Але (каторым разам паўтаруся) не зналі мы нічагуські пра тое і любілі Войслава кажны па-свойму. Стрэл падаўся сігналам небяспекі ягонаму жыццю. Мы былі гатовыя на што-заўгодна, каб атрымаць вестку ад яго ці пра яго. На нашую спагаду махірскі трэст і спадзяваўся. Адылі так адразу скарыстаць з яе (спагады) яны не наважваліся. Магло б быць дужа падазроным. Дык жа ў здзяйсненне быў прыведзены апошні гвозд праграмы – “брат Паўла Аляксандрава” з неверагоднай легендай, у якую ўблыталі і кагадзе памянёную тут гаспадыню пансіёна пані Шрэйдараву. Наталля Клыкоўская ў неверагодным хаўрусе з Ірэнай Главацкай наляглі на Ляхоўскага (нашага “глузданутага прафесара”), каб той адшукаў у забойствах мянчанак якую-колечы агульнасць, сістэму. А ён іх адправіў Біблію ўважліва перачытаць. Мабыць не доўга яны сядзелі над Святым Пісьмом, бо Клыкоўскую нейкая халера панесла на вуліцу Вясёлую, дзе барадаты чалавек, падобны на Паўла, адмераў ёй неўмеркаванай меры поўху, ажно тая, перапрашаю, на сраку села. Яна разважыла, што паранены ў правіцу нарачэны не мог, калі б нават і схацеў дужа, гэтак перацяць ёй па твары. Але ёй лішняй клёпкі ў галаве не дастала, каб скеміць, што рана, нанесеная Аляксандраву наконадні, была адно ранай у двукоссях. Недарэмна ён тады па-зухвальску адкруціўся ад помачы доктара Акімовіча. Так Клыкоўскую запэўнілі ў тым, што ў горадзе ёсць нехтачка выкапаны Павел, і гэты таямнічы нехтачка вельмі варожа да яе настроены. Гэта змусіла яе скінуць свае майткі[8] і наўпрост запытацца ў Аляксандрава пра двайніка. Зноў жа ў ейных роспытах удзельнічала і нечаканая сяброўка Главацкая. (Ніяк не магу ўцяміць падставаў і сэнсу іхнае супольнасці!). Той да роспытаў быў падрыхтаваны. Безумоўна не абышлося без напусканага манэжання, пасля якога было наплецена столькі кашалёў у лапцях, што нават грушы з вербаў паападалі. Канкрэтыкі я не ведаю, але хлусня была неймаверная, што ў яе міжволі можна было паверыць. Гэта была сага пра ўнучку турэцкага султана пані Шрэйдараву, якая, нібыта, воляй лёсу апынулася тут, у Літве, панесла ад нейкага паўстанцкага камандзіра ці былога філарэта і спарадзіла двойню. А бацька блізнюкоў тым часам прапаў дзесьці. Маці не мела мажлівасці гадаваць двох сыноў, дык мусіла аддаць аднаго дзіцёнка Аляксандраву-старэйшаму, чыя жонка ніяк не магла нарадзіць. Шрэйдарава не афішавала сваім сынам, аддала ў магаметанскую школку, дзе ён без матчынае ласкі ад розуму адыйшоў і пра кепскае ўздумаў. Павел мо’ быў у сваім аповядзе больш маляўнічым, чым я зараз, бо тыя глупічкі ўсенька ўважылі за чыстую манету. Апавядач адхрысціўся ад звінавачанняў наконт собскага ўдзелу ў братавых справах. (Вашэць бачыць, як гэта няпроста тлумачыць, бо ўяўнае незаўжды супадае з рэальным, а рэальнае вымагае частых удакладненняў!) Гаварыў ён, верагодна, і пра каханне да Клыкоўскай, пра ранейшае нежаданне лякаць яе гэнакім сваяцтвам, ад таго, маўляў, і маўчаў. Наталля, баржджэй за ўсё, як звычайна разрумзалася ў абдоймах нарачэнага. А Ірэна згадала пра Войслава. Якой логікай паслугоўваўся Павел, каб давесці, што Боўт знаходзіцца ў руках “вар’яцкага браціка”, мне няведама. Пра факт такой размовы я даведалася значна пазнейшым часам. Яны ж маўчалі: Наталля і Ірэна дзеля таго, каб знайсці свайго каханка, Павел – для добрга ажыццяўлення іх з Баўтом задумы. Раптоўнае здарэнне з Шрэйдаравай (пад Менскам ейная карэта апынулася ў вадзе і яна загінула ад тых ападзінаў, бо, гаварылі, шклом галаву ёй адцяла) ручыла ім, бо віну за трагедыю ўзвалілі на няіснага Анаксімандра Шрэйдара. Зрэшты мой муж Вацлаў і тут меў сваю адметную думку, лічыўшы, што Боўт па-просту хаваў у ваду канцы сваіх злачынстваў.