Па маладосці, недасведчанасці і адданасці парывам рамантызму я наведвала тады зборкі сваіх раўналеткаў, што захапляліся ўсім краёвым. Мы былі блазнотай, рунню. Нам трэ’ было яшчэ падымацца а падымацца на гару праўдзівае пальшчызны. Збіраліся мы ўдома ў Паўла Аляксандрава, каб пагутарыць пра размаітыя цікавінкі тутэйшай гісторыі, стара- і новажытнай літаратуры ды фальклору. Льга сказаць, што сходкі гэныя нечым напаміналі філамацкія, але без усялякіх папераў, статутаў etc. Не было для іх нават назвы. Заўсёднікі гаварылі проста «У Паўла» або “Гарбатка ў Паўла”, а звонку ўсё нагадвала вячоркі з распіццём гарбаты. Сярод станаўкіх удзельнікаў гэтых пятніцовых вечароў былі нарачэная Паўла пані Наталля Клыкоўская, паны Вінцэнт Вятрыска, Чэслаў Драбышэўскі, Людвік Ляховіч, Вацлаў Акімовіч-Загорскі. Завітвала іншы раз Ірэна Главацкая, пра якую я ўжо пісала. Акурат да Паўла дзесь увосень і заявіўся Войслаў Боўт, каб здзівіць усю пачэсную грамаду. Ён наўмысля прыцягваў да сябе нестандартнымі думкамі. На хвалі захаплення краёвасцю мы маглі праглынуць кожную нажыўку, абы вялося пра родныя мясціны, журчанне ручаёў ды шолах грушаў. Сапраўды, цяжка было не зачаравацца версіяй пана Баўта пра наваградскае паходжанне знанага «Слова о полку Игореве», хаця цвёрда ведалі, што Наваградак у летапісах упершыню згадваецца пад 1252 годам. Неверагоднымі довадамі, аргументамі ён пераконваў усіх, што Наваградак насамрэч значна старэйшы і ўспамінаўся недацеклівымі летапісцамі ў больш раннія часы – часы Ўсяслава Чарадзея, а сам князь-ваўкалак хадзіў з паходам менавіта туды, а не ў Ноўгарад Вялікі, як зразумела бальшыня даследнікаў. Прычынай пахода Боўт абвяшчаў тое, што ў Наваградку сядзелі варожыя полацкім інтарэсам продкі Міндоўга ды ўцекачы з кіеўскіх земляў. Сярод такіх уцекачоў, ён лічыў, быў і аўтар названага твора. Адылі пан Боўт не быў дарэшты упэўнены ў арыгінальнасці апублікаванай расійцамі версіі: адзначаў чысленыя падчысткі, устаўлянкі, наўмысля перамяшчаныя акцэнты. Прыкладам ён аспрэчваў мажлівасць прысутнасці ў арыгінальным тэксце «Слова» лаянкавых матываў у бок літвы, бо аўтар сам між літвы жыхарыў, а значыць не мог так нахабна пляваць у студню, з каторай піў вадзіцу. Хтось падтрымаў гэныя высновы, адцеміўшы недарэчнасць спалучэння «кости сынов русских» у фрагменце пра нямігскую сечу на той падставе, што ў бітве загінулі не русічы, а крывічы. Войслаў Боўт на гэта запярэчыў: «У 1067 годзе пад Менскам кіеўскія войскі былі разбітыя, і аўтар слушна адцеміў гэную акалічнасць. А летапісцы ўсенька перабрахалі». Каларытная народня гаворка з яго вуснаў таксама прываблівала і асляпляла. Хаця сягоння я ясна здаю сабе справу з таго, што многае моўленае і цытаванае ім было чысцюткаю містыфікацыяй. Боўт абярняся прыдумваў розных «беларускіх паэтаў» – жывых і мёртвых. З прозвішчаў прыдуманых ім вершапісцаў памятаюцца такія, як Багрым, Смуры, Двубусловіч, Чарноцкі. Войслаў Боўт быў настолькі пэўным у собскай пераканаўчасці, што нават брата нашага слыннага Адама Міцкевіча ў таварыства да «беларускіх паэтаў» прыпісаў. Між тым Аляксандр Міцкевіч, наколькі я ведаю, быў прававедам і на ніве паэзіі, хоць бы польскай, не адзначыўся. А тут ні ў плот, ні ў азярод радкі нібыта ягоных вершаў гучаць!
Ніхто тады, прызнацца, не браўся выказваць сумлевы ў праўдзівасці гэтых і многіх іншых вершаў, бо мы ўсе перабывалі ў пачаканні сэнсацыі, і кажная намінка на яе ўспрымалася з эўфарыяй. Боўт жа, падкрэсліваю зноў, старанна з тых чаканняў-эйфарыяў карыстаўся. А Павел Аляксандраў, як ні цяжка мне дзяліцца гэтым запасочаннем, верагодна ва ўсім яму пасабляў. Менавіта Павэлак падымаў хвалю усіхнага захаплення вымудрамі пана Войслава, рабіў тое, што завецца рэкламай. Яны ўдвох (узноў жа – верагодна) пашчыравалі над тым, каб прынучыць нас паверыць у тое, што бяззвязныя забойствы мянчанак, якія адбываліся тады, ёсць чорнаю справай аднаго і таго крывавага нелюдзя. І адразу ж Боўт пастараўся напусціць містычнае смугі. Ці памятны Вашэці герой дзіцячага фальклору Бабай? Дык вось Бабая гэнага ён паспяшаўся абвесціць забойцам чалядкі паноў NN. А як што ўсе чулі, што да ейнай смерці спрычыніўся гарлівы каханак бядотніцы, то да Баўта зараз жа ўзніклі пытанні. Я цудоўна памятаю той вечар «У Паўла».
– Перапрашаю, – умяшаўся ў містычны маналог Баўта пан Драбышэўскі. – Панове, мы ж жывем з Вамі ў ХІХ стагоддзі, стагоддзі розуму і прагрэсу. Навошта нам ападаць у містыку? Містыка добрая рэч для паэзіі і народнай творчасці. У жыцці яна мала дапаможа. Мяне таксама ў маленстве Бабаем пудзілі, але ж ён ані разочку так і не здолеў матэрыялізавацца. То што цяперака? Спрыяльныя варункі насталі?
Павісла колькіхвіліннае маўчанне, бо ўсе агледзілі ў апошнім пытанні палітычны падтэкст. Боўт жа, нібы і не зважыўшы на гэта, адказаў: