Пасланы біскупам святар і яго схіляў некалі прыняць новую веру. «Асвяці душу і розум ісціным законам Божым, — пранікнёна казаў красамоўны рыжанін, — і Бог прыспорыць табе і твайму каралеўству велічы і моцы». Пасля новага хрышчэння, абяцаў клірык, вучоны святар Генрых, што піша лівонскі летапіс, праславіць імя полацкага караля на ўвесь хрысціянскі свет. Валодша ўспомніў як адказаў тады: «Ад Адама і Евы да патопу, ад царства Саламонава да Аўгуста, ад страсці да ўваскрэсення — пра ўсё я ведаю і вучэння ад вас не прыму. Дасць Бог, здабуду славу ад іншага чыну».
— Не лацінец мой бацька! — усхапіўся з лавы Усеваладаў сын. — Па-старому моліцца! Рымская царква ўпусце стаіць! Вокны каменнем пабілі, а лацінскі поп у Рыгу ўцёк.
— Любіш бацьку, — пахваліў Валодша. — Толькі, княжыч, вокны ў пустой царкве біць — подзвіг невялікі.
— Дазволь мне слова сказаць, княжа, — устаў герцыкскі ваявода.
Валодша ў згодзе нахіліў голаў. Ён ведаў, пра што скажа стары ваяка, і чакаў яго словаў, бо час ужо быў пакідаць папрокі і кпіны ды прыступацца да галоўнага.
— Як князь Усевалад біскупа слухае, ты чуў. Ад той самай пары ў Альберта не быў і на граматкі яго не адпісваў. Ты пра вялікі пажар у Рызе знаеш. Нашы людзі чырвонага пеўня пусцілі. Згарэла царква лацінскае Багародзіцы, згарэў дом біскупаў, згарэла царква братоў-рыцараў. I летась добра паслужыла Герцыка біскупу, калі пабілі рыцараў з Куканоса.
Валодша кіўнуў. Сапраўды, летась герцыкскія ваяры няблага адмыліся ад ганьбы ў чужынскай крыві, а за дзесяць знаных нямчынаў Рыга пасылала багаты выкуп.
— Кажы, з чым цябе князь Усевалад прыслаў! — загадаў Валодша старому ваяводу.
— Жадалі і жадаем быці з Полацкам. А другі раз у Рыгу хочам з табой схадзідь. Ад Герцыкі пойдуць твае стругі купна з нашымі.
— Добра мовіў. А пад якімі сцягамі ў паход пойдзеце? Пад тымі, што біскуп даў?
— Пад полацкімі! — апярэдзіў ваяводу княжыч.
— А ты якія весці прынёс? — загаварыў Валодша да старэйшыны аўкштайтаў, што прыйшоў у Полацк разам з герцыкскімі пасламі.
— Тры леты мінула, як крыжакі схапілі кунігаса Даўгерута. Мы будзем помсціць, пакуль помнім яго імя.
I Усеваладавы людзі, і полацкі князь добра ведалі, як Даўгерут паехаў на перамовы з ноўгарадцамі і на зваротным шляху трапіў у палон да мечаносцаў. Звыклага да лясных разлогаў кунігаса пасадзілі ў каменную цэлю з кратамі заместа столі. Яму днямі не давалі вады, а калі ён засынаў вартавы калоў яго зверху дзідай. Сам ордэнскі магістр Волквін падпальваў Даўгеруту ў розных месцах валасы і бараду.
Вольналюбівы кунігас не стрываў здзекаў і забіў сябе.
— Мы аддаём нябожчыкаў агню, а немцы закапалі нашага князя, як сабаку. Даўгерут не трапіў на неба і нябачна блукае па нашай зямлі. Ён дае слабым сілу, а моцных робіць яшчэ мацнейшымі. Нашы ваяры прыйдуць да нямецкіх замкаў. Мы кінулі дзіду ў раку. Гэта — вайна.
— Які знак паслаць вам, калі пайду на Рыгу? — усцешана спытаўся Валодша.
— Будзем сачыць твае караблі на Дзвіне.
Пачатак паходу князь прызначыў на травень, калі падсохнуць дарогі. У Полацк сабраліся палкі з удзелаў. Пешыя ратнікі, прашчнікі і лучнікі павінны былі рухацца далей на плытах і стругах, конная дружына — сухазем’ем.
Адстаяўшы з дружынаю ютрань у Сафіі, вялікі князь Валодша першы ўзбег па сходах на княжы струг і павярнуўся тварам да Полацка. Бераг быў чырвоны ад шчытоў. Травеньскае сонца грала на шаломах ратнікаў. што стаялі пад шматкалёрнымі сцягамі і белымі харугвамі. Душу князя прасвятліла радасць, ён падумаў, што чужынцы з крыжамі на плашчах ніколі не будуць гаспадарамі гэтай зямлі.
«Слава! Слава!» — крычаў бераг. Але не паспела аціхнуць над Дзвіною водгулле, як полацкі валадар на вачах княгіні, малалетніх сыноў Барыскі ды Глеба і ўсяго горада схапіўся аберуч за слямгу і пачаў асядаць на памост.
Так загадкава абарвалася жыццё князя Валодшы.
Летапісец рыжскага біскупа Генрых не насмеліўся запісаць у сваёй хроніцы, што полацкага князя пакарала неба. Відаць, біскуп сам страшыўся кары за грахі і не хацеў каб згадка пра іх дайшла да будучых пакаленняў.
У лета 6724-га, а паводле сучаснага летазлічэння, 1216-га, крыжакі дамагліся свайго. Абезгалоўленае войска ў паход не пайшло. Дарэмна ў вотчыне за Барысавым каменем грузілі на караблі грозныя катапульты. Дарэмна чакала герцыкская дружына.
Ужо ў год смерці полацкага князя вялікі атрад мечаносцаў і рыцараў біскупа Альберта напаў на Ноўгарадскую зямлю. Каб ударыць раптоўна, крыжакі пачалі вайну якраз на Каляды, а вялікі магістр перад гэтым адпусціў з дарамі дахаты палонных ноўгарадцаў. Праз колькі гадоў былы князь Куканоса Вячка загінуў у рукапашнай, баронячы ад крыжакоў горад Юр’еў, цяперашні Тарту, дзе сёння імем адважнага князя з роду Рагвалодавічаў названая вуліца.