Цар не вылучаўся пабожнасцю. Хоць ён і заходзіў у храмы, зняўшы парык, але не цырымоніўся нават з расійскім духавенствам. Што ўжо казаць пра неправаслаўных! Уніятаў Пётр проста ненавідзеў. У хвіліну шчырасці ён сказаў Аўгусту II, што ў Вялікім Княстве Літоўскім павінны застацца толькі «ваша (значыцца, каталіцкая) і наша царква». У Віцебску цар загадаў пасекчы ўсе абразы з выяваю Ясафата Кунцэвіча. Не спадзеючыся на лепшае і ў Полацку, манахі-базыляне (яны мелі тады мужчынскі і жаночы кляштары пры Сафійскім саборы і Барысаглебаўскі ў Задзвінні) адправілі срэбную труну з мошчамі святога Ясафата ў Жыровіцкі манастыр пад Слонімам.
Сваё стаўленне да тагачаснай веры большасці нашых продкаў імператар засведчыў не дзе-небудзь, а ў кафедральным Сафійскім саборы.
Назаўтра пасля імянінаў Пётр з Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі, ніштавата выпіўшы, зайшоў у галоўны полацкі храм. Простых вернікаў-уніятаў у Сафіі гэтай парою не было, маліліся адно шасцёра святароў і манахаў. Выгляд рахманых чарнарызцаў, якія ў параўнанні з двухметровым імператарам і прыдворнымі не вылучаліся ні ростам, ні дужасцю, надаваў падпітым візітантам смеласці. Цар гучна запатрабаваў зрабіць яму экскурсію па храме.
Вікарый Канстанцін Зайкоўскі мусіў перапыніць імшу і падпарадкавацца. У кожным алтары цар спыняўся, і святар апавядаў пра паходжанне абразоў, з халадком на сэрцы чакаючы, калі яны падыдуць да выявы Ясафата, якую уніяты ўсё ж не знялі.
Адвесці небяспеку было ўжо немагчыма. «Хто гэтатакі?» — зароў Пётр, убачыўшы знаёмае аблічча полацкага арцыбіскупа. Айцец Канстанцін, не страціўшы мужнасці, распавёў пра жыццё і пакутніцкую смерць Кунцэвіча. «Хто ж яго адправіў на той свет?» — дапытваўся імператар з шалёным агнём у вачах. Вікарый цвёрда адказаў: «Святога айца Ясафата пазбавілі жыцця віцебскія схізматыкі».
Гэтага хапіла, каб цар выцяў немаладога святара пудовым кулаком. Зайкоўскі ўпаў і Пётр пачаў біць ляжачага вікарыя кіем, а потым секчы шабляй. Меншыкаў выхапіў палаш і адным ударам забіў прапаведніка Феафана Кальбячынскага — той якраз прымаў перад алтаром блажэннага Ясафата прычасце. Беручы прыклад з раз’юшанага гаспадара, афіцэры ўжо секлі рэгента саборнага хору Якуба Кнышэвіча, айцоў Юзафа Анкудовіча і Мялеція Кандратовіча. Святыя глядзелі з абразоў, як па храме плыве крывавая ручаіна.
Старога архімандрыта Якуба Кізікоўскага царовы служкі забралі ў свой лагер і ўсю ноч катавалі, патрабуючы паказаць, дзе схаваны саборны скарб. Уранні айца Якуба павесілі. У пятлі сканаў і зранены вікарый Зайкоўскі. Уратаваўся ад каранаванага ката з памагатымі адзін Юзаф Анкудовіч — толькі з тае прычыны, што яго палічылі забітым. Целы пяцярых ахвяр, паводле волі Пятра, спалілі, а попел развеялі над Дзвіной, каб магілы пакутнікаў не сталі месцам паломніцтва.
Забойства святара — найцяжэйшы грэх перад Богам, а калі яно ўчыненае яшчэ і ў храме, падчас набажэнства… Пётр I прэтэндаваў на ролю цывілізаванага манарха, але дзікунскае злачынства ў Сафійскім саборы выстаўляла яго сапраўдным азіяцкім тыранам. Трэба было неяк спыніць непажаданыя размовы пры еўрапейскіх дварах, і на свет нарадзіўся падпісаны царскай рукою мемарыял — выдатны ўзор таго, як у царскай імперыі ва ўсе часы з чорнага бессаромна рабілі белае: