукою левай(Бо правая рука была забінтавана)І словы гэткія казаў усхвалявана:«Зафія, трэ’, каб ты нічога не ўкрывалаI, перш чым пабяромся, шчыра адказала.Нічога, што калісьці ты была гатоваДаць слова мне. Я не прыняў у той час слова,Не мог застацца я пры вымушаным слове.Тады я вельмі мала жыў у Сапліцове,І ў той час я не смеў чакаць таго ні мала,Каб ты мяне вось так адразу пакахала:Не фанфарон я, а хацеў заслугай, Зося,Любоў тваю здабыць, хоць бы й чакаць прыйшлося.Цяпер жа ты ізноў мне слова паўтарыла:За што мяне ты гэткай ласкай надарыла?А мо выходзіш за мяне ты не з кахання,А толькі з дзядзькі слоў ці з цёткі намаўляння.Але жаніцьба, Зося, справа немалая,Парайся з сэрцам, хоць мо хто і намаўляе.Пагроз не слухай дзядзькі, не зважай на цёцю.Калі ж не па сваёй выходзіш мо ахвоце,Тады заручыны на іншы час адложым,Няма куда спяшацца, пачакаць мы можам,Тым больш, што атрымаў я ўчора назначэннеЎ інструктары, тут буду весці абвучэннеСалдат, пакуль мае не выгаяцца раны.Дык як, каханая?»І Зося твар румяныК яму ўзняла і стала гаварыць нясмела:«Не помню, як яно тады ўсё стацца мела,Ды ўсе казалі мне, што замуж трэбаЗа вас, а я заўсёды згодна з воляй небаI са старэйшых воляй». Апусціўшы вочы,Прамовіла: «Калі вы, помніце, той ночы,Як ксёндз памёр у буру, двор наш пакідалі,Заўважыла, што вы нас моцна шкадавалі,Аж слёзы мелі у вачах. Скажу вам смела,Што тыя слёзы помніла я й пэўнасць мела,Што любіце мяне, і мне душа балела,А ў час малітвы вы ў маім стаялі зрокуЗ бліскучымі вялікімі слязамі ў воку.Пасля мяне Падкамарына ў Вільню бралаНа зіму, але я там вельмі сумавалаПа Сапліцове і па тым сваім пакоі,Дзе ў нас спатканне дзіўнае было такоеІ дзе мы развіталіся. Вось так памалуУ сэрцы нешта, як расада, прарасталаУсю зіму; хоць не казала я нікому,Ды вельмі сумавала і па гэтым дому,І па пакойчыку, і нешта мне шаптала,Што тут вас зноў убачу, — вось і прычакала.Вас маючы ўсё ў думках, часта імя вашаЯ паўтарала, дык таварыства ўсё нашаМяне ўвесь час лічыла ў Вільні закаханай.Дык вось, калі кахаю, то, напэўна, пана».Адчуў Тадэвуш немалую асалодуЗ тых слоў, і пад руку пайшлі яны з гародуЎ напрамку да пакойчыка малога,Дзе пражываў Тадэвуш год таму ўжо многа.У той пакой жаночы пара падалася,Дзе жыў Тадэвуш некалі ў дзяцінства часе.Цяпер там Рэент быў у новенькім убранніІ памагаў збірацца сэрца свайго пані,Падносячы пярсцёнкі, скрыначкі, падушкі,Флаконы, ланцужкі, то парашкі, то мушкі,Ды на нявесту пазіраў з трыумфам, рады.А маладая, скончыўшы ўціраць памады,І пекнасць перад люстрам пільна правярала.Дзве пакаёўкі шчыпчыкамі спрытна, ўдалаПадкручваюць астылыя ўжо кос пярцёнкі,Другія, ўкленчыўшы, працуюць ля фальбонкіКалі так Рэент ля нявесты мітусіўся,Ў акно пастукаў кухарчук: «Шарак з’явіўся.Пракраўшыся з лазы вялізарнага куста,Праз луг матнуўся ў сад тым бокам, дзе капуста,Ды там сядзіць. Не цяжка ўзяць яго ні трошкі,Калі хартоў паставіць пасярод дарожкі».Бяжыць Асэсар, цягне Сокала ў бок саду,І Рэент выбег, ён імчыцца з Кусым ззаду.Паставіў Войскі іх з сабакамі ля плоту,Сам з біткаю у сад пайшоў. Ля паваротуДарожкі свіснуў, пляснуў — звера так трывожыў.А кожны з цкавачоў зрок пільна насцярожыў,Паказвае сабакам сцежку перад стартамI цмокае сцішка. Глядзяць харты упарта,Насы наставілі, дрыжаць нецерпяліва,Як быццам дзве стралы адна дзяржыць цяціва.Тут Войскі крыкнуў: «Вычга-га!» Заяц — скок з-за плотуНа луг, харты — за ім, і ў той жа момант, з лётуСакол і Кусы зайца разам ухапілі,Зляцеўшы з двух бакоў, як быццам птушкі крыллі,І зубы, быццам кіпцюры, убілі ў плечы.А заяц выдаў нейкі голас чалавечы,Жалосны! Цкавачы бягуць: ляжыць без духу,І ўжо харты кудлачаць шэрсць яго на бруху.Сабак адводзяць, гладзяць. Войскі ў гэтым часе,Дастаўшы нож, што ля папругі целяпаўся,Абрэзаў зайцу лапы і сказаў: «Па правуХарты аднолькавую заслужылі славу.Іх роўная дасужасць, роўная і праца —Палац быў варты Паца, а пан Пац палаца.Яны ў вас роўныя, адзін другога варты,Дык ваша спрэчка скончана ўжо не на жарты.А я, што вамі запрашаны быў у суддзі,Даю свой прыгавор: няхай пачуюць людзі,Што выйгралі абодва, фанты не прайграны,Дык падпішыце згоду». Тут усхваляванаАбодва цкавачы у ветлівым паклонеІ ў шчырай радасці паціснулі далоні.Пан Рэент мовіў: «Я стаўляў каня з нарадам,Даў подпіс, нашым земскім сцверджаны урадам,Што аддаю суддзі пярсцёнак мой прыгожы.Фант, стаўлены ў заклад, забраны быць не можа.Прашу, няхай жа персцень той пан Войскі прымеI ўласнае на ім загад дасць выбіць імя,А не, дык герб Грачэхаў — што больш да спадобы.Рубін жа ў золаце адзінаццатай пробы!Каня сягоння ў армію ўзялі уланы.А той камплект пры мне, ён быццам маляваны,Выгодны і трывалы, зроблены, як цацка.Сядло па модзе ці турэцкай, ці казацкай,Багата ўбранае ў каштоўныя каменні,Падушачка з рубронту пушыцца ў сядзенні.А як, ускочыўшы, у стрэмя ўставіш ножку,Дык ты між куль сядзіш, нібыта ў ложку.А як галопам пусціш (тутка пан Балеста,Які, як ведама, ахвотнік быў да жэстаў,Расставіў ногі, бы ў страмёнах падымаўся,Пасля галоп паказваючы, ў такт ківаўся),А як галопам скочыць, дык чапрак іскрыцца,І проста золата пачне з каня валіцца,Бо і табэнкі золатам панабіваны,І пазалота на страмёнах серабраных.На рамянях ад муштука і на аброціБялеюць ракавін кружкі, а колцы ў пазалоце.Нагруднік ззяе месяцам, як герб Лялівы,Накшталт маладзіка. Камплект той асаблівыЗдабыты у баі (здаецца) ПадгаецкімНа нейкім знакамітым шляхціцы турэцкім,Прыміце, пан Асэсар, ў знак маёй пашаны».Тады Асэсар, вельмі рад і ўсхваляваны,Сказаў: «Нашыйнікі цудоўныя я ставіў,Якімі князь Сангушка колісь мяне ўславіў:Яшчур і золата на іх — глядзець ахвота,Пры іх ядвабны павадок. Яго работа —Цудоўная, а ў ім каштоўны камень свеціць.Я думаў, можа, ў спадчыне пяроймуць дзеці,Напэўна ж буду мець дзяцей, бо вось жанюся.Таму, пан Рэент, я таксама спадзяюся,Што вы аброжкі прымеце з тае нагоды,Што спрэчка наша, ўжо трываючая годы,Нарэшце скончана так добра, ганароваДля нас абодвух. Згода хай цвіце нанова!»Пайшлі дамоў, каб чым хутчэй даць знаць наўкола,Што спрэчка скончана за Кусага й Сакола.Казалі, быццам Войскі зайца маладогаХаваў пры доме ў клетцы ў таямніцы строгай,Пасля ў гарод пусціў, каб лёгкаю здабычайЗмірыць двух цкавачоў. Зрабіў так таямніча,Што аніхто не здагадаўся з Сапліцова.Праз колькі год шапнуў пра гэта кухар слова,Каб звесці Рэента з Асэсарам нанова,Але дарма стараўся ў гэткім злым намеры:Адрокся Войскі, дык не далі кухце веры.Ужо сабраныя ў замковай пышнай залі,Чакаючы бяседы, госці размаўлялі,А тут Суддзя ў мундзіры ўрадавым заходзіцьІ за сабой Тадэвуша і Зосю ўводзіць.Паклон аддаў Тадэвуш леваю рукоюГасцям і афіцэрам, што былі ў пакоі,А Зося сарамліва вочкі апусцілаІ прывітальны рэверанс гасцям зрабіла(Прыгожа так, як цётка гэтага жадае).На галаве вянок, бо Зося — маладая.Яна была ў той самай вопратцы прыгожай,Ў якой насіла ўранні зелле Маці Божай.І зараз для гасцей снапок травы нажала.