Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Некалькі гадкоў пралятаюць у краіне, нават у герцагстве Шлезьвіг, і вось ужо робіцца так, што з auctoritas прыходзіць reputatio, ці, як на нашай прыземленай мове, з годнасьцю прыходзіць і слава, і прыходзіць адусюль: ад гесэнскіх ландграфаў і зь цюбінгскага факультэта, з гамбургскага сэната й ад саксонскіх курфюрстаў, і ўсім патрэбен гер супэрінтэндэнт Паўлюс фон Айцэн зь ягоным меркаваньнем у сьвятых справах, і ў яго цяпер самы спрыяльны момант, каб стацца арбітрам і судзьдзёю ва ўсіх справах, дзе гаворка ідзе пра правільнае тлумачэньне слоў Хрыста альбо Аўгсбургскага веравызнаньня альбо ўсяго таго, што можа быць ерасьсю, а што не; ягоныя пасланьні разыходзяцца па землях і ўспрымаюцца, як калісь пісьмы апосталаў цэрквам; і больш таго, калі было трэба, ён асабіста зьбіраўся і выпрўляўся ў інспэкцыі, аб'езьдзіў усё аж да Наўмбурга, завітваў і ў больш далёкія мясцовасьці, і заўсёды з дабраславеньнем Яго сьветласьці герцага, як пасланец Бога й адвакат адзіна правільнага й шчасьцедайнага вучэньня, як яно распрацавана й выкладзена нашым доктарам Марцінусам Лютэрам; і толькі там, дзе грунт самы цьвёрды й трывалы й дзе павінна быць узьведзена царства божае на добрым падмурку й моцных палях, там, ва ўласнай епархіі, там яшчэ ўсё вагаецца й хістаецца й асыпаецца ў кроквах і бэльках, варта толькі растапырыць вуха й прыслухацца да нашэптаў дысідэнтаў і запанявернікаў тайнасьцяў і эўхарыстыі; і самае горшае, што падобнае заглытваецца герцагам Адальфам, які вярнуўся з паходу ў Галандыю і за недахопам пераможных лаўраў на полі бою жадае зыскаць іх у веравызнаўчых спрэчках, а яго супэрінтэндэнт павінен яму дзеля гэтага муштраваць ягоныя духоўныя войскі, каб яны брава крочылі ў нагу, вучыць іх паваротам направа, налева, кругом, як таму й належыцца быць.

Тайны радца Лёйхтэнтрагер, які як заўсёды дакладна ведае, дзе цісьне бот, гаворыць зь ім на гэты конт і кажа:

— Яшчэ мудры Арыстотэль, у якога й хрысьціянін можа навучыцца шмат чаго карыснага, лічыў, што сапраўдная даброць вырастае ня з сэрца людскога, бо яно поўнае ўсякіх пахібаў і часта падупадае спакушэньню, а толькі з закона: таму ўсё, што мае ў сабе законную дапушчальнасьць, павінна быць кадыфікавана, і чалавек павінен быць прывязаны да гэтага, калі трэба, дык і жалезнымі ланцугамі.

— Ах, — адказвае яму гер супэрінтэндэнт, — на наш вялікі жаль людзі шануюць запаведзь Божую больш тады, калі парушаюць яе, чым калі трымаюцца яе, і Бог карае іх недастаткова, і найперш не па сьвежым сьледзе, як павінна было б быць, з доўгай цярплівасьцю, і дае ім убачыць і пераканацца, так што яны думаюць, што, калі той на небе ня ўмешваецца адразу з громам і маланкамі, дык усё было правільна, тым часам, як і духоўнае ведамства, далёкае ад месца падзей, не пра ўсё даведваецца адразу.

— Гэта, Паўль, — кажа яго сябар Лёйхтэнтрагер, — толькі таму, што ты глядзіш двума зенкамі й слухаеш двума лапухамі; гэтага недастаткова. Ты павінен іх мець дзьве сотні альбо дзьве тысячы, каб і прыглядвалі й слухалі, тады пойдзе лепш і лацьвей; бо твае геры пастары й прапаведнікі няўжо толькі дзеля таго, каб кволіцца й дабрашчасьціцца?

— Ня так проста гэта зрабіць, Гансе, — кажа Айцэн, — бо геры пастары й прапаведнікі — гультаі й схіляюцца да таго, каб лепей быць добранькімі даражэнькаму Богу, дык як жа мне раскласьці агонь пад іх тоўстымі дупламі?

— Ты павінен іх абавязаць, — кажа сябар, пяшчотна пагладжваючы па галоўцы крошку Маргарэту, якая, кавыляючы ножкай, увайшла ў пакой са сваім горбікам на сьпіне, падносячы госьцю віно: з запасаў герцага, бо царкве заўсёды нешта перападае. — Звязаць абавязкам праз прысягу й подпіс, — кажа тайны радца, — ці ж бо не прысягае жаўнер сьцягу й ці ж пасьля ня слухаецца свайго камандзіра?

У Айцэна ўсё роўна як шоры спадаюць з вачэй, як бы нябеснае прасьвятленьне находзіць, што, калі ягоныя пастыры й прапаведнікі будуць запрысягнутыя на догматах веры й сьвята паабяцаюць строга давесьці іх да сваіх вернікаў, каб і зь іх ніхто ня ўхіліўся, ніхто не спатыкнуўся, інакш на іх будзе данесена вышэйшым начальствам, дык царства божае хутка дабярэцца й да Шлезьвіга, герцагу на ўцеху й Богу на ўпадабаньне. І ён думае, як жа глыбока пранікае яго сябар у душы людзкія наогул і ў душы пастараў і прапаведнікаў у прыватнасьці, бо пасьля такой прысягі нікога больш ня трэба будзе пераконваць, бо чалавек можа лёгка страціць свае прыбыткі й прывілеі, калі завінаваціцца альбо палезе на ражон; так ці інакш вядома будзе, чым усё можа скончыцца.

Перейти на страницу:

Похожие книги