— Не сышоўся клінам свет на гэтым заводзе. Іншую работу знойдзем,— сказала яна.
— Але працаваць усюды трэба,— заўважыў бацька.— Рабочы дзень усюды сямігадзінны.
— Мішачка, але ж ці трэба ёй сляпіцца на гэтым, на гадзіннікавым? — умольна паглядзела Антаніна Іванаўна на мужа.
— А іншыя ж працуюць і нічога… Самі казалі, што гэты завод для Зоі самы лепшы… Не вельмі лёгка было мне і ўладзіць яе туды. А на іншым заводзе яшчэ цяжэй будзе.
— Дык не абавязкова ж на завод… Можа, сакратаркаю куды…
— Не вельмі ходкая цяпер гэта спецыяльнасць,— адставіў талерку Міхал Паўлавіч.— Ды што ты хочаш, каб яна ўсё жыццё паперкі перакладала? Нічога, Зойка,— павярнуўся ён да дачкі.— Не вешай носа. Навучышся. Не святыя гаршкі лепяць. А працаваць, брат, нідзе не лёгка — і ён нахіліўся, паляпаў яе па плячы.
Пасля абеду Зоя ляжала на канапе, глядзела ў столь і думала: «Няўжо ж цяпер так будзе ўсё жыццё… Кожны дзень на работу, кожны дзень гэтыя «валаскі» ды «балансы». Ці навучуся я калі так спрытна ўсё рабіць, як Рэня… А калі і навучуся… Усё роўна кожны дзень адно і тое ж, і так усё жыццё».
Зоя глянула на свой маленькі, у пазалочаным корпусе гадзіннік, каб ведаць, колькі часу, але сам выгляд гадзінніка не прынёс, як звычайна, ёй радасці. Яна ўбачыла не прыгожы цыферблат з тонкімі пазалочанымі стрэлкамі, а, здаецца, праз шкло і ўвесь корпус ківаўся перад ёю ў сваім вечным руху баланс, наводзячы сум і дакуку. Калісьці, яшчэ школьніцай, Зоя марыла аб уласным гадзінніку. Калі захочаш, можна падняць пальчыкам рукаў сукенкі і глянуць — колькі часу. На ўроках можна заўсёды даведацца, колькі засталося да перапынку. I ці думала калі Зоя, што яна будзе працаваць на гадзіннікавым заводзе, сама будзе рабіць іх і так няўзлюбіць гадзіннікі. I проста дзіўна, што Рэня можа захапляцца такой работаю. I зусім не стамляецца яна. I вочы ў яе не баляць… Можа, у Рэні талент, а ў Зоі няма? Але ж не адна Рэня працуе ў цэху. Там больш за трыста дзяўчат, што ж, і ў іх ва ўсіх талент, і толькі ў Зоі няма?
Не, мусіць, няма таленту і ў Іны Горбач, на якую сёння сварыліся дзяўчаты, што стрэлкі неахайна паставіла. Калі начальства сварыцца, то гэта хоць і непрыемна, але яшчэ так-сяк. Але калі пачынаюць сварыцца самі дзяўчаты… Мусіць, нічога няма горш. Дык, можа, і праўда — кінуць завод, як мама кажа. Зоя і сама ўжо крадком думала пра гэта, але ёй рабілася чамусьці сорамна. Сорамна было кідаць завод, так мала папрацаваўшы, ды яшчэ, уласна, і не працаваўшы. Яна ж пакуль вучаніца. Ды і тата, мусіць, не вельмі рады будзе. Пачне кпіць, а можа і сварыцца…
Настрой у Зоі быў дрэнны. Ёй нават не хацелася ўставаць і ісці да дзяўчат. А сёння ж Рэня, Валя і Люба запрасілі яе ў кіно…
I ўсё ж Зоя паднялася, падышла да шафы. I як толькі ўзяла ў рукі новую шарсцяную сукенку, адразу павесялела. Яна доўга стаяла перад люстэркам, аглядаючы сябе, папраўляючы то каўнер, то паясок. Зоя падабалася сама сабе. Яна бачыла, што яна прыгожая, а гэта, зрэшты, для дзяўчыны самае галоўнае,— думала яна.
— Куды ж ты, дачушка? —убачыўшы, што Зоя збіраецца, спыталася Антаніна Іванаўна.
— Да дзяўчат пайду… У кіно, можа, сходзім,— адказала Зоя.
— Схадзі, схадзі, дачушка,— падахвоціла яе маці. Яна прыйшла ў пакой з кухні з талеркаю ў руцэ. Ручніком, які быў перакінуты цераз плячо, яна выцірала талерку і пазірала на Зою, як на хворую, гатовая патураць кожнаму яе жаданню.— Толькі позна не гуляй,— кінула яна ўжо наўздагон Зоі.
Міхал Паўлавіч стаяў ля пісьмовага стала і перабіраў у шуфлядцы паперы. Ён пісаў успаміны аб сваім баявым жыцці. Гэта было нешта накшталт запісак. Міхал Паўлавіч удзельнічаў у баях на возеры Хасан, быў на Фінляндскім фронце. 3 другім Беларускім фронтам дайшоў да Берліна. Цяпер Міхал Паўлавіч лічыў сваім абавязкам расказаць пра гэтыя баявыя паходы моладзі, расказаць, як заваёўваўся для яе сённяшні дзень.
Антаніна Іванаўна падышла да мужа, ружоваю ад гарачай вады, яшчэ крыху вільготнаю рукою ўзяла яго за локаць.
— Што ж нам рабіць з ёю? —паказала яна на дзверы.
Міхал Паўлавіч яшчэ з хвіліну не адрываўся ад папер, пасля паглядзеў на жонку. Яго вочы былі спакойныя, нават вясёлыя, і Антаніна Іванаўна сама адразу паспакайнела. I ўсё ж яна хацела пераканаць мужа, што мае права непакоіцца.
— Вось ты ўсміхаешся, Міша,— сказала яна,— а дзіця ж пакутуе. Так ёй, беднай, цяжка. Ты глядзі, як пахудзела за гэты месяц.
Міхал Паўлавіч склаў паперы, зачыніў шуфлядку.
— Не паднімай ты трывогі там, дзе яе няма. I не кажы ты ёй, каб яна кінула работу. Спесціла ты дзяўчыну. Не прывыкла працаваць, вось ёй і цяжка.
Антаніна Іванаўна пакрыўдзілася.
— Як гэта я яе спесціла?
— Ты не крыўдзіся, Тоня, — мякка сказаў Міхал Паўлавіч, — але вось сама падумай, ці памыла Зоя калі падлогу, ці згатавала есці.
— Антаніна Іванаўна сашчапіла рукі.
— Мішачка, а што ж я буду рабіць, калі Зоя пачне падлогу мыць ды есці гатаваць… Нашто ж я вам тады?.. Яна ж вучылася, а цяпер, вунь, працуе… Дык чаму ж я павінна была яшчэ дома прымушаць яе нешта рабіць? А сама хіба вылежвалася б?