Страта фарпоста еўрапейскай цывілізацыі і жорсгкасць, з якой маскоўскі цар расправіўся з абаронцамі і мірным насельніцтвам найбуйнейшага беларускага горада, выклікалі гучны рэзананс у іншых краінах. «Лятучыя лісткі» з апісаннем полацкай трагедыі выходзілі панямецку, чэшску, англійску, французску, галандску, лацінску ў розных гарадаў Еўропы ад Любека да Ліёна. Найбольш арыгінальным сярод тых спецвыпускаў першых еўрапейскіх газет іх даследчык Еенадзь Сагановіч называе выдадзеную ў Нюрнбергу «Вельмі страшную новую газету пра Маскавіта, які некалькі дзён таму з дзікім тыранствам захапіў і падавіў Полацк — высакародны горад і фартэцуЛітоўскай зямлі…». Еэтае вершаванае апавяданне, напісанае інфлянцкім немцам Ёганам Райнгардам, мае падзагаловак — «Жаласны плач горада Полацка».
Некаторыя выдаўцы побач з тэкстамі друкавалі партрэты маскоўскага цара, часта ў выглядзе турка, а адзін з выпушчаных у горадзе Аўгсбургу «лятучых лісткоў» прапаноўваў заходняму чытачу нават выяву штурму горада.
Заваёўнікі ні дня не пачуваліся ў бяспецы. На месцы спале — нага пасада на захад ад адбудаванага Верхняга замка яны рукамі палачанаў паставілі Ніжні. (Цяпер там стадыён «Спартак».) Ён меў дзесяць ці адзінаццаць вежаў з дубовага бярвення. ТТаміж дзвюма суседнімі вежамі цягнулася сцяна з гарадзён, у адной з якіх рабілі малую стральніцу дпя ручной агняпальнай зброі і вялікую — дпя гарматы. Зверху на сценах месціліся крытыя баявыя пляцоўкі, адкуль у аблогу можна было страляць, скідваць камяні, ліць вар і смалу. У паўднёвай частцы замка была сажалка з крыніцаю, дзе пазней утварылася так званае Папова балота. У замку жылі толькі царскія ваякі, ад чаго і паходзіць яшчэ адно яго найменне — Стралецкі. (Полацкая тапаніміка дагэтуль захавала дзве тагачасныя назвы: Стралецкую вуліцу і вал Івана Грознага — ім быў абнесены Ніжні замак.)
Два замкі злучаліся ўздымным мостам. Моцнай фартэцаю з драўлянай сцяной і глыбокім ровам стала Запалоцце. 3 Верхняга замка туды пры самым вусці Палаты вёў драўляны мост на палях. 3 Ніжняга выходзіла на Віцебск дарога, што звалася Крывічанскай. (Чаму б не аднавіць у гарадской тапаніміцы і гэтую назву?)
Пад маскоўскія залогі ў наваколлі ўзводзіліся новыя замкі. Аўтар «Запісак пра Маскоўскую вайну» Рэйнгольд Гейдэнштэйн піша: «На пскоўскай дарозе на паўвыспе паміж рэкамі Дрысаю і Нішчаю, супроць літоўскіх фартэцаў Дзісны і Дрысы маскавіты пабудавалі фартэцы Сокал і Нешчарду на возеры з тою ж назваю, Сітна па дарозе на Вялікія Лукі, потым Казьян на рацэ Обалі і Усвят на суднаходнай рацэ з тым самым назовам, што зліваецца з Дзвіною каля Суража. Казьян супроцьстаяў Упе, Усвят — Віцебску і Суражу. На левым баку Дзвіны цар пабудаваў у вусці аднайменнай ракі Туроўлю, а на месцы, вельмі ўмацаваным і абкружаным з усіх бакоў вадою (на возеры Суша за трыццаць вёрст ад Туроўлі), узведзеная фартэца Суша, што пагражае Літве». Апрача таго, ён дадаў да пералічаных замкаў Красны, «які таксама ляжыць на высокім месцы ў накірунку да Літвы».
У снежні 1563-га ў Полацкай зямлі надарылася нечуваная залева. Паводка з гучным, як гарматныя залпы, трэскам узламала лёд, і караблі па Дзвіне хадзілі да самых Калядаў Тым часам Жыгімонтавы паслы спрабавалі ў Маскве на паўгода замірыцца з царом. Як зазвычай, з абодвух бакоў выстаўляліся велізарныя прэтэнзіі, але ўрэшце Іван ГѴ перадаў літоўскаму пасольству, што можа падпісаць мір і на дзесяць гадоў, абы аддалі Маскве Лівонію і Полацкую воласць. Да гэтага цар дадаў яшчэ колькі слоў у сваім дыпламатычным стылі: «Не хоча мне кароль царскага імені даваць — вольнаму воля! Не маю патрэбы ў тытуле, бо ўсім вядома, што род мой ад рымскага кесара Аўгуста». Паслы не сталі спрачацца наконт генеалогіі, але прызнаць Полацка за Масквою не захацелі.
Вайна працягвалася. Царскія палкі падчас перамоваў ужо збіраліся ў Вязьме, Дарагабужы і Смаленску. Полацкаму намесніку Пятру Шуйскаму было наказана выступіць да Оршы і, сустрэўшыся паблізу яе з ваяводамі СярэбраныміАбален-скімі, выпальваючы Літву, ісці на Менск і Наваградак.
Шуйскі з 25-тысячнай раццю рухаўся, быццам па сваёй зямлі: дазоры наперад не пасылаў панцыры і зброю вёз на санях — і быў за гэта жорстка пакараны. Найвышэйшы гетман Мікалай Радзівіл, што стаяў у Лукомлі, узяў з сабою адборных коннікаў і каля вёскі Іванск на беразе Улы раптоўна ўдарыў па ворагу. Стральцы не паспелі ні надзець браню, ні стаць у палкі. Надвечар царскія ваякі, кінуўшы абоз, пабеглі.
Пераследаваць і дабіваць захопнікаў Радзівілу дапамагалі тамтэйшыя жыхары. Просты селянін з Іванска забіў сякераю самога ваяводу Пятра Шуйскага. Ад куляў шабляў і дзідаў палегла дзевяць тысяч чужынцаў і столькі ж патанула. Пераможцы захапілі дванаццаць ваяводаў і абоз з трох тысяч вазоў Мацей Стрыйкоўскі паведамляе, што ў 1580 годзе падарожнікі яшчэ бачылі на месцы бітвы кучы непахаваных костак.