Тым не меней я спяшаюся дастацца на вышыню Вашых прапановаў, наколькi яны дазваляюць быць неадкладна рэалiзаванымi. Вы знойдзеце прыкладзеныя ў дадатку тры фотаздымкi. Адзiн з iх прадстаўляе гера Агасфера перад будынкам шавецкай майстэрнi на вулiцы Вiа Далароза-Дарозе Смутку; астатнiя дзве выкананы ў традыцыйнай форме, адна en face, вiдаць правае вуха, i адна ў профiль; гэтыя здымкi паходзяць, каб ужо сказаць пра гэта адразу, не з палiцэйскай картатэкi, хоць былi, каб задаволiць Вашыя магчымыя прэтэнзii, знятыя палiцэйскiм фатографам. Пры больш пiльным разглядзе Вы распазнаеце, што зняты несумненна мужчына з характарам, iнтэлiгентны, i - звярнiце ўвагу на рот i вочы! валодае пачуццём гумору; дазволю сабе яшчэ зазначыць, што жанчыны праяўляюць да яго неабыякую цiкавсць, тым болей, што ён малады.
Далей, i зноў следуючы Вашым пабуджэнням, глыбокапаважаны гер калега, я правёў судова-медыцынскае абследаванне гера Агасфера. Яно было праведзена прафесарам Хаскелем Мейеровiчам, кiраўнiком Судова-медыцынскага iнстытута Яўрэйскага унiверсiтэта; прыкладзеная дакументацыя сведчыць, што абследаваная асоба адпавядае канстытуцыi мужчыны прыкладна сарака гадоў i не носiць на сабе нi слядоў значных цялесных траўмаў, нi прызнакаў хранiчных хваробаў. Аналiз крывi даў, праўда, вынiкi, якiя пабудзiлi прафесара Мейеровiча, прыцягнуць да даследавання д-ра Хаiма Бiмштэйна з Радыялагiчнага iнстытута унiверсiтэта. Апошнi змог пацвердзiць, што ў крывi абследаванага фактычна знаходзяцца сляды элементаў радыёактыўных рэчываў з перыядам паўраспаду мiнiмум у дзве тысячы гадоў, што ўказвае на тое, што гер Агасфер можа быць яшчэ старэйшым, чым гэта лiчылася дагэтуль, а не беспасрэдна датычыцца часу нараджэння Iсуса з Назарэта. Адзiн экземпляр падпiсанага абодвума дактарамi заключэння прыкладваецца да матэрыялаў.
Я таксама меў намер напiсаць Вам кароценькае паведамленне з апiсаннем маiх асабiстых назiранняў за падзеямi апошнiх дзён у Варшаўскiм гета i не толькi таму, што мой сябар Агасфер адыграў у iх пэўную ролю, а таму, што такiя факты Вас як грамадзянiна адной з германскiх дзяржаў павiнны асаблiва крануць. На жаль, альбо лепей сказаць, на маё задавальненне, перашкодзiў у гэтым мой iншы абавязак, менавiта - паездка ў Стамбул, дзе, як Вам напэўна будзе вядома, у былым сералi калiфа знаходзiцца архiў Высокай Порты.
Дзякуючы ласцы куратара, прафесара Кемаля Дэнкташа, мне нарэшце было дазволена папрацаваць у архiве, i я знайшоў там, што даўно ўжо шукаў, а дакладней - дакументацыю аднаго працэсу супроць былога радцы iмператара Юлiяна Апастаты. Працэс адбыўся a.d. 364 (у 364 г.), праз год пасля гвалтоўнай смерцi iмператара, i адным з абскаржаных сапраўды быў яўрэй з iмем Агасфер. На жаль, пашкоджаны рукапiс утрымлiвае ў сабе фрагменты абвiнаваўчай прамовы Грэгара Нацыянца, пазнейшага патрыярха Канстанцiнопальскага, у якой апошнi закiдае ў вiну Агасферу, што ён "падкопваў Апастату з мэтай прадухiлення хваляванняў i перавароту, накiраваных на падрыў царкоўнага i дзяржаўнага ладу як у Рыме, так i ў Царстве Божым, падбухторваў хрысцiян да бунту i патрабаваў, каб хрысцiянскiя бiскупы вярнулi ўсё, што яны нарабавалi ў храмах i сiнагогах."
Агасфер меў магчымасць абараняцца; я здолеў, паколькi пергамент у гэтым месцы быў моцна папсаваны, расшыфраваць толькi некалькi фрагментаў з яго выступу, але нават iх толькi часткова. У кожным разе, з расшыфраванага вынiкае, што ён нiбыта заявiў, быццам Iсус, якога шанавалi хрысцiяне, не быў нi сын яўрэйскага бога, нi чаканы яўрэямi месiя, а просты равiн, прадказальнiк i рукапаложнiк, адзiн з тых, што i сёння займаюцца гэтым, а вучэнне, якое практыкуецца ад яго iмя, гэта не што iншае, як малазразумелая мешанiна з таго, што з сябе ўяўлялi самi яўрэi, - гэта даўно асудзiлi i адкiнулi грэкi. А ён, Агасфер, усё добра ведаў, бо знаў Iсуса асабiста i нiбыта сам гутарыў з iм.
Канец дакумента сведчыць наконт пакарання абскаржанага: Агасфер мае быць чвартаваны. Вы i я, паважаны гер калега, згодныя ў тым, што царква на працягу сваёй гiсторыi ўчыняла шмат жорсткiх акцый; як i кожная ўгрунтаваная на догмах арганiзацыя, яна не даруе нiкому, хто хоць у дробязi ставiць пад сумненне яе вучэнне.
Я дапускаю, што вынiкi маiх росшукаў у архiве Высокай Порты Вас асаблiва зацiкавяць, таму што Вы ў Вашай старанна выверанай кнiжцы "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання" ў раздзеле "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда" зазначаеце, што легенда ёсць адносна позняя версiя, а iмя "Агасфер" наогул узнiкае толькi ў сувязi з больш познiм iмем шлезвiгскага суперiнтэндэнта Паўля фон Айцэна, пра якого ў некаторых друках пададзены надзвычай сумнiўныя звесткi, нiбыта ён у студэнцкiя гады ў Вiтэнбэргу цi непадалёк ад горада сустракаўся з Вечным Жыдам. Гэты Айцэн мне таксама вядомы як пустагаловы славалюбец, але, як м. iнш. даказвае мая знаходка ў архiве Высокай Порты, гэта нi ў якiм разе не абвяргае ранейшага сведчання на карысць iснавання Агасфера.