Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

З Шлезьвiга да Цёнiнга вядзе прыгожая, хоць i калдобiстая дарога, i сонца сьвецiць на павясноваму чыстым небе, i Айцэну, хоць ужо й ператрэсла ў карэце ўсе вантробы, але вельмi премна на душы, як толькi можа быць прыемна чалавеку, на чыiм баку разам з адзiна правiльным i шчасьцедайным вучэньнем яшчэ й палiцыя. I герцагаў шталер i прэфэкт, шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер, якi чакае яго ў двары Цёнiнгскага замачка, таксама чалавек, зь якiм можна зварыць кашу, хоць геру шталеру менш за ўсё абыходзiць, як хрысьцяць i прычашчаюць дзяцей, але калi ўжо яго начальнiк, герцаг, здаецца, аднаго разу паверыў, што чалавечае шчасьце й дабрабыт дзяржавы залежаць ад падобнага роду царкоўных штучак, i паколькi ён, Каспар Гоер, хацеў бы ў будучым спакойна спажываць сваiх вугроў i смажаную сьвiнiну, да таго ж i шкляначку добрага вiна цi хоць бы й пiва, дык ён загадаў увязьнiць у Цёнiнгскай вежы Клаўса Петэра Катэса й Клаўса Шыпера й Дзiрыха Петэрса й Сiверта Петэрса, гэтаксама як i Вопа Карнэлiуса й Мартэна Петэрса й Карнэлiуса Сiверса, большасьць iх з Ольдэнворта, астатнiя з Тотэнбюля i Гардзiнга, i дзеля асьцярогi на ўсякi раз канфiскаваў iхняе быдла й барахло, каб, калi яны будуць асуджаны, было нешта, на што герцаг мог бы накласьцi руку.

Усё гэта й тое, што ён, шталер i прэфэкт Iх герцагскай мосьцi, уласнай пэрсонай будзе сядзець на судзе над ератыкамi, Айцэн дазнаецца ад шматшаноўнага й высакароднага Каспара Гоера падчас iхняга шпацыру да гаванi, а было iх двох гераў салiднага ўзросту, у поўным суладзьдзi памiж сабою i зь сьветам, дзе яны глядзелi, як рыбакi выцягвалi на бераг улоў, - прыгожыя тоўстыя рыбiны ўсiх вiдаў i цэлая плойма розных сьлiмакоў i крабаў, якiя, добранька пачышчаныя i вылушчаныя, пад адпаведна моцным соўсам - чыстае разьядзеньне.

Прыемны настрой трымаецца яшчэ й на ранiцу, калi Айцэн выпраўляецца ў штатгальтарства, дзе павiнен засядаць суд; занач ён глыбока i ўсмак выспаўся, часткова ад вiна й вострай вадзiцы, сервiраванай яму шматшаноўным Каспарам Гоерам, а часткова i галоўным чынам таму, што яго добрае й чыстае сумленьне гэта лепш за ўсякiя мяккiя падушкi. Не, ён не ненавiдзiць усiх гэтых Катэ й Шыпераў i Петэрсаў, i як там яны яшчэ завуцца, хутчэй за ўсё, калi толькi яны акажуць згоду вярнуцца на дарогу правiльнай веры, а ён глядзiць на iх вачыма пастуха, якi знайшоў сваiх згубленых авечак на небясьпечным схiле, ён ставiцца да iх зь любоўю, але ж i з клопатам i спагадай, бо вось жа яны ў два рады пад аховай узброеных шталеравых галаварэзаў-палiцыянтаў, а справа й зьлева ад iх, адкiнуўшыся на зручных крэслах, pastores Мумзен i Молер i iншыя духоўныя геры, якiя прыйшлi, каб павучыцца ў свайго супэрiнтэндэнта абыходжаньню зь ератыкамi. Абвiнавачаныя, праўда, выглядаюць менш умiратворана: цёмная вежа прыбледнiла iм твары, здаецца, яны нават мерзнуць, пацiраюць сабе локцi, нацёртыя занадта кароткай вяроўкай.

Шматшаноўны шталер i прэфэкт на сваiм судзьдзёўскiм крэсьле нахiляецца да Айцэна, якi ў якасьцi iнквiзытара сядзiць леваруч i крыху нiжэй пад iм, i шэпча яму, што, калi дойдзе да допыту, хай ён, калi хоча, крыху падцiсьнецца з розным там духоўна-апытальным хламам, бо шталерыха на абед зафундавала выдатныя смакошчы, вэнджаная ласасiна найперш, такая далiкатная, што сама на языку растае, а пасьля фаршыраваная качка зь зелянiнай. Пасьля чаго, на што ён гучным голасам указвае судоваму пiсару, загадвае агалошваць iмёны абвiнавачаных, цi на месцы кожны, i цi ўласнай асобай, пасьля прачытаць абвiнавачаньне. У рэдагаваньнi яго Айцэн браў актыўны ўдзел, як яно й вiдаць з тэксту, якi кiшыць рознымi пабожнасьцямi i ў якiм абвiнавачаным пастаўлена ў вiну ня толькi ўхiленьне ад чыстага вучэньня Аўгсбургскага веравызнаньня, але й прыналежнасьць да змустоўнай сэкты перахрышчэнцаў без намеру й жаданьня адмежавацца ад яе, хоць усiх iх пастаянна падобраму й прыязна й пахрысьцiянску сур'ёзна папярэджвалi iхнiя душарадцы; яны, аднак, тым больш упарцiлiся i зацiналiся ў сваiх заблудах i адмаўлялi сьвятое хрысьцiянскае хрышчэньне дзяцей.

Перейти на страницу:

Похожие книги