Рагвалодаў унук Ізяслаў меў тады ад нараджэння гадоў сем, Рагнедзе было трохі болей за дваццаць. Яраслававы ўнукі (нашчадкі князя Яраслава Мудрага) падымаць меч на полацкіх сваякоў яшчэ не маглі, бо не нарадзіліся. Праўда, ад гэтага двум парасткам спляжанага роду было не лягчэй. Рагнеду з сынам чакала невядомае, небяспечнае ад мужавай няміласці жыццё на крывіцка-дрыгавіцкім памежжы, дзе стаяла сярод лясоў маленькае драўлянае Заслаўе — летапісны Ізяслаўль.
Уладзімір неўзабаве абвянчаўся з грэцкаю прынцэсаю Ганнай, пасек над Дняпром паганскія стоды і ўзяўся прыводзідь да веры ў Хрыста падуладныя землі. (Між іншым, гісторык Сяргей Гаранін надрукаваў у часопісе «Беларуская мінуўшчына» артыкул «Пілігрымы», дзе сцвярджае, што накіраваную ў час выбару веры адмысловую місію з Кіева ў Волжскую Булгарыю, Рым і Канстанцінопаль Уладзімір Краснае Сонейка даручыў узначаліць палачаніну Іаану. Такім чынам, магло стацца, што меркаванне адукаванага полацкага мужа, які служыў у кіеўскага князя прыдворным лекарам і рытарам, адыграла вельмі істотную ролю ў вызначэнні гістарычнага лёсу падуладных Кіеву земляў).
Перад вянчаннем князь зазнаў багата клопату, бо, зрабіўшыся хрысціянінам, мусіў неяк пазбыцца ранейшых законных жонак, не кажучы ўжо пра сотні наложніц. Дзякуючы новай веры насельніцы велікакняжацкіх гарэмаў павярталіся дахаты, а жонак аддалі замуж за знатнейшых дружыннікаў. 3 Рагнедаю было болыьш складана, бо яна, у адрозненне ад іншых, паходзіла з княжацкага роду. Летапісы паведамляюць, быццам Уладзімір прапанаваў ёй выйсці за аднаго са сваіх баяраў, ды ганарлівая княгіня вырашыла лепей прысвяціць сябе Хрысту і стала першаю на ўсходнеславянскіх землях манашкаю, прыняўшы імя Анастасія. Магло быць і іначай, як рабілася ў такіх выпадках у Візантыі: Рагнеду пастрыглі ў манастыр, не пытаючы яе згоды, а малога Ізяслава павезлі з Заслаўя ў Полацк.
Лёс адмераў чарніцы Анастасіі яшчэ дванаццаць гадоў жыцця. Яны прамінуць у келлі бясконцаю чарадою аднолькавых дзён — без дзяцей, без улюбёнага сына-заступніка, у растанні з роднай зямлёй. Недзе там, у Заслаўі, яе і пахавалі. Будзеце ехаць праз старажытны Ізяслаўль-Заслаўе (чыгуначная станцыя там называецца Беларусь), паглядзіце ў вакно, успомніце, што тут знайшла апошні спачын выратавальніца полацкай княжацкай дынастыі. Праз гарадок плывуць у Свіслач дзве рачулкі з адметнымі гістарычнымі імёнамі — Княгінька і Чарніца. На пачатку мінулага стагоддзя заслаўцы яшчэ называлі ўзвышша па-над Чарніцаю Чорнай гарою і апавядалі, што на ёй і жыла Рагнеда.
Ізяслаў перажыў маці адно на колькі месяцаў. Такое супадзенне дае падставы лічыць, што Уладзімір мог атруціць іх, каб не дазволіць Полацку ўзмацніцца, а старэйшаму сыну — прэтэндаваць калі небудзь на кіеўскі княжы пасад.
Некаторыя гісторыкі наогул ставяць пад сумнеў тое, што Уладзімір даводзіўся Ізяславу бацькам і лічаць, што крывавае вяселле ў Полацку адбывалася, калі Рагнеда пасля прыезду Яраполка са сватамі ўжо чакала ад кіеўскага князя дзіця. Даволі сумнеўнымі выглядаюць і летапісныя звесткі аб тым, што дзецьмі Рагнеды былі Яраслаў (Мудры), Мсціслаў (які пазней стаў князем чарнігаўскім), Усевалад і Прадслава з Праміславай. Калі былі, дык чаму тады ў Заслаўе непакорлівую палачанку выслалі з адным толькі Ізяславам?..
Захаванае летапісцамі паэтычнае паданне пра добраахвотны пострыг Рагнеды ў манашкі, каб унявесціцца Хрысту, кажа, што пры гэтым прысутнічаў яе сын Яраслаў. Ён ад нараджэння не валодаў нагамі, але, горача ўхваліўшы матчын выбар, нібыта адразу ж падняўся і пайшоў. Паданне часткова пацвердзілася пры вывучэнні парэшткаў Яраслава Мудрага ў сярэдзіне XX стагоддзя. Высветлілася, што пасля перанесенай у дзяцінстве хваробы ён сапраўды кульгаў. Але з летапісаў вынікае, што Уладзімір выправіў Рагнеду ў Заслаўе яшчэ да свайго хрышчэння. (М. Карамзін, які карыстаўся ў напісанні «Истории государства Российского» летапіснымі тэкстамі, што загінулі пазней у Маскоўскім пажары 1812 года, драматычную сутычку Уладзіміра з Рагнедай і заснаванне Заслаўя аднёс да 985 года.) Прычым з княгіняю быў Ізяслаў, а не Яраслаў, што атрымаў пасля бацькавага хросту Растоўскае княства.
Колькасць дзяцей, якія летапісы прыпісваюць Рагнедзе, дрэнна стасуецца і з яе становішчам нялюбай жонкі, і з самой працягласцю замужжа. Супярэчнасці паміж рознымі спісамі Уладзіміравых сыноў наводзяць на думку пра неаднаразовае рэдагаванне гэтых тэкстаў.
Даследчык гісторыі старажытнага Заслаўя Юры Заяц мяркуе, што змены ў летапіс маглі быць унесеныя за часамі Уладзіміра Манамаха або яго сына Мсціслава, якія захапілі вярхоўную ўладу ў абход законных прэтэндэнтаў. Прылічваючы свайго продка Яраслава Мудрага да сыноў Рагнеды, Манамах і яго сын імкнуліся абгрунтаваць «законнасць» уласных прэтэнзій на Полацкае княства.