Зрэшты, пазней, ва ўспамінах, уражанні Буніна таксама пераменяцца: «У мяне дагэтуль два Полацкі — той, прыдуманы, і сапраўдны. I гэты сапраўдны я таксама бачу цяпер ужо паэтычна…» А першы, выдуманы горад найперш будзе звязаны ў свядомасці пісьменніка з яго яшчэ дзіцячым захапленнем паданнямі пра Усяслава Чарадзея. (Напэўна, падавала голас кроў продкаў бо «Гербовник дворянских родов» паведамляе, што «род Бунина идет от Симеона Буниковского, мужа знатного, выехавшего в XV веке из Литвы со своей дружиной».)
Цяпер у Полацку раскашуе вясна.
Вы пройдзецеся па Віцебскай вуліцы — паўз прыватную жаночую прагімназію ў доме Кацнельсона, паўз друкарні Сраліовіча і Клячко (у апошняй, дарэчы, выдадзеныя кніга Вікенцьева пра кадэцкі корпус і ваш «Путеводитель»), паўз цэлы шыхт з сямі аптэкаў і аптэкарскіх крамаў (усіх разам іх у Полацку дзевяць), паўз каланіяльныя лаўкі Бакаева, Гольдзіна, Эпштэйна і Кацнельсона, паўз мануфактурныя крамы Мінца, Сакалінскага, Лібермана і Ушацкай, паўз галантарэйныя — Коца і Капейкіна. Палюбуецеся на футры, выстаўленыя ў чысцюткай, як сляза, вітрыне крамы Дзімянштэйна. Потым павернеце на Верхнепакроўскую з яе канцылярыяй павятовага маршалка Бондырава, з будынкамі дваранскай апекі, настаўніцкай семінарыі, жаночай прыходскай і мужчынскай духоўнай вучэльняў.
У жаночай гімназіі на Ніжнепакроўскай вучыцца трынаццацігадовая Люба Казьяніна. Не, яна не выб’ецца ў знакамітасці. Проста праз шмат гадоў у Полацкі краязнаўчы музей трапіць яе выпускны атэстат з пяцёркамі па паводзінах, чыстапісанні, гігіене, маляванні, гімнастыцы і спевах, з чацвёркамі па законе Божым, геаграфіі, гісторыі, літаратуры, фізіцы, педагогіцы і рукадзеллю, а таксама са здавальняючымі адзнакамі па матэматыцы і нямецкай мове. У атэстаце будзе запісана, што выхаванка жаночай гімназіі мае званне хатняй настаўніцы і пасля кожнага года заняткаў у прыватным доме павінна падаваць дырэктару гімназіі справаздачы і ўхвальныя сведчанні пра сябе ад гаспадароў і павятовага маршалка.
Выконваючы гэтыя правілы, настаўніца праз дваццаць гадоў службы атрымлівала права на пенсію або на «поступление в дом призрения бедных девиц благородного звания на казенное содержание».
Гімназістка Люба ўжо не паспее заслужыць ні таго, ні другога, бо ўжо зусім блізкія «вихри враждебные» наладжанае жыццё перакуляць. А пакуль яна радуецца блізкаму лету і рыхтуецца да гімназічнай экскурсіі ў Крым і на Украіну. У праграме — святыя пагоркі Кіева, поле Палтаўскай бітвы, севастопальскія бастыёны, скалы пад Ялтаю…
Каля гімназіі вы можаце сустрэцца з самавітай бяляваю дамай пад летнім парасонам. Гэта педагог Вільгельміна Фёдараўна Рульковіус. Між іншым, выпускніца Кембрыджскага універсітэта. Неўзабаве яна зробіцца начальніцай гімназіі, а за бальшавіцкім часам «буржуінка» з яе англійскім дыпломам і веданнем сямі моваў будзе жыць у галечы, зарабляючы на хлеб прыватнымі ўрокамі.
Вы ўглядаецеся ў твары прахожых, спрабуючы адгадаць, хто яны, прачытаць іх будучыню. Магчыма, вы спаткаеце выкладчыка літаратуры ў кадэцкім корпусе Івана Іванавіча Далгова. Гэта тутэйшая славутасць. Прыезджы выпускнік Пецярбургскага універсітэта, ён — палачанін па духу: даследуе і абараняе полацкія помнікі, дыхае пылам архіваў, чытае лекцыі, праводзіць экскурсіі. На жаль, дні Івана Іванавіча ўжо злічаныя. У наступным годзе горад правядзе яго ў апошні шлях, а «Витебские губернские ведомости» надрукуюць прачулы некралог:
«Город Полоцк в лице Ивана Ивановича потерял своего Нестора… Целую четверть века, как свеча, горел он в славном стариною, но глухом уездном городе. Достаточно сказать, что в самые последние дни своей жизни Иван Иванович предполагал начать раскопки на месте обнаружения в Спасо-Евфросиниевском монастыре древней кладки неизвестного здания XI–XII веков; произвел интересную археологическую разведку под одним из курганов села Ситна Полоцкого уезда; приобрел от крестьян этого села коллекцию старинных монет для корпусного музея; накануне смерти прочел кадетам в корпусе лекцию… Будучи человеком европейски образованным, путешествовавшим за границу, свободно говорившим и читавшим на иностранных языках, Иван Иванович имел широко прогрессивные убеждения, хотя по свойствам своей художественно-настроенной психики не всегда мог осмыслить задачи националистической политики… Как старый студент-идеалист, Иван Иванович жил и умер бессребреником. «Долгов, кроме долгов, ничего не имеет», — так иногда острил покойный касательно своих материальных и имущественных дел.
Его кости положены на историческом месте: возле нетленных останков небесной покровительницы белорусского края…» (Аўтарам некралога будзе Д. С. Леанардаў, пяру якога належыць змешчанае ў «Полоцко-Витебской старине» даследаванне «Полоцкий князь Всеслав и его время».)
Дзе магіла Івана Далгова?