Калі захочаце ўбачыць полацкія арганы святога Стэфана сёння, давядзецца з’ездзіць у Вільню і наведаць Святаянаўскі сабор, што на тэрыторыі ўніверсітэта. 3 1840 года там амаль два дзесяцігоддзі быў арганістам Станіслаў Манюшка, на ўспамін аб чым пад арганамі ўстаноўлены бюст кампазітара.
Перахрышчаны сабор быў корпусным, затым гарадскім кафедральным, бачыў расійскіх імператараў, сустракаў вернутыя на радзіму мошчы найпадобнейшай Еўфрасінні, а потым зазнаў здзекі бальшавіцкіх варвараў. «Па просьбах працоўных палачанаў» яго зачынілі і абезгалосілі — скінулі і адправілі на пераплаўку званы. Косці пахаваных у саборных сутарэннях людзей паскідалі ў адно месца, а ў падвалах зрабілі склад гародніны.
У 1936-м быў знішчаны унікальны старадаўні гадзіннік з боем, створаны віленскім майстрам Густавам Мундзі. (Званы знялі яшчэ на пачатку 1930-х.) Потым улады вырашылі выкарыстаць знявечаны сабор у якасці… «тэатральнай дэкарацыі». А ў 1963-м у выканкаме гарсавета нарадзілася рашэнне № 328 «О мероприятиях по сносу церкви и правого крыла бывшего кадетского корпуса». Пасля выбуху з гарадскога бюджэту было выдаткавана 40 тысяч рублёў — «на вывоз мусора».
У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Беларусі не засталося ніводнай вышэйшай навучальнай установы. Каланізатары зачынялі іх, баючыся росту нацыянальнага руху. Вышэйшая школа піяраў у Полацку, Віленскі універсітэт, ГорыГорацкі земляробчы інстытут…
Першай ахвяраю была Полацкая акадэмія.
Сёння яе лепшыя традыцыі аднаўляе Полацкі дзяржаўны універсітэт, гістарычна-філалагічны факультэт якога нядаўна пераехаў у старадаўнія акадэмічныя муры.
КАДЭЦКІ КОРПУС
Калі загаворыш з сярэднестатыстычным палачанінам пра кадэцкі корпус, звычайна пачуеш адно тое, што яго ўзарвалі. Знішчаючы старыя езуіцкія муры, сучасныя вандалы амаль дазвання зруйнавалі і памяць пра навучальную ўстанову, гісторыя якой налічвае ні многа ні мала — без чвэрці стагоддзе.
Яна пачынаецца ў 1830 годзе, калі Мікалай I зацвердзіў «Положение о губернских кадетских корпусах», што прадугледжвала стварыць корпус на чатырыста кадэтаў і ў Полацку. Вялікіх праблем з будаўніцтвам і абсталяваннем не ўзнікала, бо, як мы ведаем, якраз тады царскія ўлады зачынілі Вышэйшую піярскую вучэльню і прысабечылі ўсю былую маёмасць акадэміі. Корпусу дасталіся будынак кляштара, дзесяць ордэнскіх дамоў і шэсць дамоў скарбовых. Прызначаны архітэктарам Антоні Порта дакладваў начальству, што ўсю неабходную перабудову езуіцкай рэзідэнцыі можна закончыць за тры гады. Урад выдаткаваў на гэта 580 тысяч рублёў.
Цікава ўчытвацца ў тагачасныя казённыя расійскія паперы. Іх стыль і лексіка часам дзіўна нагадваюць нешта вельмі знаёмае з падзеяў нядаўніх часоў. Вось, напрыклад, «комиссия об устроении Полоцкого кадетского корпуса» на чале з беларускім генерал-губернатарам князем Хаванскім загадвае прыёру піярскага кляштара Барташэвічу «очистить помещение» ад кніг, музейных экспанатаў, карцін, музычных інструментаў і нотаў а таксама «от своего жительства». А вось некаторыя вынікі «очистки»: акадэмічная бібліятэка скарацілася па колькасці тамоў у дваццаць разоў, багадзельню ператварылі ў корпусную пральню, у батанічным садзе зрабілі дрывотню.
Кадэцкія карпусы афіцыйна былі сярэднімі навучальнымі ўстановамі з ваенным рэжымам, з выпускнікоў якіх камплектаваліся вайсковыя вучэльні. На захопленых Расіяй землях яны, аднак, адыгрывалі значна большую ролю. Пра яе скажа на 50-гадовым юбілеі корпуса яго выпускнік, сапраўдны стацкі саветнік Пятроў: «Прошу всех иметь в виду, что Полоцкий кадетский корпус волею императора Николая Павловича учрежден для проведения в Западном крае идеи русского просвещения, русского патриотизма и русского дела. Западный край историческими обстоятельствами был оторван от России, и в нем едва не был забыт русский язык, и едва не было уничтожено древнее православие. Но мы, получившие образование в Полоцком корпусе, в тех стенах, где некогда иезуиты строили свои ковы, должны всеми силами стремиться поднять в крае русское дело и заботиться об окончательном воссоединении этого искони русского края с православною Россиею».
Адкрыццё новай навучальнай установы адбылося 25 чэрвеня 1835 года. На той дзень у корпус былі прынятыя са шляхецкіх сем’яў 54 падлеткі ва ўзросце з дванаццаці да чатырнаццаці гадоў. Раніцой іх пашыхтавалі ў рэкрэацыйнай зале. Дырэктар адрэкамендаваў кожнага пайменна генерал-губернатару і даў каманду: «На молитву направо, скорым шагом марш!» Пасля літургіі ў Мікалаеўскім саборы праваслаўны полацкі епіскап Смарагд сказаў перад вернікамі прачулае слова. Хлапчукі ў навюткай кадэцкай форме пачулі, што мусяць «образоваться прилично благородному сословию и стать полезными сынами России». Потым корпусныя будынкі пакрапілі святой вадою, і госці селі палуднаваць. У другой палове абеду ў сталоўню запрасілі выхаванцаў. Тыя ласаваліся дэсертам, крычалі пры тостах «ура!» і ломкімі галасамі спявалі «Боже, царя храни». Увечары яны гулялі па ілюмінаваным пляцы, над якім гарэў на саборы царскі вензель.