Бы сарваўся вар'ят утрапёны і злосны: Прах старых гарадоў дасягае нябёс, З дзіркай у чэрапе гінуць дваццатыя вёсны, Плывуць горкія рэкі жаночых слёз. І над морам, як над жаралом вулкана, Вырастае грыб і калечыць людзей, І кунгасы мёртвыя плывуць акіянам З поўным грузам разбітых людскіх надзей. Наша маці-зямля, дарагая і светлая, З дымам фабрык, з дзяцьмі і з мудрасцю слоў Можа стаць назаўсёды, навекі праз гэта Проста чорнай труною для ўласных сыноў. Мог бы ты дараваць нам жыццё і квітненне, Мог бы шчасцем навек увянчаць народ. Хто ж зрабіў з цябе сродак зла і знішчэння, О грымучы, бязлітасны кат-вадарод! Скарпіёны, што бачаць кальцо агнявое І кусаюць людзей, а потым сябе: "Здохні! Згінь, чалавек! Хай сонца святое Не цалуе, не лашчыць, не грэе цябе!" Ўсім даўно астабрыдла стаяць над абрывам. Што ж хаваеце, людзі, думкі свае?! О, калі ж яны прыйдуць, гады алівы, Што галінамі шар зямны абаўе? Гэта ж проста, як рэпа: магутнай сілай, Што дае чалавечай руцэ вадарод, Растапіць навекі зямны халадзільнік, Безнадзейнай Грэнландыі мёртвы лёд. І растаў бы ён, і цёплыя плыні Спарадзілі б дажджы над светам усім, І прыйшло б да нас мора, сіняе-сіняе, З цеплынёю, з прыбоем, з пяском залатым. Над усёю зямлёю трапічныя зоры, Адбіваюцца пальмы ў цёплай вадзе. (Я, напрыклад, ніколі не бачыў мора, Як мільёны іншых звычайных людзей.) У паэтаў дрэнных шпурлялі б бананамі, (Эстэтычней, ніж яек пратухлых пах), І раслі б у Оршы маёй мангустаны І альясы ў туманных лясных Лядaх. І ад погані чыстая наша планета Стала б вольнай, прыгожай, шчаслівай навек, Стала б лепшым брыльянтам кароны сусвету, Цёплым раем, якога чакаў чалавек.