Братчыкаў жанілі і хавалі з агульнае касы паводле асабістых заслуг. Кожны здольны да музыкі мусіў запісацца ў хор ці ў аркестр. Па святах на гарадскіх вуліцах з’яўляліся брацкія працэсіі з крыжамі, абразамі і харугвамі. Улетку брацтва наладжвала «пілігрымку» — паломніцтва ў святыя мясціны. Гаворка ішла не пра Ерусалім, а пра суседні манастыр ці пра нейкае месца вёрст за дваццаць ад горада, дзе калісьці з’явілася Багародзіда або прычынілася яшчэ якое дзіва. Братчыкі закуплялі колькі ялавак, дзесятак бараноў, варылі піва і мёд, грузілі на вазы харч і кухарскае прычындалле і па чатыры ў рад, пад музыку і спевы свайго хору выходзілі з гарадской брамы. Адолеўшы палову шляху, паломнікі раскладалі вогнішча і рабілі першую папаску.
Наогул пачосткі займалі ў жыцці брацтваў вельмі істотнае месца. На банкетах гаспадарылі выбраныя на год стольнік, падчашы і маршалак. Першы адказваў за стравы, другі — за пітво, трэці рассаджваў братчыкаў і кіраваў усёй застоліцай. Абавязковым дадаткам да брацкага статута былі зацверджаныя агульным сходам і ўхваленыя духоўнай уладай правілы этыкету. Гэтая «Навука прыстойнасці брацкай», у прыватнасці, вымагала:
«1. Седзячы за сталом, не класці локцяў на стол, не адварочвацца задам да суседа.
2. Не сморкацца на памост са ўзгляду на святое месца і не калупаць носу.
3. Не кідаць пад стол абгрызеных костак.
4. Не гаварыць голасна і не перабіваць субяседніка, пакуль ён не кончыць гаварыць.
5. Садзячыся да столу на сваё мейсца, пакланіцца галавой старшызне, а пасля суседзям направа, лева і насупраціў
6. Не гаварыць з напоўненай ядой губай.
7. Прыходзіць на банкет, маючы за халявай лыжку і нож.
8. Не прыносіць з сабой на брацкі банкет ніякага свайго пітва».
Вялікае Княства Літоўскае было часткаю Еўропы, і Полацк меў шмат агульнага з яе тагачаснымі гарадамі. Жылі тут, напрыклад, свае звездары-астролагі, што складалі знаным палачанам гараскопы, а ў вольную часіну штудыявалі трактаты па сваім мастацтве: «Шестикрыл», «О седми звездах великих яже ся наричаются планеты», або «12 звезд, што владеют ко 12 частям человеческим». Будучыню прадказвалі і па авечай лапатцы. Настаўленнем у гэтым старажытным спосабе варажбы служыў гэтак званы «Лапатачнік», які цалкам называўся «Книга от Петра египтянина, иже научаются ведати неисходимого плеча овец».
Шырока вядомы сучасны астролаг Павел Глоба, чыімі паслугамі нярэдка карыстаюцца нават буйныя дзяржаўныя дзеячы, у 1996 годзе выступіў з цыклам публікацый, якія з гледзішча полацкай гісторыі можна назваць сенсацыйнымі. Іх героем стаўся забыты калега Глобы Васіль Нямчын, што прыйшоў на свет на пачатку XV стагоддзя ў Полацку, а недзе паміж 1450 - 1470 гадамі напісаў кнігу прароцтваў, якую яго сённяшні брат па прафесіі ставіць вышэй за славутыя прадказанні Настрадамуса.
Павел Глоба паведамляе, што вывучаў зробленыя ў XVIII стагоддзі спісы Нямчынавай кнігі, і неаднаразова цытуе яе фрагменты, сцвярджаючы, што сярэднявечны полацкі астролаг прадбачыў будучыню ўсходнеславянскага свету ажно да канца III тысячагоддзя. Прароцтвы Васіля Нямчына (калі гэта, вядома, не таленавітая містыфікацыя) сапраўды ўражваюць. Ён, напрыклад, прадказаў, што праз пяцьсот гадоў пасля яго нараджэння «ўзнікне сатанінскае валадарства, храмы будуць разбураныя, святыя кнігі знішчаныя, святароў будуць жыўцом закапваць у зямлю, для царскай жа дынастыі ўзнікне смяротная небяспека». Прадбачыў Нямчын і паход Напалеона, і з’яўленне ў Расіі цара «двухметровага росту і з тварам, быццам у ката», у якім нескладана пазнаць Пятра I. Але ўсё гэта падзеі былыя. А вось што праз безліч гадоў убачыў Васіль Нямчын на роднай яму беларускай зямлі ў XXI стагоддзі. Тут нібыта ўзвысяцца і будуць мець асаблівую значнасць для лёсу краіны тры гарады: Полацк, Віцебск і Магілёў. Прычым калі апошняму прызначаная роля найбуйнейшага прамысловага цэнтра, дык Полацк і Віцебск павінны стаць культурнымі і духоўнымі цэнтрамі, а магчыма, і сталічнымі гарадамі. Не ведаю, як для вас, а для мяне гэтае прадказанне ў святле сусветнай тэндэнцыі пераносу сталіц зусім не выглядае неверагодным.
Будзем спадзявацца, што некалі мы здолеем пазнаёміцца з кнігаю Васіля Нямчына не з чужых словаў. А пакуль зазначым, што яго сучасны тлумач Глоба вядзе гаворку пра цэлую дынастыю полацкіх астролагаў Нямчынаў. Адзін з іх, Мікалай (пляменнік ці ўнук Васіля), як быццам быў асабістым лекарам і «планетнікам» у вялікага князя маскоўскага Васіля III. Ёсць згадкі і пра іншых звездароў з гэтага таямнічага полацкага роду — пра Івана і Міхаіла Нямчынаў.
Уначы, за замкнёнымі дзвярыма, адукаваныя палачане разгортвалі пераклад крамольнай кнігі «Арыстоцелева Брама». 3 яе даведваліся «о премудростех особных и тайниц хованых и о каменех дорогих», «о премудрости порсунной, о белости, о власех, о бровех, о ноздрех, о челе, о устех, о лице, о ушию, о гласе, о шии, о чреве и о персех, о плечех и хребте».