− Падрыхтавацца да атакі. Ты, сяржант з шостай роты…
як тваё прозвішча?
− Сяржант Жаркоў, − падказаў кулямётчык.
− Жаркоў? Камандую батальёнам я. Слухай задачу. Атрымаеш сувязістаў, яшчэ сапёраў дам, колькі будзе, ездавых,
і атакуеш гэтыя праклятыя Ручайкі. Цераз балота. Чацвёртая і пятая роты − ад лесу. Сігнал атакі − чырвоная ракета. Гатоў-насць праз гадзіну. Зразумеў?
− Зразумеў, таварыш капітан.
− Шагам марш, − уладарна распарадзіўся новы камбат. − Цярэшкін, камандзіраў чацвёртай і пятай рот ка мне. Міна-мётчыка таксама. Жыва!
3.
Застаўшыся ў варонцы ўтраіх, яны нейкі час нялёгка і на-сцярожана маўчалі. Люся выключыла рацыю і развінчвала ан-тэну, Сахно моўчкі і зацята стаяў у дне на льдзіне, Васілевіч адышоўся ўбок і сеў на краі варонкі.
Наўкола ляжаў чорны начны абшар. У небе высыпалі зор-кі, з-за зубчатых верхавін хвойнікаў вылезла на небасхіл сцёр-тая палавінка месяца. Падмарожвала. Над хмызняком за пагоркам, недзе далёка на фланзе, міргалі, затухалі і зноў мірга-лі нябачныя адсюль ракеты, і шырокія размашыстыя водсветы гулялі ў небе. З вёскі − тых самых злашчасных Ручайкоў, якія не мог узяць батальён, − выпырхнула ў неба чарада тра-сіруючых куль, данеслася прыглушанае «тр-р-р-р-р-р-р-р».
Капітаны, зацяўшыся адзін на аднаго, маўчалі. Нешта раптоўна і нечакана здарылася між імі − нядаўнім камбатам і ягоным намеснікам, − яно нябачнаю сілай адразу раз’яднала гэтых нядаўна яшчэ, здавалася, блізкіх людзей. Недамоўленае і, можа, недадуманае тое адчувалі абое, але яны па-рознаму адносіліся да яго і таму маўчалі. Капітан Васілевіч, трохі пакрыў-джаны і збянтэжаны тым, што адбылося, не ведаў, як лепей паставіцца да Сахно, каб выклікаць яго шчырасць, без якой яны ніколі б не маглі дамовіцца.
− Слухай, ты не спяшайся, − знарок супакоена сказаў Васілевіч. − Пад ранак, можа, артылерыя падыдзе, тады лягчэй будзе.
− А загад? − зашархатаў палаткай Сахно. − Загадана ж да ран-ка ўзяць.
− І думаеш возьмеш?
Сахно незадаволена патупаў на месцы, паварушыўся і, не адказаўшы, сеў на схіле варонкі па другі бок ад Васілевіча. Былы камбат з нейкім здзіўленнем паглядзеў у змроку
на яго. Здалося капітану, што ягоны нядаўні намеснік неяк наўмысна адасобліваўся ад яго, замыкаўся і нешта таіў у сабе ад усіх. Такая няшчырасць не сказаць, каб была нечаканай
у гэтым чалавеку (Васілевіч і раней прыкмячаў нешта затоена-уласнае ў Сахно, у стаўленні яго да іншых людзей − і падначаленых, і начальнікаў), але пакуль Васілевіч быў камандзірам батальёна, а ён − ягоным падначаленым, здавалася, усё між імі было добра. Праўда, цяпер вось становішча змянілася, мусіць, з ім змяніліся і іх узаемаадносіны. «Ось ты які!» − падумаў пры сабе капітан. Але тая новая рыса ў характары Сахно болей здзіўляла, чым непакоіла Васілевіча. Куды болей важна было, як дамагчыся, каб не трапіць з батальёнам
у яшчэ горшую бяду з гэтай скараспешнай атакай.
− Слухай, звяжыся яшчэ раз і растлумач яму, − настойваў Васілевіч, маючы на ўвазе камандзіра палка. − Інакш загубіце батальён.
Люся, учуўшы гэта, перастала збіраць сваё начынне і запы-тальна зірнула на Васілевіча.
− Дык што, выклікаць?
− Няма чаго выклікаць! − з прыкрасцю азваўся Сахно, дачы тым зразумець радыстцы, што гаспадар рацыі ўжо ён, а не Ва-сілевіч. − Прасіць яшчэ, угаворваць… Не дзеўкі! Загадана − атакуем.
Ён нервова ўскочыў і зноў затупаў ботамі ў дне варонкі. Люся ж яшчэ перапытала Васілевіча:
− Уключыць, таварыш камбат?
− Я ўжо не камбат, − сумна ўсміхнуўся ў цемры капітан. − Пытайце вун капітана Сахно.
− Згортвайце рацыю, малодшы сяржант! − афіцыйна загадаў Сахно. Люся без асаблівай увагі на яго словы, сваім чынам, не спяшаючыся, пачала збіраць антэну, шнуры, упакавала скрынку і паставіла яе на край ільдзіны, а сама скорчылася побач, наставіўшы каўнер кажушка і зябка захінуўшы калені.
Капітан Васілевіч кусаў у цемрадзі вусны і думаў, што калі ён не прадпрыме нечага найважнейшага, то быць заўтра самаму благому, што можа здарыцца на вайне − іх напаткае разгром. Немцы паспелі ўжо арганізаваць супраціўленне, батальён выдыхся за тыдзень наступлення па гразі і балотах, тылы адсталі, артылерыя таксама, − вядома, што сходу аргані-заванай абароны ім не прабіць, тым больш, што і прабіваць ужо няма чым. Ён думаў, што калі б спакойна давесці ўсё гэта да камандзіра палка і прымусіць яго ўнікнуць у становішча батальёна, ён бы зразумеў і да часу адмяніў бы атаку. Камандзір палка быў упарты і наравісты чалавек, ззаду яму ўсё здавалася, што батальёнам не хапае ініцыятывы, што камандзіраў трэба прымушаць, прыкрыкваць на іх і што, калі добра паднаціснуць, дык можна дабіцца ўсяго, што трэба. Тое, што ён адхіліў Васілевіча ад камандавання, не вельмі турбавала камбата, ён ведаў, што камандзір дывізіі не пагодзіцца на тое, ды і сам камандзір палка адумаецца і праз які дзень-другі зноў верне да яго ўладу. Так ужо было не адзін раз і не толькі з ім.