Праца, як ні круці, красавала толькі выгодамі: някепскі заробак, людскія умовы, жыллё ў цэнтры горада ды яшчэ і пісталет у кішэні. І ўсё на законных падставах! Бацька Яўхім і памысліць пра гэткае не мог, аддаваўшы колісь сына ў гімназію. Аляксандр сам доўга не мог паверыць у раптоўнае шчасце. Як жа ж, меўся досвед нешанцавання, калі ў часе прызыву на зборным пункце ён выцяг нешчаслівую паперчыну жэраб’я і мусіў на паўтары гады пайсці ў войска. Служыць давялося пад Яраслаўлем. Аляксандр дзякаваў Богу за тое, што ў Расіі не пачалася чародная рэвалюцыя, а таксама маліўся, каб ягоны полк не быў кінуты куды-кольвек к чорту лысаму пад зубы ва Ўрэнхайскі край. І сапраўды, акром муштры і салдацкае дружбы, яму ў войску нічога не назаляла, бо духоўны голад ён спатольваў чытаннем “Нашай Нівы”. Да апошняга прыахвоціўся яшчэ ў Гомелі амаль перад самым прызывам, калі найцяжэйшае з пытанняў да самога сябе – “Хто я?” —урэшце атрымала выразны ды беспаваротны адказ: беларус. Падчас службы ён не проста ўважліва прачытваў кожны нумар, а нават завучваў напамяць і, стоячы на варце ля складоў, асабліва начыма, гартаў тую невідочную падшыўку, што неўпрыкмет для камандзіраў месцілася ў яго галаве. А дужа ж падабаліся жаўнеру-беларусу вершы маладога паэта, які іх дасылаў у “НН” акурат з Яраслаўля. Не зважаючы на жаданне пазнаёміцца з таленавітым творцам, намеры адшукаць яго так і засталіся намерамі, хаця пад канец службы старшы унтэр-афіцэр Аляксандр Шалюта меў рэчаісную мажлівасць іх ажыццявіць.
Па вяртанні дадому варыянтаў далейшага жыцця была ўсяго жменя якая. Льга было, напрыклад, пакінуць Гомель і адправіцца ў які-кольвек настаўніцкі інстытут. Можна было б паспрабаваць уладкавацца ў паліцыю, але душа да гэтага не ляжала, а пратэкцыі не было. Без праблемаў можна было ўладкавацца чарнарабочым на чыгунку ці ў порт, каб апынуцца сярод гушчы габрэйскага пралетарыяту, што слаба знаўся у справах беларускага адраджэння. Бацькі нічым парадзіць не маглі, як не мелі спосабу наогул дапамагчы, бо гадавалі ў далекаватай Несцераўцы яшчэ восем сыноў і дачок.
Работа ў Руска-Азіяцкім банку падвярнулася нечакана. Адзін знаёмец, колішні сугімназіст, прапанаваў дырэктару гомельскай філіі кандыдатуру Аляксандра. Дырэктар, пачуўшы пра беларуса, які выдатна скончыў гімназію, а ў войску даслужыўся да унтэр-афіцэрскага чына, адразу ж пагадзіўся запрасіць таго на сумоўе. Сумоўе прайшло гладка, і нават падкопныя пытаннейкі дырэктаравага намесніка па кадрах не збілі дзецюка з панталыку. Шалюта атрымаў у выніку месца кур’ера і дадатковага вартаўніка. “Second security”, – нібыта па-ангельску прамовіў кадравік, каб не псаваць слых шматаблічным расейскім “сторож”. Зрэшты на старажаванне другая задача была падобная мала. Яна ўвогуле вынікала толькі з таго, што дах над галавою Аляксандр атрымаў не абы-дзе, а ў тым самым банкаўскім будынку на паддашку (penthouse). Таму Шалюта проста мусіў спачываць, прыхаваўшы пад падушку пісталет, а ў разе небяспекі рабаўніцтва – збройна прыйсці на першы паверх у помач ахове. “Рабунак у цэнтры горада? Хіба гэткае ўвогуле магчыма за вярсту ад княскага палацу і за паўтары ад паліцэйскае ўправы?” – разважаючы пра ровень бяспечнасці прапановы, пытаўся Аляксандр сам у сябе. Лішні шэлег за спаннё з пісталетам быў цалкам дарэчным, бо яго ставала не толькі на падпіску ўлюбёнае газеты, але і на амаль штотыднёвае наведванне з каханкай нятаннай рэстарацыі “Мядзведзь”. А быў яшчэ ж і асноўны – кур’ерскі заробак! Самы момант настаў як галушка па масле плаваць, дзелячыся час ад часу кавалкам гэтага масла з бацькамі…
Усё было б зусім цудоўна, калі б не думка пра заганнасць вакольнай рэчаіснасці. Яна з лішкам кампенсавала ўяўную адсутнасць грашовых клопатаў, занурвала сэрца ў такою смугу, якая горкім дымам выядала вочы. Аляксандр цікавіўся гісторыяй, але прачытаных кніг не ставала, каб самастойна дайсці да цяму, што ж адбываецца навокал. Ён ніяк ня мог уразумець, чаму на зямлі беларускай няма беларускіх гарадоў, чаму беларусы апынуліся пераважна за гарадскою рысай – у вёсках, нібы амерыканскія індзейцы ў reservation. Гэта яго вельмі дапякала, бо меў геніяльную неасцярожнасць памысліць пра стварэнне беларускай дзяржавы. Быццам смаляная стрэмка, думка тая засела ў галаве, і не было такой шпількі ці іголкі, здатнай вярнуць ранейшы спакой…