Адной рукой прысутным кветкі раздавала,Другой на галаве трымала серп бліскучы.Бяруць героі кветкі, збіўшыся да кучы,Цалуюць ёй руку, яна зноў чырванела.Аж генерал Князевіч, падхапіўшы смелаІ па-бацькоўску у чало пацалаваўшы,На стол паставіў Зосю, перш высока ўзняўшы.А ўсе ў далоні пляскалі, крычалі «брава»,Захопленыя прыгажосцю і паставай,А асабліва вопраткай яе народнай.Бо ім, жаўнерам, што даўно з краіны роднайПайшлі ў чужыну ў войны, бітвы і паходы,Былі надзвычай дарагімі люду моды —Яны ж напаміналі маладыя годы,Даўнейшае каханне. Дык усе глядзеліНа Зосю, аж у многіх слёзы заблішчэлі.Дык просяць, каб яна ўзняла нямнога вочы,Каб павярнулася. Хоць твар гарыць дзявочы,Пакручваецца, з сэрцам поўным неспакоюІ засланіўшы вочкі ясныя рукою.Тадэвуш вельмі рады, ажно цёр далоні.Ці Зосі ўрадзіў хто адзецца так сягоння,Ці падказаў інстынкт (дзяўчына адгадаеЗаўсёды, што ёй лепш да твару прыпадае),Сказаць даволі, што, хоць Талімэнай зранняЯна была аблаяна за гэта ўбранне,Адмовілася з плачам ад сукенкі моднайІ гэтак засталася ў вопратцы народнай.Спаднічку мела беленькую пад кароткайЗялёнаю сукенкай з яснаю абводкай.Зялёны быў гарсет, прыгожа вышываныІ стужкамі ружовымі зашнураваны,Дык грудзі выглядалі, як бутоны кветак.З плячэй рукаўкі белыя свяцілі гэтак,Як крыллі матыля, стрыманага ў разгоне.Ружовы каснічок сціскаў іх ля далоні,А шыя сціснута прыгожай белай блузкай,Каўнер якой абшыгы стужачкаю вузкай.У вушках завушнічкі з костачак ад вішні,Якімі Сак Дабрынскі даў быў доказ лішніСваіх пачуццяў к Зосі (Сак на іх умелыВырэзваў спраўна сэрцы, ўздзетыя на стрэлы).На шыі павісаюць два шнуркі бурштыну,На галаве ляжыць вяночак з размарыну.Ад косаў стужкі Зося кінула на плечы,А над чалом у светлай валасоў густэчыСвяціўся серп крывы, травой адшліфаваны,Як ясны маладзік па-над чалом Дыяны.Усе ў далоні плешчуць, хваляць. З афіцэраўАдзін дастаў porteftuille, запоўнены паперай,Расклаў, змачыў у вуснах алавік і значыўІм штось, на Зосю гледзечы. Суддзя пабачыўПрылады, мастака па іх пазнаў самога,Хоць за той час яго змянілі вельмі многаПалкоўніка адзнакі і мундзір уланскі,І вусікі з бародкай на манер іспанскі.Суддзя сказаў: «Вітаю вас, яснавяльможныПан Граф. І ў патранташы носіце дарожныПрыбор для малявання!» (Бо пан Граф быў гэта.Хоць толькі ў войску быў з мінулага ён лета,Але за тое, што уланскі полк паставіўЗа ўласны кошт і ўжо ў баях сябе праславіў,Ён атрымаў палкоўніка сягоння званне.Суддзя пачаў складаць яму павіншаванне,Ды Граф маўчаў — яго займала маляванне.Тут маладых з’явілася другая пара.Асэсар, што нядаўна царскім быў жандарам,Цяпер напалеонаўскай служыў уладзе.І хоць і дня на новай не прабыў пасадзе,Ужо насіў мундзір такі, як у палякаў,Цягнуў крывую шаблю і у шпоры «звякаў».Паважна побач крочыла яго каханка —Прыбраная прыгожа Тэкла Грачашанка,Бо ўжо даўно Асэсар Талімэну кінуўI, каб какеткі боль сардэчны не пакінуў,Свае пачуцці на Вайшчанку перакінуў.Яна мо пражыла гадоў каля паўвеку,Ды гаспадарлівай была і чалавекуПасагу ўносіла, апроч уласнай вёскіІ ад Суддзі ў гатоўцы значны дар сяброўскі.А трэцяй пары ўсё няма, дык раз каторыСуддзя шле слуг, каб там хутчэй канчалі зборы.Вяртаюцца: няма ў пакоі маладога,Пярсцёнка дзесь шукае, бо, як гнаў касога,На лузе мо згубіў, а Рэентава дамаЯшчэ рыхтуецца. Хоць там прыладаў крамаІ хоць спяшаецца з дзяўчатамі ад рання,Усё ніяк не можа скончыць прыбірання.Гатова будзе ля чацвертай мо гадзіны.