Увесь час яго турбавала адчуванне няпэўнасці ад таго, як паставяцца яго змораныя байцы да новае весткі, што нёс ім сяржант ад камандзіра батальёна. Вядома, нікому яна, гэтая навіна, не здасца прыемнай, але калі ўзяць, напрыклад, яго, сяржанта Жаркова, дык ён нейкім чынам усё ж камандзір, разумее магутную сілу вайсковага «трэба» і падпарадкуецца ёй, а вось што скажуць салдаты? Тарасікаў, вядома, нічога не скажа, ён толькі апанурыцца, як заўжды перад боем; напэўна, уздыхне ды якою прымаўкаю памяне салдацкую долю стараваты Гушчын, а вось Рыбчонак, напэўна, не змоўчыць. І яшчэ немаведама, як паставіцца да новай атакі маўчун гэты − Няроўны? Ён нядаўна ў роце, характара нейкага дужа ўжо труднага, цвярдога, як умерзлая зямля, маўчыць, зрэдку толькі вылаецца − слова па шчырасці ад яго не дабіцца ніколі. Раней дык хоць упраўляўся з усім лейтэнант, ведама ж, афіцэр, а ці таксама паслухаюцца яго, сяржанта, як слухаліся раней ротнага-афіцэра? Тым больш, што гэткая цяжкая і небяспечная справа выпадала ўсім ім у гэтую ноч.
Здалося Жаркову, што рота павінна быць недзе тут блізка. Сяржант прыпыніўся на момант, услухаўся ў цемрадзь і недзе збоку пачуў рэдкія прыглушаныя галасы і тупанне рыдлёвак у зямлі. «Акопваюцца», − падумаў ён і збочыў у тое месца, дзе былі людзі.
Нешырока разышоўшыся па пагорку, яны дзяўблі кожны сабе маленькі акопчык крокаў праз пятнаццаць адзін ад аднаго. Бліжэйшым да сяржанта аказаўся Няроўны − вялікая, каржакаватая ў ватоўцы постаць таго няпэўна шавялілася сярод чорнае плямы накапанай зямлі. Пачуўшы Жаркова, ён на момант выпрастаўся, угледзеўся ў сяржанта, пазнаў і зноў сагнуўся ў яміну.
− Адставіць капаць! − сказаў у цемру Жаркоў. − Давай усе сюды.
Няроўны выпрастаўся ў неглыбокай, да калень, яміне, няўцямна паглядзеў на камандзіра, адклаў лапату і моўчкі вылез наверх. Пагадзя з цемры, валюхаючы, выйшаў Гушчын, за ім пачуўся кашаль Тарасікава, ён бег да камандзіра. Не было толькі Рыбчонка.
− Схадзі таго глушца артмайстра пакліч, − прасіпеў Гушчын Тарасікаву. − Не чуе ж.
Тарасікаў паслухмяна вярнуўся ў цемру, а Гушчын зняў з галавы каску, сеў на яе ля сяржантавых ног і пачаў аддзіраць паперку.
− Закапалі лейтэнанта, вечная яму памяць, − паведаміў ён, відаць, адчуваючы сябе тут быццам намеснікам камандзіра-сяржанта. − А той з нагой пайшоў у санчасць. Яшчэ двое − Бяляк і Сухавееў − таксама выйшлі. Тожа параненыя, у Сухавеева рука разбіта. Пайшлі ў тыл.
Жаркоў ціхенька падавіў уздых і моўчкі пачакаў, пакуль у цемрадзі не завалюхалі дзве постаці.
− Ты чаго не паклікаў, Магіла? − без усякай асцярогі гучна загаманіў Рыбчонак. Жаркоў шыкнуў на яго.
− Не чуў я! − апраўдваючыся, зноў гэтак жа голасна і не ў лад сказаў Рыбчонак. − Аглушыла ў балоце.
− А ты і раней «дай» не дачуваў, толькі «на», − глуха зазначыў Гушчын. Рыбчонак насцярожыўся, пэўна, нешта крыўднае пачулася яму, і хлопец зазлаваўся:
− Ты, Магіла, маўчы! Скажаш лепш, як цябе жонка бэхала, − баец развязна засмяяўся. − Пашкадаваў бабу, з дзецьмі ўзяў, а яна без жаласці. − І да Гушчына: − Эх, і даставалася табе, праўда? Добра, вайна пачалася, а то ўходала б!
Гушчын засоп і памарудзіў з адказам. Стары салдат, відаць, нахмурыўся за тое і рашыў за лепшае змоўчаць. Жаркоў адчуў, што размова пераступіла мяжу жартоўнага і сказаў:
− Кінь, Рыбчонак!
− Га?
− Хопіць, кажу, прытварацца. Слухайце задачу.
− Што я выдумляю?! − здзівіўся Рыбчонак. − Ягоны ж зямляк Вырчанка з пятай роты сам казаў. Чацвёра чужых дзяцей гадуе, а баба б’ецца, як тыгра!
− Загадана зноў атакаваць, − сцішана і сур’ёзна паведаміў Жаркоў. − Праз гадзіну. Даюць нам сувязістаў і яшчэ некага. Чацвёртая і пятая роты ад лесу, а мы адсюль.
Стала ціха, адчувалася ў цемры, як байцы апанурыліся і сядзелі не кратаючыся. Адзін Рыбчонак, недачуўшы, перапытаў:
− Куды? Га?
− Да кудыкі, − прасіпеў яму ў вуха Гушчын. − Усё туды ж. А артылерыя як, ці падсобіць? − запытаўся ён у сяржанта.
− Артылерыі пакуль няма. Прыйдзецца нам знянацку як. Інакш нічога не выйдзе. Я думаю так… − Сяржант прысеў у доле і паказаў на балацявіну. − Паціху падпаўзем па балоце да ўзмежка… Толькі б не заўважылі. А з-за ўзмежка, як дадуць ракету, усе ўраз на кулямёты надавім, не можа быць, каб не заўважылі. Толькі смялей трэба. Усім разам. Гранаты ёсць?
− У мяне дзве толькі, − слабым ад кашлю голасам сказаў з цемры Тарасікаў.
− У мяне гранат гэтых са тры ёсць, ага, − прасіпеў Гушчын.
− Што? Атака? − толькі цяпер зразумеў гаворку Рыбчонак. − Якая ўчорта атака?! Пяць чалавек! − ён узрушана ўскочыў з долу. − Здурнелі яны там ці што!
− Ціш ты, Рыбчонак! − са злосцю прыкрыкнуў на яго Жаркоў. − Ад таго, што пакрычыш, загад не адменіцца.
− Не, ужо годзе! − крыкнуў Рыбчонак. − Я кантужаны. Пайду ў санчасць.
− Нікуды не пойдзеш! − ціха, але цвёрда сказаў сяржант. − І давай рыхтавацца. Каб нічога ні ў каго не брэнькала, паўзці будзем. Зразумела? Разыдзіся!
Шэрыя постаці ў чорным доле заварушыліся, Рыбчонак, лаючыся, пайшоў на сваё месца. Няроўны моўчкі пачаў нацягваць на ватоўку шынель. Гушчын затрымаўся і, слінячы цыгарку, разважаў: