Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

— Напісана, — кажа Катэс, — што мы жывём толькі па веры. Іtem, толькі той, хто верыць і дзеля веры гэтай хрысьціцца, той будзе шчасны. А дзетак, якія пакуль яшчэ ня ведаюць ні дабра, ні зла, нельга хрысьціць.

— Чартоўшчына, пахібная і заганная, — дыктуе Айцэн пісару й пасьля гэтага хоча ведаць ад абвінавачаных, ad tertium, ці Хрыстос праз пакуту, якую ён прыняў дзеля нас, ці праз сваю ахвяру ўзяў на сябе й нашу віну, так што мы цяпер адзіна празь веру ў яго ачышчаны ад грэху й можам быць шчаснымі, — так альбо не?

— Калі мы ўсё валім на Хрыста, — кажа Катэс, — дык гэтым адкрываем дарогу грэху. Мы павінны рабіць нешта й ад сябе, каб стацца шчаснымі, і чалавек павінен гэтаксама шукаць Бога, як Бог шукае чалавека.

— Блюзьнерства, асуды вартае, — канстатуе Айцэн, і пакуль пісар і гэта акуратненька заносіць на паперу, патрабуе сказаць, ad quartum, ці лічаць абвінавачаныя, што Ісус Хрыстос на сьвятой вячэры сапраўды карміў нас сваім целам і паіў крывёю, — так альбо не?

— Хлеб і віно, — кажа Катэс, — мы прымаем у памяць пра Хрыста, яны застаюцца хлебам і віном. Усё астатняе толькі прымхі й папізм.

— Ерась, д'ябальская ерась! — голас зрываецца ў Айцэна. Але тым ня меней ён яшчэ хоча прадэманстраваць шматшаноўнаму й высакароднаму Каспару Гоеру, куды вядуць гэтыя агідныя ўхіленьні ад адзінашчасьцедайнага вучэньня in praxi, бо зусім такі яшчэ не асьветлена, як адно залежыць ад другога, сьвецкая ўлада ад сапраўднай веры, і таму пытаецца ў абвінавачаных, зусім ахрыпла ад пабожнай руплівасьці, ці ad quintum, паводле іх сапраўдны хрысьціянін можа дзейнічаць і як сьвецкае начальства й са спакойным сумленьнем займаць высокую пасаду і ў гэтым сваім стане ці можа быць шчасным і, ad sextum, ці хрысьціяне ва ўсіх справах, якія паводле слова Божага належаць начальствам, павінны праявіць ім паслушэнства й ці, ad septimum, духоўнае царства Хрыста стаіць у супярэчнасьці з царствамі сьвецкімі й сьвецкімі ўладамі, — так альбо не?

Залегла такая цішыня, што здавалася, стала чуваць, як шашаль точыць бэлькі штатгальтарства, і ўсе вочы скіраваліся на Клаўса Петэра Катэса й Клаўса Шыпера й Дзірыха Петэрса й Сіверта Петэрса й на Вопа Карнэліуса й Мартэна Петэрса й Карнэліуса Сіверса; а ў іх серабрыстыя кропельку поту выступілі на тварах, бо яны ведаюць, што з усіх пытаньняў гэтае найцяжэйшае, яно — выпрабаваньне, і цяпер будзе вынесены вырак і зламана палачка.

— Ну? — кажа Айцэн. — Так альбо не?

І, паколькі ніхто яму не адказвае, ужо хоча прыступіць да вялікай пагромнай прамовы, якая павінна стацца для Катэса й яго прысьнікаў толькі першым форшмакам перад тым, што яны пачуюць на Страшным судзе перад нябесным судзьдзёй, калі раптам як бы самі сабою адчыняюцца дзьверы суда і ў залу ўваходзіць хадайнічаны абвінавачанымі ератычны прапаведнік з Галандыі ў суправаджэньні захінутай вуалем жанчыны, якая нават пад сваімі вуалямі й захінамі выдае ў сабе выдатныя формы. Айцэну адразу робіцца так, быццам памяшканьне з усімі асобамі ў ім пачынае павольна, а тады ўсё хутчэй і хутчэй закручвацца, і толькі нянаджаны госьць застаецца ў цэнтры непарушны, тым часам як ягоная суправодніца адкідае вуалю, і на яго, супэрінтэндэнта, глядзяць нахабныя вочы, і пры гэтым грыбаты пунсовы раток зьбіраецца ў трубачку, быццам хоча сказаць: Ба, ты жывы яшчэ, стары кныр!

А прапаведнік-ератык роўным крокам кіруецца да крэсла шталера, пачціва кланяецца яму й заяўляе:

— Маё імя, Ваша высакародства, Агасфэр, Ахаб Агасфэр, і я прыбыў сюды ў Цёнінг з горада Амстэрдама, даць Вам даведку адносна ўсіх пытаньняў, якія тычацца веры гэтых мужчын, што стаяць перад Вамі як абвінавачаныя, каб быць ім для суцяшэньня і дапамогі, наколькі гэта ў маіх сілах.

Шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер разглядвае чужынца, які ў сваім цёмнакарычневым галандскага крою сурдуце выглядае дастойна й дастаткова годнасна, і яму робіцца крышачку як бы несамавіта, і кажа:

— Мэйнгеер, для суцяшэньня і дапамогі яно яшчэ ня позна, а што да апытаньня, дык яно ўжо закончылася.

Агасфэр зноў кланяецца.

— Ваша дастойнасьць, — кажа ён, — добра, пасьля таго як апытаньне закончана, як абвінаваўцаў так і абвінавачаных, ці нельга, каб кожны з бакоў падсумаваў і выклаў casus? Наколькі я ведаю, вучоны superintendent быў за тое, каб гэта зрабіць; я толькі прашу дазволіць мне адказаць яму, пасьля таго, як ён закончыць.

— Мэйнгеер, — кажа шталер і запінаецца, шукаючы трапнай рэплікі, і ягоны позірк просіць дапамогі ў Айцэна.

А той толькі што нарэшце апамятаўся. Ён падымае рукі як прарок Сьвятога Пісаньня, калі той запрашае Бога ў сьведкі, і крычыць:

Перейти на страницу:

Похожие книги