- А ... ты, Света? - спытаў ён.
- Што я?
- Не перадумала? Памятаеш, тады, на ганку, казала...
Зноў вочы ў яе адразу патухлі. Яна не чакала гэтага.
- Мы ж дамовіліся, - стомлена, абыякава сказала яна. У голасе яе знікла шчырасць. - Купляй пляшку ды прыязджай. Я ж толькі на такое і годная.
На гэты раз Аляксей прапусціў міма вушэй яе падазронае самапрыніжэнне. З усёй размовы ў памяці ў яго засталося: “Ксю ў цябе закаханая”. Акрылены гэтымі словамі, успамінаючы іх часта, ён кожны раз адчуваў у сабе спакойную, сталую, мужчынскую ўпэўненасць. Во як, дзве адразу! Прыгожыя, даступныя, і абедзве запрашаюць! Заставалася толькі выбрацца ў горад.
VI.
Вечарам Аляксей сядзеў у Жэні на ганку, і размяклы, добры, назіраў, як сонца заходзіць у хмару. Да Жэневай хаты пад’ехаў знаёмы дачнік, пасігналіў - маўляў, еду ў горад, у машыне ёсць месца, ці не трэба падкінуць. Жэня яшчэ раней, у чаканні выхадных, напакаваў пляменніцам гасцінцаў. На агародзе ўжо расла маладая бульба, раннія гуркі, познія цыбуля і часнок. Плюс “прысмакі” (яны з Рэвутам нядаўна растрыбушылі чарговы вагон).
Жэня - знарок, вядома, бо не такія цяжкія былі гасцінцы, каб самому не ўправіцца, прапанаваў Аляксею:
- Збірайся, паможаш, - а калі той пачаў муляцца, сказаў цвёрда, загадным тонам: - За кампанію!
На ўездзе ў горад пацямнела, пайшоў дождж, дачнік уключыў дворнікі. Каля ўніверсама Жэня папрасіў яго спыніцца, сунуў Аляксею грошы: “На, збегай. Адной вам хопіць?” Пад’ехалі да блочнага пяціпавярховіка, дачнік у машыне застаўся чакаць, Аляксей з Жэнем падняліся на трэці паверх. Дзверы адчыніла Ксю, і адразу ж на пляцоўку прашмыгнула Наста. Адна шчака ў яе была тоўстая ад ваты і перакрыжаваная лейкапластырам:
- А ў мяне - во!
- Бесталковая, - сказала Ксю, радасна, адкрыта гледзячы на Аляксея.
- Дагулялася, дабегалася, пакуль у дзвярах на кухню ледзь шкло галавой не вынесла. Тры швы наклалі.
- Тры! - пацвердзіла з гонарам Наста, растапырыўшы пальчыкі.
Не заходзячы ў кватэру, Жэня паставіў долу ношку.
- Ну, ты пабудзеш? - дзелавіта, нібы між іншым сказаў Аляксею. - Яшчэ два аўтобусы вячэрнія, дабярэшся. А я з дачнікам. Мяне там унізе машына чакае, - патлумачыў ён Ксю. - А дзе Света?
- Спытай што лягчэйшае. У чэха свайго.
- А! Ну, прывітанне ёй, - Жэня нязграбна, віхляючы задам, пайшоў уніз.
- Дык чэх існуе? - разгублена спытаў Аляксей. - Я думаў, ты падманваеш, разыгрывает мяне...
- Яшчэ як існуе. Знайшоў каму верыць - Свеце. Не ведаю, што яна табе абяцала, але верыць ёй - сябе не паважаць.
- Тады, можа, і я паеду? З імі? Пакуль машына...
- Вось смешны. Куды ты паедзеш? Праходзь! Кавы пап’ем.
У дзвярах на кухню шкла ў ніжняй палавінцы не было зусім. Цікаўная Наста і цяпер круцілася пад нагамі.
- Наста, ідзі спаць, - Ксю ўключыла святло, бо за вакном цямнела. - Дождж пачынаецца.
- А ў мяне парасона няма.
- Можа, ён не спатрэбіцца.
- Як гэта?
- Начуй тут.
- А Света?
- У нас два пакоі. Усім хопіць месца. Ды можа яшчэ і не прыйдзе яна. Наста, спаць ідзі...
Ён падумаў пра маці, што не папярэдзіў яе. Як малы. Маці пачне хвалявацца, пабяжыць да Жэні. Што ёй Жэня скажа? Што твой сын у маіх пляменніц начуе? Ксю сірата, не разумее, як гэта - калі за цябе перажывае родны чалавек.
- Аляксей, ты есці хочаш? Катлеты з макаронамі.
- Ты ўмееш гатаваць?
- З дванаццаці гадоў усё, што хочаш, - з гонарам адказала яна. - Наста, ты ж паела! - ідзі спаць...
У яго адразу пацяплела на душы. Ён не чакаў, што яна можа быць такой хатняй. Разам з тым яго не пакідала адчуванне, што ўсё, што тут адбываецца, трохі несапраўднае - вось як нібы дзеці гуляюць у “абедкі”, ці ў “тату-маму”.
Але катлеты, макароны, і яго гарэлка, і Жэневы каўбаса з памідорамі - усё аказалася сапраўдным. Аляксей піў, і еў, а насупраць яго, стараючыся пераймаць яго рухі, ела Наста. Сама Ксю, як і належыць гаспадыні, за стол не прысела, пакуль не здаволяцца госці. Яна стаяла, скрыжаваўшы на грудзях рукі. Дождж даўно барабаніў па шыбах. Залева! І ад гэтага, ды яшчэ ад хмелю ў галаве, знікала адчуванне часу - здавалася, што вельмі позна ўжо. Нарэшце Ксю адвяла малую Насту з парэзанай шчакою спаць.
“Давай святло выключым і будзем глядзець на дождж”, - прашаптала яна, вярнуўшыся.
Выключылі, пачалі глядзець. Не змаўляючыся, абое перайшлі на шэпат: ці то ад таго, што чалавек спіць, ці то прыцемкі, такія ўтульна-інтымныя, спрыялі гэтаму.
“А ведаеш, можа, мы разам будзем вучыцца. Я таксама паслала дакументы ў Мінск. І мне адказалі! Адказалі, што нават калі не паступлю, увосень, як будзе недабор, мяне могуць прыняць як сірату і як з чарнобыльскай зоны. Праўда, пасля вучобы абавязкова давядзецца вярнуцца назад...”
“І ты думаеш вяртацца?”
“Я думаю, мы абое паступім і будзем разам”, - прашаптала яна.
Яму ўспомнілася Свеціна сватаўство. Ад прыцемак, ад роўнага стуку кропляў па шыбіне, ад спіртнога, а галоўнае, ад дзявочага блізкага шэпту так цёпла, так спакойна было. Ён выпіваў грамаў па пяцьдзясят перыядычна.
“Сядзь мне на калені”.
“А, хітры”, - і адразу ж села.