Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Герцаг, высокапастаўленай асобе якога тайны радца Лёйхтэнтрагер складае новую прысягу, у вышэйшай меры задаволены ёю i распараджаецца без адкладу абвясьцiць яе ў герцагстве Шлезьвiг i ўсюды, куды сягае яго валоданьне, i гер тайны радца тонка ўсьмiхаецца й кажа свайму прыяцелю Паўлю, што будаўнiцтву царства божага ў Шлезьвiгу пад дабрадайнай дыктатурай яго супэрiнтэндэнта больш нiчога на дарозе не стаiць. I як што выяўляецца фактычна, што геры pastores i такiя, якiя iмкнуцца да пасады, усе разам прысягнуць новай прысягай, надрукаваныя formularia з пячаткай i подпiсам трэба тэрмiнова адаслаць назад супэрiнтэндэнту, каб вернасьць i вера былi зарэгiстраваныя афiцыйна. I толькi пры гэтым сапраўды пачнецца здаровае супернiцтва сярод духавенства: хто верне больш заблудных авечак у статак альбо хто хутчэй дасьць належным органам патрэбнае ўведамленьне пра таго, хто яшчэ трывае ў богамярзотных вучэньнях, каб начальствы маглi прыняць строгiя меры ў адпаведнасьцi з законам. Асаблiва ў Эйдэрштэдшэне, дзе ў вялiкiм мностве асялiлiся нiдэрландцы, бо дома яны перасьледавалiся б папiстамi, наладжваецца вясёлае паляваньне; была й ёсьць старая iсьцiна, што, як лiсы й ваўкi хвалююць быдла ў хляве, так i чужынцы прыносяць у дом неспакой; i праслухоўваюцца ўсюды заезды й рынкi й нават дамы, цi не вядуцца там мудроныя гамонкi, цi не завялiся там кнiжкi Давiда Ёрыса альбо Мэна Сiманса й iм падобных пярэхрыстаў-ератыкоў i iлжэпрарокаў, цi не праводзяцца там тайныя зборнi iншадумцаў; i гер пастар старанна ўсё натуе й пiша даклад, хто па добрай волi хрысьцiць сваiх дзетак, а хто не, як часта той цi iншы ходзiць у кiрху, як слухае там казанi, цi рэгулярна прычашчаецца ад цела Хрыстовага. Але сярод людзей шырацца страхi, бо колькi таго часу прайшло, а ўжо ўсплываюць жывыя ўспамiны пра тое, як палiлi на попел пярэхрыстаў-ератыкоў, некаторых нават прывязвалi да слупоў i падсмажвалi альбо рвалi распаленымi абцугамi, а каторых душылi й расьсякалi альбо вешалi на дрэвах, альбо кiдалi ў глыбокiя ямы да пацукоў i нечысьцi, дзе ў iх адгнiвалi ногi.

Дзе рупнасьць з аднаго боку й страх з другога, там ня можа ня быць посьпеху. Як трусы ўвосень, так у Шлезьвiгу будуць выкураны зь iх нораў мэнанiты й давiд'ёрыты; геры пастары й пробашчы дакладваюць тут пра аднаго, там пра другога й пра самых зацятых спрэчнiкаў сярод iх, сьвятар Мумзэн з Ольдэнворта й ягоны cоnfrаter Молер зь Цёнiнга выганяюць кожны тузiнамi тых, якiя ня хочуць прызнаваць, што чорт сядзiць ужо ў толькi што народжаных i таму iх трэба хрысьцiць як мага хутчэй; яны ў адзiн голас заявiлi, што праз добрыя ўгаворы й застрашэньне вечным пракляцьцем яны вярнулi многiх грэшнiкаў да правiльнай веры, а рэшта зацiнаецца ў д'ябалькiх iлжэвучэньнях, i тут трэба, каб самы моцны з нас, сам гер супэрiнтэндэнт прыйшоў парахавацца зь iмi.

Гэта, прызнае Айцэн, знак неба. Будзе дадзены добры прыклад, будзе й духоўны суд, вядома, зь сiлай сьвецкiх начальстваў на заднiм плане, але цяпер справа гэтая будзе праходзiць iнакш, чым колiшняя дыспутацыя з жыдамi, тут ўжо нiякi Агасфэр ня стане ўпоперак, тут адразу, прыпаўзуць ератыкi да крыжа цi не, а справа будзе боская, i будзе знак усiм у герцагстве й далёка за яго межамi, што ёсьць тут нехта, менавiта ён, супэрiнтэндэнт Паўлюс фон Айцэн, якi захiсьне Лютэрава слова такiм, якiм яго прапаведаваў добры доктар, аслонiць яго ад любых ухiлаў i цкаваньняў.

Калi ён дакладвае план свайму прыяцелю, тайнаму герцагскаму радцу Ёганэсу Лёйхтэнтрагеру, той пачэсвае гарбок, той як заўсёды лёгенька ўсьмiхаецца, крыху мо больш коса, i кажа, што гэта была б капiтальная штука - зладзiць такi працэс, уключаючы абвiнавачваньне, допыт i асуджэньне вiнаватых, гэта быў бы йстотны ўклад у стварэньне таго парадку, якi патрэбен для працьвiтаньня дзяржавы, i ён сам перагаворыць з высакародным i шматшаноўным Каспарам Гоерам, шталерам i прэфэктам герцага ў Эйдэрштэдшэне, каб ён ўсё падрыхтаваў, каб слуханьне магло адбыцца неўзабаве ў горадзе Цёнiнгу, дзе, дарэчы, падаюць вельмi смачных крабаў i выдатнае пiва.

Перейти на страницу:

Похожие книги