Тады аб чым яна цяпер марыла? Ці не пра вясну? Не пра маладосць? Не пра каханне? Час быў самы спрыяльны – красавік, сярэдзіна месяца, сонца, трава, дзьмухаўцы.
Яна ўздыхнула і падумала, як увогуле цудоўна было б жыць, каб не алергія, а яшчэ больш – каб не гэтае адчуванне незавершанасці, няскончанасці, недаведзенасці да канца: і на кінастудыі, і дома, і ў душы. Увесь час як бы не хапала нейкай адной маленечкай драбязы, але без якой усё складвалася не так.
Гэтае адчуванне было з ёй заўсёды, вось як нібыта маланка бліснула, і чакаеш грому, ужо нават адкрыўшы рот, каб не аглухнуць ад раптоўнасці. А грому ўсё няма.
12
У адным рамане іранічна, паказваючы абсурд сітуацыі, была апісана ўніверсітэцкая кафедра французскай мовы і літаратуры, загадчык якой меў цікавую асаблівасць: ён ніколі не размаўляў па-французску і не любіў і не разумеў французскай літаратуры. Менавіта так, толькі зусім не ў гратэскна-іранічным плане, і гэта была не “цікавая асаблівасць”, а панылая заканамернасць, адбывалася і на нашай г. зв. нацыянальнай кінастудыі.
Гендырэктар “FilmBellа” Хрушчанка быў пераведзены ў кінавытворчасць са сферы ідэалогіі, у якую ў сваю чаргу патрапіў з сельскай гаспадаркі. Так рабілі знарок, бо лічылася, што вузкія спецыялісты-прафесіяналы замыльваюцца, а чалавеку збоку відней, таму ён лепш і хутчэй разбярэцца. Апынуўшыся на кінастудыі, Хрушчанка імгненна зразумеў, якія тут правілы, што ад яго патрабуецца, і старанна, нават апантана пачаў выполваць усё нацыянальнае. Ужыванне белмовы ў фільмах ён дапускаў толькі адмоўнымі персанажамі. Для станоўчых рабіў адзіную саступку: замест
– …Так, існуюць пэўныя цяжкасці, і мой калектыў пра іх ведае. Кожны тыдзень я праводжу дзве нарады, на якіх знаёмлю мой калектыў з усімі праблемамі кінастудыі. – Гендырэктар убачыў Інгу і запрашальна паказаў рукою, каб заходзіла. Інга зайшла, ён кіўнуў на крэсла, а сам працягваў: – Студыя ў складаным становішчы… дэбітарская запазычанасць… але, нягледзячы ні на што, мы спрабуем працаваць, так – працаваць.
Нарэшце паклаў трубку.
– Слухаю вас.
Хрушчанка быў маленькі, кучаравы, з птушыным, завостраным на канцы носам, з чорнымі шчотачкамі броваў, якія варушыліся, з чарнявымі круглымі вочкамі, якія бегалі за празрыстым шклом акуляраў. На ім быў тонкі паласаты швэдар пад карычневым пінжаком. На стале, сярод папераў, Інга заўважыла нешта вельмі знаёмае – белы флакончык. Яна ведала, што ў Хрушчанкі таксама алергія, таму і акно зачынена, і ён карыстаецца такімі ж, як і яна, сродкамі – кроплямі ў нос. Ён перахапіў яе позірк.
– Мы з вамі калегі. У плане алергіі.
– Спадзяюся, не толькі ў гэтым плане.
Яна паклала перад ім папку, дзе была выпіска з вынікамі конкурсу, пратакол-заключэнне журы і старонка сінопсіса “Месца”. Хрушчанка прабег усё вачамі, упіўся ў сінопсіс, прачытаў і адклаў асадку.
– Сучасная тэма?
– Паводле ўмоваў конкурсу.
– Як па мне, – сказаў ён, – уся гэтая сучасная тэма лішняя. Я б яе ўвогуле адмяніў.
– Што вы прапаноўваеце?
– А чым вам не падабаецца, дапусцім, вось гэтая рэч: “Світанкі над Прыпяццю ціхія”? Па-мойму, цікавая, надзённая рэч.
Інга ўважліва на яго паглядзела, гонячы ад сябе нядобрае прадчуванне. Гэтыя “Світанкі” быў амаль слова ў слова перадраны сюжэт з вядомага савецкага фільма пра жаночы батальён, які ў карэльскіх лясах і балотах пад кіраўніцтвам немаладога старшыны адбіваецца ад фашысцкага дэсанта.
– Харошая тэма, – сказала яна. – Галоўнае, арыгінальная.
– Я ведаю, – улавіў ён іронію, – вы маеце зуб на мяне. Не вы канкрэтна, а ўсе. Думаеце, стары рэтраград і таму падобнае.
– Не час пра гэта, – перабіла яна. – У нас жа быў нядаўна ваенны фільм. Па вашым сцэнарыі, дарэчы.
– Ну і што? Яшчэ адзін здымем. Ваеннай тэмы многа не бывае. Ці вы лічыце, што гэта так ужо бездапаможна? – з лёгкім дакорам спытаў ён.
– Проста нікчэмна. І па тэме не падыходзіць. Тэма конкурсу: кранальны лірычны сучасны фільм.
– Але ж і патрыятызм ніхто не адмяняў. Падумайце самі. З аднаго боку правераны, абкатаны, надзейны сцэнар, з другога – малазразумелы тэкст нейкага нікому невядомага першакурсніка. Я ўжо не кажу, што на вайну заўсёды ёсць заказ, а значыць, і фінансаванне. А нашы фінансавыя справы ахавыя.
Звычайна Інга ніколі ні з кім не ваявала, нервы даражэй. Але тут найшла каса на камень. Надта рэзала вочы несправядлівасць. Яна сказала: