Подвижная, c глазами, принимавшими разные выражения, и, главное, говорящая на всех употребительных языках, голова эта, понятно, приводила в недоумение, восторг и в то же время возбуждала страх. Иезуит, сопровождавший посетителей музея, приглашал их задавать какие угодно и на каком угодно языке вопросы. Голова немедленно отвечала внятно, громко, логично, с полным знанием обстоятельств и обстановки спрашивавшего, так что тот приходил просто в ужас».
Езуіцкі збор рэдкасцей меў мноства мастацкіх вырабаў з каштоўных камянёў, каралу і бурштыну. Ад выгляду ўсіх гэтых табакерак, пячатак, мазаік, кубкаў разбягаліся вочы. Захапленне ў гасцей выклікалі зробленыя са слановай косці партрэт Кацярыны Вялікай у срэбнай асадзе і яйка з мініяцюрнымі шахматамі, шашкамі і кеглямі. Сем ёмістых скрынак займала нумізматычная калекцыя. Дадайце сюды археалагічныя знаходкі, кітайскі посуд, біўні мамантаў, зброю розных плямёнаў і народаў, рукапісы старажытных актаў, велізарную калекцыю ракавін… Адметнасцю Полацкага музея была прызначаная для заняткаў маляваннем зала архітэктонікі з унікальным зборам копій і мадэляў старажытных будынкаў, мастоў, калонаў.
Прайшоўшыся па залах музея, пабудаванага па тыпу кунсткамеры і адчыненага ў 1787 годзе, затрымаемся ў карціннай галерэі. Яе, як і музей, таксама стварыў Габрыэль Грубэр. Ад напісаных на дрэве карцін Рубенса «Смерць Архімеда» і «Пошукі Архімедавай магілы» пяройдзем да вельмі добрых копіяў з Рафаэля і Тыцыяна. На процілеглай сцяне цэлы шыхт партрэтаў еўрапейскіх манархаў, побач з якімі дзеячы Рэфармацыі Марцін Лютэр і Жан Кальвін. Скульптуры, дзве тысячы гравюраў. Некалькі вялікіх палотнаў самога Грубэра, майстра перспектывы і аўтара вельмі прафесійных фрэскавых размалёвак музейных сценаў. Мастацкі летапіс калегіума ў выглядзе дзесяткаў выяваў вядомых педагогаў і выпускнікоў. Адзін з гэтых партрэтаў — магістра архітэктуры і жывапісу Язэпа Прозара — захоўваецца сёння ў Маскве, другі — прафесара старажытных усходніх моваў Міхала Квіена — у калекцыі Беларускага мастацкага музея.
Яны могуць належаць пэндзлю мастака I. Дарэці, які працаваў у Полацку ў 60-я гады XVIII стагоддзя.
Можа, нам пашанцуе, і каля выхаду з галерэі, побач з трыма драўлянымі манекенамі ў рыцарскіх панцырах, мы сустрэнемся з маэстрам Грубэрам. «У гэтай прыгорбленай постаці, — пісаў пра яго сучаснік, — з вялізнай, зусім непрапарцыйнай малому целу і завостранай уверсе галавой, змяшчаліся розум і талент дэмана і найзлейшае сэрца; у заўсёды апушчаных долу вачах блішчэла нейкае злавеснае святло; сціплая і як быццам нясмелая хада хавала самыя ганарлівыя і дзёрзкія планы душы».
Аўтар партрэта відавочна не належаў да Грубэравых сяброў, але ў тым, што да розуму і дзёрзкасці планаў, не памыляўся.
Здаецца, нельга знайсці такую галіну навукі ці мастацтва, у якой прырода не надзяліла б прафесара талентам. Матэматык, гісторык, хімік, музыка, медык, кандытар… Жывапісец і спрактыкаваны гравёр з цвёрдай рукой, ад якога атрымаў першыя ўрокі майстэрства Фёдар Талстой. Мовазнаўца, што вольна валодаў лацінай, італьянскай, французскай, нямецкай, польскай, расійскай і беларускай мовамі. Такая універсальнасць спрыяла Грубэру-палітыку. Калі расійскі трон заняў Павел I, дзвюх думак наконт таго, хто паедзе з місіяй да новага імператара, у Полацку не ўзнікла.
Айцец Габрыэль адразу займеў уплывовыя знаёмствы ў найвышэйшых сталічных колах. Аднойчы, калі ўсе прыдворныя медыкі распісаліся ў бяссіллі, ён вылечыў імператрыцу Марыю Фёдараўну ад зубнога болю. Павел узнагародзіў Грубэра ордэнам, але той сціпла адмовіўся, растлумачыўшы, што статут Таварыства Ісуса не дазваляе прымаць свецкія ўзнагароды, а абавязвае служыць валадарам толькі дзеля славы Божай.
Уражаны адукаванасцю полацкага прафесара імператар з прыемнасцю бавіў з ім вечары. Неяк Павел паскардзіўся, што ў сталіцы ніхто не ўмее гатаваць такі смачны шакалад, які ён піў некалі ў італьянскім езуіцкім кляштары. Грубэр прапанаваў свае паслугі, i, пакаштаваўшы напой, цар пацвердзіў: у Італіі яго частавалі дакладна такім.
Прафесар атрымаў дазвол наведваць імператара ў любы час і заходзіць у кабінет без дакладу. Пад уплывам Грубэра Павел I у 1801 годзе дабіўся ад Ватыкана афіцыйнага прызнання езуіцкага ордэна ў Расійскай імперыі. Пра давераную асобу цара дачуўся Напалеон. Ён наладзіў з прафесарам таемнае ліставанне, маючы на мэце разарваць хаўрус Санкт-Пецярбурга з Лонданам. Неўзабаве расійскія газеты ўзяліся ганіць усё англійскае. Справа ішла так паспяхова, што быў спалены ўвесь наклад выдадзенага ў полацкай езуіцкай друкарні календара на 1800 год, куды трапіў ухвальны артыкул пра брытанскі каралеўскі флот.
Грубэр заняў пасаду рэктара створанага ім у Пецярбургу калегіума. Тут вучыліся сыны шмат каго з расійскіх арыстакратаў. Дзевяць выпускнікоў сталі ўдзельнікамі снежаньскага паўстання 1825 года на Сенацкай плошчы, і гэта дало падставы аднаму з гісторыкаў ордэна сцвярджаць, што ідэі дзекабрызму ўзгадаваныя Таварыствам Ісуса. (У 1991 годзе на італьянскім востраве Капры адбыўся адмысловы семінар на гэтую тэму.)