Тут павярнуў стары галаву й паглядзеў на сына, зьнізу ўгору, і сказаў: Я стварыў сьвет і людзей, але, каб кожны разьвіваўся па сваіх законах і калі з Так зробіцца Не, а зь Не — Так, пакуль нічога ня стане так, як было, і сьвет, створаны Богам, больш ня будзе пазнавальны вачам нават самога творцы.
Дык ты прызнаеш, сказаў рабі, марнасьць Твайго тварэньня, Госпадзе?
Я пішу на пяску, сказаў стары, ці ж гэтага не дастаткова?
Тут абурыўся рабі й сказаў: Чаму ж Ты не адступішся, Госпадзе, бо хто абяцаў так, як Ты, той не павінен быў жадаць так трымацца за ўладу.
І ты будзеш рабіць гэта хітрэй? спытаўся стары. Ты, які дазволіў укрыжаваць сябе замест таго, каб паўстаць і ўсупрацівіцца беззаконьню? Ах, дзіцятка маё, ці ж бо ня вунь ён падбухторыў цябе на твае мяцежніцкія казані?
Але рабі схапіў старога за вопратку й сьцягнуў яго з каменя, на якім ён сядзеў, і падняў яго ўгору й патрос яго з усёй сілы й крыкнуў — хопіць ужо цярпець і пакутаваць, і хто быў той, што паслаў сына на крыжавую сьмерць, за нішто й зноў за нішто, і ці ня было б лепш, замест каб чакаць, пакуль гэты сьвет разарве сябе к чорту, сабраць усіх магутаў, нават тых зь пекла, супроць гэтага Бога, ад якога ўцякло яго ўласнае творыва, і аб'яднаць усх хрыстоў і антыхрыстаў на штурм сёмага неба, якое скляпеніцца над гняздом зьмяі й пачварнай гніласьці.
Тут замкнуўся твар у старога, і горкая ўсьмешка кранула вусны ягоныя і прыляцелі сем старых анёлаў з рэдзенькімі бародкамі й абскубленымі крыламі, і кожны трымаў у руцэ пашчэрбленую, заржавелую трубу й затрубілі ў іх і ўзялі рабі пад рукі й панесьлі яго прэч, угору, туды да яго трона ў вышніх, а Бог павярнуўся да мяне, Агасфэра, і сказаў, што чакаў ад мяне разумнейшага; маладому нельга давярацца, ён зноў усё зробіць навыварат.
Разьдзел дваццаць сёмы. Які тут галоўным чынам дзеля дакумэнтацыі і складаецца са службовага даклада маёра Пахнікеля свайму начальству па службе ў справе раптоўнага зьнікненьня (уцёкі з Рэспублікі?) грамадзяніна З. Байфуса, з дадаткам допісаў, пратаколаў і іншых матэрыялаў
На запатрабаванне службы я з гэтым распаўсюджваю папярэдні даклад, датыч. знікнення (уцёкі з Рэспублікі?) вышэйпамянёнага грамадзяніна Зігфрыда Вальтэра Байфуса, праф. д-ра Dr. h. c. (?) лаўрэата Нацыянальнай прэміі (ІІ класа), заслужанага народнага вучонага, трохразовага актывіста і кавалера многіх ордэнаў і ганаровых знакаў, кіраўніка Інстытута навуков. атэізму, 108 Берлін, Бэрэнштрасэ 39а. Прыкладзеныя дакументы і абгрунтаванні пранумараваны, датычнае гэтага даклада дадаецца.
Вышэйпамянёны, нар. 10. ІV. 1927 у Хемніцы, Сакс., сын зеляншчыка, 53 гады, жан. (жонка Гудрун, у дзяв. Еніке, был. сакратарка, у ц. ч. без прафесіі) і праж. 108 Берлін, Ляйпцыгер-штр. 61, 8-ы паверх; дзеці Фрыдрых (нар. 1963) і Урзула (нар. 1968); асоб. прыкметы: няма. Вышэйпамянёны ўступіў у Сац. адзіную партыю і з'яўляецца членам Таварыства германа-савецкай дружбы, лыжна-спартыўнага клуба «Прагрэс», а таксама Акадэміі навук.
Вышэйпамянёны знік 31 снежня 1980 г. паміж 23 гадзінай і поўначчу праз пралом (у чалавечы рост) у знешняй сцяне (напружаны бетон) сваёй кватэры. Тлумачэння ў форме развітальнага альбо падобнага роду ліста не пакінуў; у кожным разе, нічога адпаведнага не выяўлена.
Служба была 1 студзеня 1981 г. ў 2.35 гадз. пра знікненне вышэйпамянёнага ўведамлена па тэлефоне інспекцыі Нар. паліцыі (паліц. — обер. мнстр Гірш), і паведамленне было прынятае.
Змест тэлефанаграмы прыкладаецца.