Читаем Ксю полностью

- Не можа быць. Не веру. Няўжо ты ўсім задаволены? І нічога не хацеў бы вярнуць, паправіць?

Усё ж яна заводзіла яго. Яму таксама захацелася пагаварыць сур’ёзна.

- Ведаеш, Ксю, мне кожны год здаецца, што я быў шчаслівы акурат у такі ж час у мінулым годзе. Я калі-нікалі спрабую зафіксаваць гэта, хачу замарозіць адчуванні, спыніць імгненне, ухапіць нюхам, зрокам, рукамі ўсе незлічоныя дэталькі, каб яны не сплывалі так хутка, так непазбежна...

- А казаў, мы кожную хвіліну паміраем.

- ...І пачынаю разумець, што быў шчаслівы менавіта ў тыя моманты, калі здаваўся сабе няшчасным, што кожная сённяшняя нязначная дэталь, маленькая падзея, нават адсутнасць падзеі - гэта цэлае шчасце ў будучым; трэба толькі, каб яно адфільтравалася часам.

- Смешны ты, - прамовіла яна. - Ніяк не змяніўся. Цяжка цяпер такім.

- Наадварот! Калі я думаю пра маладых, пакаленне 15-гадовых - вось каму не пазайздросціш! Як яны разбіраюцца ў гэтай каты? Колькі ў іх спакусаў, колькі верагоднасцей краху, катастрофы!.. Увесь час у стане выбару, усюды трэба паспяваць, круціцца, ірваць, хапаць, ні ў чым не сумнявацца, быць упэўненым, “паспяховым”, жорсткім... У іх няма нашага вопыту, мы хоць ведалі, што такое добра, што - кепска, яны і гэтага не ведаюць. Як ім элементарна ацалець, выжыць, не звар’яць, колькі трэба мець у запасе цынізму і подласці - што, можа, і някепска для выжывання, але дзе іх узяць, гэтыя цынізм і подласць, яны ж таксама талент, не кожнаму дадзены. Не паверыш, я радуюся, што мне пашанцавала, і гэты час заспеў мяне не маладым, а пад сорак. Дай мне цяпер 15-гадовыя мазгі - прападу, звіхнуся. А так - вазьміце мяне цяпер, можна ўмыць рукі і адысці ўбок.

Ён заўважыў, што Ксю хвалюецца. Яна ўжо трэцюю цыгарэту дакурвала.

- У цябе, аказваецца, выдатна адладжаны абарончы механізм. Ты як віеўскім кругам сябе абвёў, і ні пераступіць яго, ні прабіць. Усё ў цябе роўна, гладка, складна, распланавана, разлічана.

- Ну што ты, Ксю, - сумеўся ён. - У мяне акурат-такі нічога не атрымалася. Гэта ў цябе ўсё здорава, роўна і гладка, гэта ты ў параўнанні са мной усяго дабілася...

- Спытай, якой цаною. Я прайшла праз усё, што ты зараз казаў. Даводзілася і круціцца, і рваць, і кусацца, і быць цынічнай, і подлай... Так што дарэмна ты мяне хваліш. Ты нічога не страціў, толькі набыў, ты стаў лепшы, а я - горшаю.

Х.

Яны вярнуліся на кухню. Настала няёмкая паўза, якая сведчыла, што трэба мяняць тэму.

- А прызнайся, ты крыўдуеш на мяне, - ціха сказала Ксю. - Я падабалася табе, ты хацеў мяне. Я помню тую ноч, я сядзела ў цябе на каленях... Мы глядзелі на дождж... Памятаеш тыя залатыя часы?

Яна, не міргаючы, глядзела на яго. Чырвань на шчоках, паўраскрытыя вусны. Складзенымі накрыж рукамі яна абдымала сябе за плечы, нібы ёй холадна было. Тут, на кухні, пры такім асвятленні і ў такім ракурсе Дарафей упершыню ўбачыў, што яна змянілася; гэта ўжо не дзяўчынка, не яго Ксю, што і праўда яна, відаць, прайшла праз многае, перш чым стаць такой.

Раптам яму страшнавата зрабілася ад немігаючага позірку гэтых вачэй. Нешта гіпнатычнае, вядзьмарскае, містычнае з’явілася ў ёй (а можа, і заўсёды было). Нічога дзіўнага, што яе кліенты ніякавеюць перад ёю, яна не хваліцца, а так і ёсць, - і пачынаюць распранаць перад ёю душы. Яшчэ яму прыйшло ў галаву, што сярэднявечную інквізіцыю можна ў некаторых рэчах калі не апраўдаць, дык зразумець.

Яна адвяла вочы.

- Аляксей, у нас мала часу. Я хачу сказаць... Ты можаш святкаваць перамогу, - сказала з разгубленай, бездапаможнай усмешкай. - Ты выйграў. Божа, якая я дурная была! Якая вінаватая! Усе гады адчуванне, што зрабіла балюча чалавеку, які адзін па-сапраўднаму кахаў мяне... Я ведаю - гэта з-за мяне ты не жаніўся. Аляксей, пакуль у нас ёсць час... Мы адныя. Трэба карыстацца момантам. Дай мне шанец выправіць віну. Цяпер ужо я ў цябе прашу. Пайтттлі? Вунь пакой, там ложак.

- Ксю...

Ён пацягнуў яе да сябе, пасадзіў на калені і абняў. Яна аддана, гатоўна, з удзянасцю прыціснулася да яго. Горача зашаптала:

- Дарагі мой, дзякую... Як я чакала гэтага дня, гэтага моманту! Ты ўявіць не можаш, як дзяўчыне, жанчыне жыць з гэтым, насіць у сабе! І чым хутчэй бяжыць час, а ён бяжыць, тым цяжэйшы робіцца камень на шыі... Псіхолагі, маючы справу з не нормаю, самі набіраюцца негатыву. У мяне нейкая псіхалагічная траўма. Аляксей, мне вельмі цяжка, я хачу ў нашу вёску, у наша лета, у свае сямнаццаць! У мяне не жыццё, а існаванне, мне так адзінока, у мяне бяссонніца, я не ведаю, дзеля чаго жыву... Хочаш праўду? Я па-ранейшаму кахаю толькі цябе... я нават у ложку з мужам цябе ўяўляю на яго месцы!

Яна паднялася і ўзяла яго за руку, прапануючы ісці за ёю. Ён застаўся сядзець.

- Ксю... Мы ж сябры... Ты мне сястра...

Яна ўсё яшчэ не разумела, што адбываецца.

- Аляксей, у нас мала часу! Пятнаццаць год назад не была сястрою, калі ты ціскаў мяне ў сябе на каленях.

- Малады быў, п’яны... Кроў гарачая, дурная...

Яна выпусціла яго руку.

- Вось як? І... толькі?!

Перейти на страницу:

Похожие книги