- У Вiтэнбэргу, калi яшчэ там я вывучаў тэалёгiю, мой настаўнiк Мэланхтон меў дыспут з добрым доктарам Марцiнусам у дачынках да вашай пярсоны; гер Пiлiп Мэланхтон лiчыў, што як што вы былi сьведка, як наш Гасподзь Iсус iшоў на Галгофу з крыжам на плячах, дык вы маглi б выказаць пэўныя сумненьнi й адносна таго, што а цi быў ён сапраўдны мэсiя, i тым самым памагчы навярнуць iншых жыдоў у адзiнашчасьцедайную веру; але Лютэр аспрэчыў гэта й сказаў, што жыды ад прыроды сваёй заганныя i перавучыць iх, навярнуць немагчыма.
Яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, палка падбiваючы клiнкi дзеве Барбары, разам з тым у такой меры мала заняты ёю, што мог бы й не пачуць слоў Айцэна, з ухмылкай пацьвярджае, што так яно й было, i што ён на свае жывыя вушы чуў, як абодва вучоныя мужы за ядою схапiлiся за чубы з-за гэтага, толькi пад канец магiстр Мэланхтон замоўк, бо доктар Лютэр такi халерычны й заўсёды трэба апасацца, каб за гарачай спрэчкай яго паляруш не дастаў.
Цi тое акрылены падтрымкай Лёйхтэнтрагера, цi тое ад блiзкасьцi лэдзi, якая з прыемнасьцю даецца яму падказытваць сябе, Айцэнавы думкi адлятаюць зь iм; рэдка калi ён бачыў сьвет так выразна й так просталiнейна аргумэнтавана: менавiта, што ён, карыстаючыся iдэяй свайго настаўнiка Мэланхтона, мог бы так i так ушыць крымiнал Агасфэру, тым часам як сэр цi як яшчэ там сябе ён назаве, выступае перад вялiкай абшчынай жыдоў i iншых, сьведчачы за мэсiю, i тым самым усiх жыдоў разам робiць ворагамi й тым самым прычыняе вялiкую шкоду гешэфту, калi ж ён аднак адмаўляе гэта й выказваецца, што наш Гасподзь Iсус ня быў мэсiя, ня быў сапраўдны Сын Божы, якi за нашыя грахi узяў на сябе пакуты ўсяго сьвету, мудрай радай горада Гамбурга альбо герцагам Гаторпскiм, у залежнасьцi ад месца дыспутацыi, выкрываецца як махляр i фальшыўшчык праўды й з ганьбай праганяецца, калi ня будзе ўвогуле ўтоплены альбо спалены, пасьля чаго Маргрыт мела б толькi адзiн прытулак i аднаго абаронцу, менавiта магiстра Паўля.
Праўда, на жаль пакуль што ў яго няма пасады й аўтарытэту, каб iнстытуяваць такi spectaculum, i гер галоўны пастар Эпiнус, у гэтым ён пэўны, у сваёй зацятасьцi супроць жыдоў i супроць яго самога таксама ня зробiць гэтага; але яшчэ ня вечар, думае ён, i чаго сёньня нямаш, можа заўтра трымаш, i таму ён сьвiдруе далей i кажа жыду:
- Цi можна на вас разьлiчваць, сэр Агасфэр, што вы пасьведчыце, як вы ў Гэльмштэце перад прынцэсай Трапезундзкай i перад усiм народам зрабiлi, што бачылi нашага Госпада Iсуса ў плоцi й што ён быў тым, кiм быў?
Тут лэдзi, мабыць таму што сёньня яна ня хоча нiчога чуць пра прынцэсу Трапезундзкую, закiпае гневам i кажа:
- Што вам такое ў галаву завярнула, гер магiстр! Вы ж бачыце, сэр Агасфэр тут па справах гешэфту, а ня рэлiгii, зь якою кожны можа абыходзiцца, як сам хоча, будзь ён жыд цi хрысьцiянiн.
Але гэта ўжо ўпоперак усяму, чаго ён навучыўся ў добрага доктара Марцiнуса й iншых вучоных гераў, i ён кажа:
- Баранi Божа, лэдзi, каб кожнае верыла, як яму ў галаве заверне, каб хрысьцiла дзяцей альбо не, як яму зручней, каб прымала сьвятое прычасьце пад адным альбо двума вiдамi, як яму, бач, смачней; у большай меры рэлiгiя гэта справа начальстваў i агульнага парадку, iнакш тут будзе кiшэць рознымi баламутамi, чмутамi, чарадзеямi й лiхадзеямi, ератыкамi й бунтаўшчыкамi, што царкве й законам - амба; ёсьць толькi адна праўда, i яна зразумела выкладзена таксама й жанчынам у катэхiзiсе доктара Марцiнуса Лютэра, i таму было б вельмi пахвальна, калi б сэр устаў перад усiмi жыдамi й сказаў пра тое, як ён сам гутарыў з Госпадам Iсусам, якi быў наканаваны збаўца альбо мэсiя i што жыдам з гэтай прычыны няма чаго чакаць нейкага iншага мэсii i яны з добрым i чыстым сумленьнем могуць навярнуцца ў адзiнашчасьцедайную веру.
Лэдзi Маргрыт бачыць, зь якiм запалам магiстр змагаецца за догмат веры, i думае, што ну нiяк ня можа справа навароту жыдоў аж так далягаць ягонаму сэрцу й што за гэтымi настойлiвымi словамi а цi не ляжыць якi-небудзь iншы iнтэрас, але ня ведае, якi, i ўжо хоча адказаць яму рэзка й востра; а жыд, каб улагодзiць яе, кладзе далонь на яе руку й кажа, што дзякуе геру Айцэну за ягоныя вялiкiя турботы пра душэўныя даброцi ягоных братоў па веры i што падумае: рабi быў адзiн такi, пра каго можна вой колькi ўсяго расказаць, як i пра чатырох евангелiстаў, якiя больш чым у адным толькi пункце ня сыходзiлiся ў думцы; але ж вось, ён запрашае гасьцей у дом, бо вось маеце - прыйшлi.